Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарка Індыі прапанавала свайму МЗС увесьці «бязьвіз» для беларусаў


Індыя дагэтуль зацікаўленая ў тым, каб купіць «Беларуськалій». Пра гэта 13 жніўня сказала журналістам амбасадарка Індыі ў Беларусі Сангіта Багадур.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, яна нагадала, што перамовы пра гэта пачаліся ўжо больш за пяць гадоў таму. Аднак апошнім часам яны фактычна спыніліся. Тым ня менш Індыя па-ранейшаму хацела б набыць акцыі «Беларуськалію».

Паводле спадарыні Багадур, калійныя ўгнаеньні складаюць чвэрць усяго таваразвароту паміж Індыяй і Беларусьсю. Летась Індыя закупіла ўгнаеньняў на 151 мільён даляраў. Праўда, гэта ў два разы меней, чым звычайна. Сёлета бакі маюць намер як мінімум вярнуцца да ранейшых лічбаў, якія перавышалі 300 мільёнаў на год.

«Бяз гэтага выканаць пастаўленую кіраўнікамі Індыі і Беларусі два гады таму задачу давесьці агульны таваразварот да 1 мільярда даляраў будзе проста немагчыма», — лічыць амбасадарка Індыі.

Беларусь і Індыя могуць перайсьці да бязьвізавага рэжыму

Сангіта Багадур сказала, што яна вельмі добра ўспрыняла рашэньне беларускіх уладаў зрабіць бязьвізавы ўезд у Беларусь на 30 дзён.

«У сваім лісьце ў Міністэрства замежных спраў Індыі я напісала, што гэта вельмі станоўчы крок і нам трэба падумаць пра тое, каб перайсьці на бязьвізавы рэжым для жыхароў абедзьвюх краін. Цяпер я чакаю адказу ад свайго ўраду на маю прапанову», — сказала амбасадарка Індыі.

Яна дадала, што амбасада выдае беларусам некалькі тысяч візаў штогод, аднак, на вялікі жаль, шмат для каго знаходжаньне ў Індыі зводзіцца толькі да адпачынку на Гоа, хоць Індыя — велізарная краіна з мноствам цікавых мясьцін.

На думку амбасадаркі, у Беларусі таксама ёсьць нямала цікавых месцаў, якія могуць прывабіць жыхароў Індыі. Аднак зусім нядаўна ўрад Беларусі падняў кошт уязной візы для грамадзян Індыі. «А мы вымушаныя былі зрабіць крок у адказ, — сказала амбасадарка. — Але трэба ад гэтага адыходзіць і думаць пра бязьвізавы рэжым».

Грамадзяне Індыі ня могуць прыляцець у Беларусь па спрошчаным бязьвізе. Ім дадаткова трэба мець

• дзейную шматразовую шэнгенскую візу ці шматразвоую візу краіны Эўразьвязу;
• пазнаку пра ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу ці шэнгенскай зоны;
• зваротныя квіткі на вылет зь Менску.

Толькі тады іх прапусьцяць у Беларусь безь беларускай візы.

На думку спадарыні Багадур, ужо сёньня трэба думаць і пра тое, каб зрабіць палёт паміж Менскам і Дэлі бесьперасадачным — ён зойме ня болей за 6 гадзін. Паводле амбасадаркі, індыйская авіякампанія пачала перамовы наконт магчымасьці прамых авіярэйсаў з Дэлі ў Менск.

«Такое мы ўжо робім з Туркмэністанам — чаму б не зрабіць гэта і адносна Беларусі?», — сказала яна.

«Турысты літаральна поўзаюць па Беларусі і вельмі задаволеныя». Лабадзенка раіць, што паказаць замежніку

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG