Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы віцэ-прэмʼер: вярнуцца да паўнавартаснай інтэграцыі ў ЭАЭС ці панізіць яе ўзровень


Васіль Мацюшэўскі
Васіль Мацюшэўскі

Краінам — удзельніцам Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) неабходна вярнуцца да паўнавартаснай інтэграцыі ці панізіць яе ўзровень. Пра гэта 15 жніўня заявіў першы намесьнік прэмʼер-міністра Васіль Мацюшэўскі, выступаючы на канфэрэнцыі «Эўразійскі эканамічны саюз: стратэгія далейшага разьвіцьця» ў Менску, перадае БелаПАН.

На думку Мацюшэўскага, для Беларусі паглыбленьне эканамічнай інтэграцыі на постсавецкай прасторы зьяўляецца «усьвядомленым і прадуманым выбарам, перадвызначаным усёй хадой нашай гісторыі, геаграфічным становішчам, структурай эканомікі і рынку працы».

«У той жа час інтэграцыя не зьяўляецца самамэтай. Абʼектыўныя выгады для краіны, бізнэсу, грамадзян ад інтэграцыйных працэсаў могуць, на жаль, нівэлявацца невыкананьнем дасягнутых дамоўленасьцяў альбо іх рэвізіяй. І тады ў самым нявыгадным становішчы аказваюцца бакі, якія добрасумленна выконваюць правілы» — падкрэсьліў першы віцэ-прэмʼер.

На мінулым тыдні, наведваючы Гомель, кіраўнік дзяржавы выступіў з рэзкай крытыкай палітыкі Расеі ў межах ЭАЭС, Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Расею ў парушэньні правілаў саюзу: «Расейцы паводзяць сябе па-барбарску ў адносінах да нас, публічна пра гэта кажу. Яны ад нас патрабуюць чагосьці, як быццам мы васалы ў іх, а ў рамках ЭАЭС, куды яны нас запрасілі, яны выконваць свае абавязацельствы не жадаюць... мы заціснутыя, на жаль, з Усходу нашым старэйшым братам, які паводзіць сябе ў канкурэнцыі нядобрасумленна»

10 жніўня агенцтва Reuters са спасылкай на наяўныя ў яго распараджэньні копіі дакумэнтаў «Белнафтахіму» паведаміла аб плянах Расеі абмежаваць бязмытныя пастаўкі нафтапрадуктаў і звадкаванага газу ў Беларусь з чацьвёртага кварталау 2018 году з-за стратаў расейскага бюджэту.

Васіль Мацюшэўскі паведаміў, што зараз Менск і Масква вядуць перамовы на ўзроўні віцэ-прэмʼераў (Уладзімер Сямашка — Беларусі, Дзьмітры Козак — РФ) аб далейшых пастаўках нафты.

Мацюшэўскі падкрэсьліў, што «няма ніякай пагрозы» працягу паставак нафты і нафтапрадуктаў. «Ёсьць падпісанае пагадненьне, якое выконваецца бакамі. І адпаведныя віцэ-прэмʼеры — Сямашка і Козак — знойдуць рашэньне ўсіх няпростых пытаньняў» — заявіў Мацюшэўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG