Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства фінансаў Расеі абвергла інфармацыю пра прыпыненьне крэдытаваньня Беларусі


Міністэрства фінансаў Расеі не прыпыняе крэдытаваньне Беларусі. Гэтая інфармацыя вынікае з атрыманага агенцтвам БелаПАН паведамленьня расейскага фінансавага ведамства.

«Інфармацыя аб прыпыненьні Расійскай Фэдэрацыяй крэдытаваньня Беларусі не адпавядае рэчаіснасьці. Так, згодна з наяўнымі дамоўленасьцямі, фінансуюцца расходы, зьвязаныя з выкарыстаньнем Рэспублікай сродкаў дзяржаўнага экспартнага крэдыту, выдзеленага на збудаваньне АЭС. Пачалася і актыўна вядзецца падрыхтоўка дакумэнтаў, неабходных для выдзяленьня новага фінансавага крэдыту, а таксама траншаў крэдыту, выдзеленага па лініі ЭФСР», — паведамілі БелаПАН у прэс-службе Мінфіну Расеі.

Гэтая інфармацыя зьявілася пасьля таго, як 10 жніўня агенцтва Reuters расказала аб плянах Расеі абмежаваць бяспошлінныя пастаўкі нафтапрадуктаў і звадкаванага газу ў Беларусь з чацьвёртага кварталу 2018 году, спасылаючыся на страты свайго бюджэту.

Reuters: Расея хоча абмежаваць пастаўкі паліва ў Беларусь і прыпыніла крэдыты

«Расійскі бок ініцыяваў спыненьне практыкі бесьперашкоднага вывазу з Расейскай Фэдэрацыі ў Рэспубліку Беларусь нафтапрадуктаў..., матывуючы гэта стратамі расейскага бюджэту ва ўмовах павялічанага аб`ёму іх вывазу», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да пратаколу зьменаў міжурадавага пагадненьня намесьніка старшыні канцэрну «Белнафтахім» Андрэя Рыбакова, копіяй якой валодае Рэйтэр.

Па гэтай прычыне «часова заблякаванае пералічэньне Беларусі двух траншаў крэдытнай лініі ЭФСР (Еўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця), у ліпені 2018 году прыпынена выплата па так званаму мэханізму ператаможкі, а таксама прыпынена праца па выдзяленьні ў 2019 годзе Беларусі дзяржаўнага крэдыту да 1 мільярда даляраў».

У дакумэнце таксама адзначаецца, што Расея чакае кампэнсацыі за пастаўленыя раней у Беларусь нафтапрадукты. «Аднаўленьне далейшага супрацоўніцтва... расейскі бок увязвае з вырашэньнем пытаньня па ўстанаўленьні забароны на вываз нафтапрадуктаў з РФ у Рэспубліку Беларусь і кампэнсацыі страт расейскага бюджэту за раней вывезеныя нафтапрадукты», — гаворыцца ў запісцы Рыбакова.

Праграму аб атрыманьні крэдыту на 2 млрд даляраў ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця беларускія ўлады падпісалі вясной 2016 году. Крэдыт павінен быць выдзелены ў 2016–2018 гадах сямю траншамі. Беларусь атрымала пяць траншаў на агульную суму 1,6 млрд даляраў. Для атрыманьня астатніх двух траншаў ўлады павінны рэалізаваць комплекс мер у галіне макраэканамічнай палітыкі. Раней Міністэрства фінансаў разьлічвала атрымаць апошнія траншы эўразійскага крэдыту на 400 млн даляраў у першым квартале 2018 году.

У 2017 годзе Беларусь і Расея таксама дамовіліся аб пастаўках нафты ў аб`ёме 24 млн тон у год. «Да 2018 года ўключна з 24 млн 18 будзе адпраўляцца на перапрацоўку НПЗ нам. Гэта прымальна, выгадна для заводаў. Ну, а 6 млн тон будуць ператаможвацца — такі тэрмін мы ўжылі. Важна, што ўвазныя пошліны ад гэтай ператаможкі будуць паступаць у бюджэт Рэспублiкi Беларусь», — расказваў беларускі віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG