Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысяжныя ў ЗША рыхтуюць вэрдыкт у справе Манафорта

Пол Манафорт
Пол Манафорт

У ЗША, у фэдэральным судзе гораду Александрыя, штат Вірджынія, прысяжныя пачалі абмяркоўваць вэрдыкт у справе былога кіраўніка выбарчага штабу Дональда Трампа Пола Манафорта, якога спэцпракурор Робэрт Мюлер абвінавачвае ў адмываньні грошай, ухіленьні ад выплаты падаткаў і змове супраць ЗША. Чакаецца, што рашэньне будзе гатовае цягам бліжэйшых дзён, паведамляе Reuters.

Гэтаму папярэднічалі два тыдні судовых пасяджэньняў, у часе якіх сьведкі, у прыватнасьці, распавялі пра тое, як 69-гадовы паліткансультант выдаткаваў 16 мільёнаў долараў, якія ён, як лічыць сьледзтва, схаваў ад падатковай службы.​


Reuters: экс-кіраўнік кампаніі Трампа браў пазыку ў расейскага мільярдэра

Паводле вэрсіі абвінавачваньня, гэтыя сродкі ён зарабіў лябіяваньнем інтарэсаў былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча і яго Партыі рэгіёнаў, а таксама ў выніку фінансавых махінацыяў і атрыманьня крэдытаў праз падман. Заробак, як сьцьвярджаецца, пайшоў на куплю нерухомасьці і прадметаў раскошы.

Адвакаты абвінавачанага ўскладаюць віну за магчымыя злачынствы на былога калегу Манафорта Рыка Гэйтса, а таксама памочнікаў і бухгальтараў свайго падабароннага, якія, маўляў, падманулі давер шэфа. Гэйтс, якому Мюлер таксама выставіў абвінавачваньні, прызнаў сваю віну і вырашыў супрацоўнічаць са сьледзтвам.

Гэта першы суд над Манафортам пад кіраўніцтвам Мюлера ў рамках расьсьледаваньня аб расейскім умяшаньні ў выбары прэзыдэнта ЗША. Яшчэ адзін працэс пачнецца 14 верасьня.

Манафорт узначаліў выбарчы штаб кандыдата ў прэзыдэнты ЗША Дональда Трампа ў сакавіку 2016 году, аднак пакінуў гэтую пасаду ў жніўні — неўзабаве пасьля зьяўленьня інфармацыі аб тым, што Манафорт ад 2007 па 2012 год мог нелегальна атрымаць больш за 12 мільёнаў даляраў ад Януковіча і пракрамлёўскай Партыі рэгіёнаў.

XS
SM
MD
LG