Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест кухні — «стакан» для допытаў. Практычныя парады для СМІ падчас перасьледу

Ілюстрацыйнае фота. Падчас ператрусу ў офісе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. 7 жніўня 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Падчас ператрусу ў офісе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. 7 жніўня 2018 году

Карычневы том Крымінальнага кодэксу мае безьліч артыкулаў, пад якія кожнага журналіста пры жаданьні СК ці МУС могуць падагнаць, як гарнітур пад фігуру. Там падшыюць, там адрэжуць, у іншым месцы ўкароцяць — і артыкул ня будзе карабаціцца, зроблены пад цябе па індывідуальнай замове.

Ня хочаш сядзець у турме за няправільнае чытаньне Дзяржаўных Навінаў — пасадзяць за «бязьдзеяньне службовай асобы». Бачыў, што іншыя чытаюць Дзяржаўныя Навіны — і маўчаў? А чаму побач ня сеў ды не пачытаў? А чаму сам так, як у Дзяржаўных Навінах, не напісаў? Грэбуеш сьвятым — трактарамі і камбайнамі, і «рукамі, што хлебам пахнуць»? Ня верыш у перамогі ва ўсіх сфэрах жыцьця, найлепшую ў сьвеце мэдыцыну, сацыяльную абарону і саму сьветлую ў сьвеце будучыню? Можа, трое сутак у Ізалятары зьменяць твой фанабэрысты сьветапогляд?

Я сьпяшаюся заверыць дактароў у пагонах і без, прысягаю: перажываю за бітву за ўраджай, дзень і ноч. Што ты зробіш — чалавек з вёскі, склад розуму — сялянскі, прагматычны. Таму і парады мае — адпаведныя, максымальна да рэчаіснасьці набліжаныя. Досыць марнаваць маральныя, інтэлектуальныя рэсурсы і невялікі ганарарны бюджэт на эмацыйныя адказы Сьледчаму камітэту.

Паглядзеўшы на нахабныя і дэманстрацыйныя затрыманьні галоўных рэдактараў, якім шыюць крымінал, робіцца зразумелым — «закрыць» могуць кожнага, гэта пытаньне часу. Час эмацыйных рэакцый мінуў учора. Сёньня трэба думаць пра іншае. Як мы ўбачылі і прачыталі, Ізалятар — не камфортнае для пазбаўленьня волі месца. Але цешыць сябе думкамі, што можаш яго пазьбегнуць — ілюзіі. Таму ўсе грамадзкія, матэрыяльныя і маральныя рэсурсы трэба кінуць не на подпісы пад пэтыцыі з абстрактным заклікам «Рукі прэч ад свабодных СМІ!», а на канкрэтныя рэчы.

Ілюстрацыйнае фота. Калегі арыштаваных журналістаў Tut.by і БелаПАН прынесьлі ім перадачы ў турму на Акрэсьціна. Менск, 8 жніўня 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Калегі арыштаваных журналістаў Tut.by і БелаПАН прынесьлі ім перадачы ў турму на Акрэсьціна. Менск, 8 жніўня 2018 году

Першае: слабы ціск на сілавыя структуры пра паляпшэньне побытавых умоваў у ізалятарах (пэтыцыі, скаргі, заявы, акцыі, аказаньне гуманітарнай дапамогі пэнітэнцыярнай сыстэме ў выглядзе прасьцінак, коўдраў, ручнікоў, мыла, шампуні).

Другое — кнігі. Шмат і розных. Варта дабіцца праз Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў стварэньня нармальных бібліятэк — каб было што пачытаць, па псыхалёгіі, філязофіі, фальклярыстыцы. Разумею, што Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў чым дурнейшы чалавек, тым лепш, таму ў ідэале кожная рэдакцыя мусіць сама паклапаціцца пра сваіх супрацоўнікаў і загадзя перадаць Ізалятару кнігі згодна праведзенаму анкетаваньню супрацоўнікаў пра іх зацікаўленасьці. Каму на волі часу не хапае на замежныя мовы, каму на літаратурныя навінкі... «Прысеў» — і атрымлівай асалоду ад таго, да чаго рукі не дайшлі на волі.

Наша дарагая дзяржава ўзяла на сябе клопат ісьці ўсьлед за Эўропай, насьледуючы адзінкавыя элемэнты — высокія камунальныя плацяжы, падаткі, «абарону інтэлектуальнай уласнасьці»... Мы разумеем, што марна і страшна прасіць ці патрабаваць заробкі, роўныя эўрапейскім. Але тады хоць турмы зрабіце накшталт іхных, калі нам ніяк іх не пазьбегнуць — чытай тыя Дзяржаўныя Навіны, вочы вылупіўшы, ці не чытай.

Трэцяе — менавіта рэдакцыі павінны ўзяць на сябе клопат пра падначаленых. Балазе, зараз хапае тэхналёгій і спосабаў, каб правесьці адукацыйныя курсы і сэмінары на тэму «Асабісты рост ва ўмовах Ізалятару», ці «Як прыняць сябе, калі ты ў турме». Можна правесьці інтэлектуальныя дыспуты на тэму «Канваір — сябар ці вораг?».

Ілюстрацыйнае фота. Калегі арыштаваных журналістаў Tut.by і БелаПАН перадаюць ім перадачы ў турму на Акрэсьціна. Менск, 8 жніўня 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Калегі арыштаваных журналістаў Tut.by і БелаПАН перадаюць ім перадачы ў турму на Акрэсьціна. Менск, 8 жніўня 2018 году

Настольнай павінна стаць не папулярнае выданьне кшталту «Чытай, скарачай», а «Турма і здароўе» Юрыя Бандажэўскага. Балазе, «Свабода» з яе прарочым дарам не дарма паклапацілася пра гэта яшчэ пяць гадоў таму.

Рэдакцыям, замест таго, каб канфрантаваць і канкурыраваць віртуальна, варта было б зладзіць рэальныя бойкі — зьнянацку захопліваць офісы адзін аднаго з крыкамі «Рукі за галаву, я сказаў, рукі за галаву!» — і так гартаваць дух, замораны ў інтэлектуальнай дзейнасьці, правакаваць выкід адрэналіну. Можна АМАП прыцягнуць — каб праводзілі прафіляктычную працу зьнянацку раз у квартал.

Бачыла на свае вочы — у некаторых рэдакцыях прастора выкарыстоўваецца на розныя глупствы, кшталту гардэробных. У некаторых нават кухні ёсьць, лядоўні, аўтаматы з кавай, пакоі для перамоваў. Для чаго прывучаць сябе да такога буржуйскага жыцьця? Канечне, потым складана ў Ізалятары з такімі звычкамі.

Адзін пакой спакойна можна было выдзеліць на памяшканьне тыпу «стакан» — напэўна, няма ў беларускай мове адпаведнага слова гэтай клетцы, дзе можна толькі стаяць? Зладзіць такую штуку нескладана — любы «дзядзя Вася» — электрагазазваршчык зробіць вам з жалезьзя такую няхітрую канструкцыю. Не здаў у час артыкул — ідзі на дзьве гадзіны ў «стакан». Другі «касяк» — сядзі там да вечару, і хай калегі пазіраць. Выхавальны эфэкт будзе гарантаваны.

Рэдакцыям варта стварыць невыносныя ўмовы для працы сваіх супрацоўнікаў. Напрыклад, абавязаць кожнага «творчага работніка» тэлефанаваць па некалькі разоў у дзень Юліі Леанідаўне ці Сяргею Васільевічу за камэнтарам наконт бытавога забойства ў Акцябрскім ці крадзяжу камбікорму ў Глуску, ня кажучы ўжо пра «карупцыю ў вышэйшых эшалёнах улады». Праз тыдзень такіх тэлефанаваньняў яны самі папросяцца ў Ізалятар і будуць лічыць гэта за благаславеньне лёсу. Мэта ўсяго гэтага — адаптацыя да ўмоў, якія так хутка зьмяняюцца, выклікаў часу, на якія трэба імгненна рэагаваць.

Ілюстрацыйнае фота. Ізалятар часовага ўтрыманнья на Акрэсьціна
Ілюстрацыйнае фота. Ізалятар часовага ўтрыманнья на Акрэсьціна

Тыя, хто ўжо пабываў «там», можа правесьці сэмінары для тых, хто яшчэ пакуль не. Не варта забываць і пра спробы дасягненьне дзэну.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

Аптымальна было б наогул зьбегчы з гэтага філіялу вар’ятні. Але наўрад ці дапаможа. Ад сябе не ўцячэш. Я згодная са стыхійным майстрам дзэну Сьцяпанам Сьцяпанавічам Гудковым, героем кнігі Масквіной «Сьметніца для алмазнай сутры». Неяк Сьцяпан Сьцяпанавіч параіў вахцёру разважаць не пра тое, чаму нехта багацей, прыгажэй, ці дурней, а пра сэнс прыходу Бадхідхармы ў Кітай. Вахцёр два тыдні разважаў, і амаль дасягнуў дзэну, таму вырашыў сысьці ў лес, ці пустыню — для пазнаньня Ісьціны

Але Сьцяпан Сьцяпанавіч Гудкоў параіў яму заставацца на прахадной. «Час ваенны, Віктар Іванавіч, завод сакрэтны. Не сыходзь, а то знойдуць і расстраляюць. Навошта табе гэта трэба? А завадзкая прахадная — ідэальнае месца, дзе з дапамогай сузіраньня можна вызваліцца ад нараджэньня і сьмерці і здабыць сілы для ператварэньня гэтага сьвету ў царства буды».

Нашы рэдакцыі таксама могуць стаць такім ідэальным месцам — пры мінімальных высілках па іх перапляніроўцы: вахцёр у форме АМАП на ўваходзе, «шмон» на выхадзе, «стакан» за парушэньні працоўнай дысцыпліны, вобшукі час ад часу, «разгон» калегамі па пятніцах, тэлефанаваньне за камэнтарам у Сьледчы камітэт. Et cetera.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG