Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа БелТА» як стартап «Алега Пятровіча»


Ператрус у Tut.by 7 жніўня 2018
Ператрус у Tut.by 7 жніўня 2018

Алег Пятровіч — зьбіральны вобраз супрацоўніка праваахоўных органаў з допісу ў ФБ Віктара Пракапені, на якога прадпрымальнік ускладае ўсю адказнасьць за «справу БелТА». Мне ўяўляецца спрэчнай думка Пракапені, што менавіта праваахоўным органам і належыць ініцыятыва распачаць гэтую справу. Але мяркую, што і сапраўды ў сэнсе выкананьня мог мець месца палёт ведамаснай творчай фантазіі.

Уяўляю сабе такі дыялёг таго Алега Пятровіча з калегамі.

— Мужыкі, ёсьць бліскучая ідэя. Ёсьць устаноўка прышчаміць хвост СМІ. Грошы, нясплата падаткаў, паклёп на прэзыдэнта — гэта адстой. А давайце мы іх пусьцім па 349-2 — злачынства супраць інфармацыйнай бясьпекі. Яны ўвесь час лазілі ў платную падпіску БелТА, завядзёнка ў іх такая. БелТА гэта ніколі не турбавала. А зараз, на нашу просьбу, рэзка затурбуе.

— Пятровіч, гэта лухта. Людзі будуць сьмяяцца.

— Мы ня будзем, утрымаемся неяк. А вось тыя, каго мы возьмем, сьмяяцца ня будуць дакладна. І заўваж, пад якім прыгожым соўсам усё будзе зроблена — барацьба з кампутарнымі злачынствамі. А чаго? Наш унёсак у пабудову ІТ-краіны. Гыгы.

— Алег, гэты артыкул ніколі так не ўжываўся. Якая тут шкода?

— Усё калісьці адбываецца ўпершыню. Ты не зразумеў прыколу. А і ня трэба, каб была відавочная шкода. БелТА скажа, што ёсьць. Трэба толькі даказаць доступ без дазволу. Усё! Яны гэта і адмаўляць ня будуць. А БТ панясе — «крадзеж», «злодзеі», «кралі — так і скажыце, што кралі».

— Пятровіч, гэта ж не крадзеж.

— А хто скажа крадзеж? Ня мы ж. Мы можам інтэлігентна сказаць «узлом». Ну і наагул — у гэтых «нячэсных» увесь час усялякія стартапы, усе вушы пражужжалі імі. А ў нас будзе свой стартап.

— Ну, цікава. Дасьціпна. Не пазбаўлена рацыі. Галава ў цябе, Пятровіч. Прям новы Viber вынайшоў. Бацькаўшчына ацэніць.

Бацькаўшчына і ацаніла. Сцэнка, зразумела, гіпатэтычная. Сам ня бачыў, сьвечку не трымаў. Але такая трактоўка стасуецца з тым, што па справе гаворыцца, а таксама з тым, што па ёй не гаворыцца.

У любым выпадку сытуацыя не такая, што ёсьць адназначна трактаваны закон, што ёсьць велізарная (ці хоць якая) практыка менавіта такога выкарыстаньня адпаведнага артыкулу КК, што закон дзейнічае так, таму што ён заўсёды дзейнічаў так.

І ліпеньскі камэнтар аддзелу інфармацыі СК, і інтэрвію Свабодзе супрацоўніцы гэтага аддзелу сьведчаць хутчэй пра тое, што выкарыстаньне арт. 349-2 КК менавіта так, як ён выкарыстоўваецца ў «справе БелТА» — гэта прынамсі рэдкая, калі не ўнікальная зьява.

Як казаў брытанскі філёзаф Бэртран Расэл, я не гатовы адстойваць свае перакананьні да кастра, я ж магу і памыляцца.

Гэтак і я — магу і памыляцца. Тым больш што ў дадзеным выпадку мая гіпотэза вельмі лёгка правяраецца, пацьвярджаецца ці абвяргаецца, фактамі. Калі справаў, падобных «справе БелТА», было 5, 10, 30 — ахвотна прызнаю, што ня меў рацыі ў меркаваньні наконт яе ўнікальнасьці.

Ну а калі такіх фактаў не зьявіцца, то тады маю гіпотэзу можна будзе лічыць даказанай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG