Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі правялі першую апэрацыю на сэрцы з дапамогай 30-дзённага «бязьвізу»


Ілюстрацыйнае фота

У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай хірургіі днямі правялі апэрацыю на сэрцы для падлетка з Узбэкістану. Яго бацькі скарысталіся магчымасьцю знаходзіцца ў Беларусі 30 дзён бязь візы.

Апэрацыя прайшла пасьпяхова, хлопчык пайшоў на папраўку, паведаміў 8 жніўня дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай хірургіі Канстанцін Драздоўскі.

Паводле яго, беларускія дзіцячыя лекары карыстаюцца высокай павагай у замежных пацыентаў, і ў дзіцячым цэнтры пэрыядычна робяць апэрацыі для дзяцей з Расеі, Украіны, Малдовы, Казахстану. Цяпер, з увядзеньнем 30-дзённага бязьвізавага наведваньня Беларусі, дырэктар спадзяецца, што кантынгент пашырыцца.

Паводле Драздоўскага, цэнтар праводзіць за год 1200 апэрацый на сэрцы, для іншаземцаў такая апэрацыя каштуе ад 7 да 10 тысяч даляраў у залежнасьці ад ступені пароку і пасьляапэрацыйнага знаходжаньня ў клініцы.

Найлепшае дасягненьне апошняга году

Канстанцін Драздоўскі расказаў, што лічыць апэрацыі па ліквідацыі збояў сардэчнага рытму для дзяцей ва ўзросьце пяці гадоў найвялікшым посьпехам беларускай дзіцячай мэдыцыны апошняга часу.

«Раней такая апэрацыя, якая дазваляе дзецям разьлічваць ня проста на звычайную актыўнасьць, а нават і на заняткі спортам, рабілася ў лепшым выпадку ў 15 гадоў. Гэта адкрывае добрыя пэрспэктывы, бо такіх апэрацый неабходна праводзіць для беларускіх дзяцей не менш за сотню на год», — сказаў Драздоўскі.

Пакуль у Беларусі правялі ўжо 20 такіх апэрацый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG