Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Tut.by скапіявалі ўсю ўнутраную інфармацыю кампаніі. Зісер: палітычная падаплёка відавочная


Сьледчыя ля офісу Tut.by 7 жніўня

Палітычная падаплёка ў ператрусе ў сядзібе парталу Tut.by і арышце рэдактараў стала відавочнай, напісаў у сваім Фэйсбуку заснавальнік парталу Юры Зісер.

Ён распавёў, што на працягу дня з офіса канфіскавалі зь дзясятак сыстэмных блёкаў журналістаў, і ня толькі затрыманых.

«У цяперашні час запампоўваюць з офісных сэрвэраў усю ўнутраную інфармацыю кампаніі, уключаючы карпаратыўную пошту, карпаратыўны партал, бухгалтэрыю, прычым не толькі ТАА «ТУТ БАЙ МЕДИА», але заадно і ўсіх кампаній, якія маюць да мяне дачыненьне. Так што калі мне нехта з вас пісаў лісты па працы, нашу перапіску прачытаюць», - напісаў Юры Зісер.

Яшчэ раніцай заснавальнік Tut.by падкрэсьліваў, што ў здарэньня няма палітыкі.

«Аднак да канца дня падзея атрымала настолькі касьмічныя маштабы адлюстраваньня ў розных дзяржаўных СМІ, зусім неадпаведныя сутнасьці справы, што палітычная падаплёка стала відавочнай».

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG