Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вайсковым заводзе ў Солсбэры, дзе атруцілі Скрыпалёў, адбыўся выбух


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На заводзе вайсковага абсталяваньня ў брытанскім горадзе Солсбэры, дзе былі атручаныя былы афіцэр ГРУ Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія, адбыўся выбух, паведамляе The Independent са спасылкай на заяву паліцыі.

У выніку выбуху загінуў адзін чалавек, яшчэ адзін атрымаў сур’ёзнае раненьне. Пацярпелы знаходзіцца ў крытычным стане, яго шпіталізавалі

Выбух адбыўся прыкладна ў 17:00 па мясцовым часе ў пятніцу, 10 жніўня. Прычына яго невядомая. Да цяперашняга моманту пажар патушаны. У сувязі са здарэньнем будзе праведзена расьсьледаваньне, распавялі ў паліцыі.

Вайсковы завод разьмешчаны побач з брытанскай навуковай лябараторыяй Портан-Даўн, дзе вырабляюць хімічныя і біялягічныя агенты з мэтай распрацоўкі мэтадаў абароны ад іх.

У сакавіку ў брытанскім Солсбэры выявілі без прытомнасьці былога афіцэра ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію. Расьсьледаваньне паказала, што яны былі атручаныя нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», вытворчасьць якога зьвязваюць з Расеяй.

У канцы чэрвеня 2018 году гэтым жа рэчывам атруціліся мужчына і жанчына. Жанчына памерла, а мужчына апрытомнеў і даў паказаньні паліцыі. Брытанскія спэцслужбы абвінавацілі Маскву ва ўжываньні хімічнай зброі.

Замах на Скрыпаля прывёў да паглыбленьня крызісу ў стасунках паміж краінамі Захаду і Расеяй. 14 сакавіка прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй заявіла пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў. Пазьней каля 30 краін абвясьцілі аб высылцы расейскіх дыпляматаў у знак салідарнасьці зь Вялікай Брытаніяй. Расея ў адказ пачала высылаць супрацоўнікаў заходніх дыпмісій.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG