Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаныя ў справе школьных сталовак кажуць, што давалі падзяку, а ня хабар


 Абвінавачаныя ў клетцы
Абвінавачаныя ў клетцы

У Менскім абласным судзе працягваўся допыт абвінавачаных у справе аб карупцыі ў Менгарвыканкаме.

Па ёй праходзяць былы начальнік галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргей Барысевіч і яшчэ 12 службовых асобаў.

Барысевіч і яшчэ чацьвёра абвінавачаных — у клетцы. Ад фатографаў яны адварочваюцца, хаваюць твары.

Абвінавачаная адварочваецца ад фатографа
Абвінавачаная адварочваецца ад фатографа

Сёньня ў судзе дапытвалі намесьніцу дырэктара Камбінату школьнага харчаваньня Заводзкага раёну Вольгу Конан і загадчыцу вытворчасьці ў сталовай СШ № 169 Натальлю Камарову.

Падчас сьледзтва абедзьве напісалі ў яўцы з павіннай, што давалі хабар дырэктару Камбінату школьнага харчаваньня Заводзкага раёну. Аднак на судзе Вольга Конан сказала, што гэта быў ня хабар, а «падзяка».

У перапынку адвакаты размаўляюць з Барысевічам
У перапынку адвакаты размаўляюць з Барысевічам

Натальля Камарова сказала, што наогул не разумее слова «хабар».

«Я ня ведаю, як гэта патлумачыць, што такое хабар. Гэта была падзяка, падарунак».

Вольга Конан сказала, што яшчэ на пасадзе дырэктаркі кафэ «Традыцыі» давала грошы для дырэктара Камбінату школьнага харчаваньня.

«На той момант, калі давала грошы дырэктару КШХ Заводзкага раёну Марыне Марозавай (потым яе прызначылі дырэктаркай КШХ Фрунзенскага раёну, а на яе месца прызначылі Алесю Шумчанку), не разумела, што гэта хабар. Зразумела, што хабар, калі апынулася ў СІЗА». Маўляў, усюды на допытах і ў камэры СІЗА казалі, што гэта хабар. «Таму я гэта аформіла так няграматна», — сказала Конан.

Абвінавачаныя ў клетцы
Абвінавачаныя ў клетцы

Грошы Марозавай перадавалі на сьвяты і дзень нараджэньня. Конан сказала, што грошы давалі «за адпрацаваны месяц на ўсялякі выпадак, калі нешта адбудзецца».

Калі Конан была ўжо на пасадзе намесьніка дырэктара КШХ, то на распараджэньне дырэктаркі зьбірала грошы ад загадчыкаў вытворчасьці школьных сталовак. Гэта былі падзякі «для ляяльнага, добрага стаўленьня з боку дырэктара». Калі б адмовілася зьбіраць грошы, то, «магчыма, не працягнулі б працоўныя адносіны».

Яна мяркуе, што дырэктарка КШХ перадавала грошы Сяргею Барысевічу.

Лава падсудных
Лава падсудных

Натальля Камарова сказала, што па чутках ведала, што дырэктарцы КШХ трэба здаваць грошы. Таму, калі тая наведвалася ў сталоўку, сама клала ў сумачку дырэктаркі ці ў кішэню яе паліто 100–150 рублёў.

«У гардэробе ўзяла грошы са сваёй сумачкі і паклала ёй у сумачку ў знак удзячнасьці, каб усё было добра. Давала грошы тры разы ў год — восеньню, зімой і вясной».

Былая дырэктарка КШХ Заводзкага раёну Марозава ў клетцы
Былая дырэктарка КШХ Заводзкага раёну Марозава ў клетцы

Таксама перадавала грошы для дырэктаркі КШХ праз Конан.

«Мяне прыслаў дырэктар», — сказала Конан, і жанчына зразумела, што трэба даць грошы.

«Я дала ёй 200 рублёў і загарнула ў паперу. Я ня ведаю як гэта патлумачыць, што такое хабар. Гэта была падзяка, падарунак».

Як вынікае з матэрыялаў справы, Натальля Камарова грошы давала з 2011 па 2016 год тры разы на год «за працяг працоўных адносінаў і апекаваньне». Усяго было перададзена каля 2060 рублёў.

Маўляў, чуткі хадзілі, што трэба перадаваць грошы ў памеры дзённай выручкі школьнай сталоўкі раз у месяц.

«Давала грошай столькі, колькі магла», — кажа жанчына.

Судзяць чыноўнікаў Менгарвыканкаму, якія нажываліся на школьных сталоўках

Сяргею Барысевічу прад’яўленыя абвінавачаньні па чч. 1, 2 і 3 арт. 430 (атрыманьне хабару), арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі) і арт. 16 (саўдзел у злачынстве) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Грошы кіраўнікі камбінатаў школьнага харчаваньня зьбіралі з загадчыкаў вытворчасьці сталовак школ і каледжаў. У абмен на рэгулярныя выплаты Барысевіч абяцаў меншую колькасьць праверак і «непрыняцьце мераў рэагаваньня на выяўленыя парушэньні».

На лаве падсудных апынуліся таксама дырэктары камбінатаў школьнага харчаваньня Фрунзенскага, Партызанскага, Заводзкага раёнаў, загадчыкі вытворчасьці камбінату школьнага харчаваньня Ленінскага раёну.

Сяргей Барысевіч прызнаў сябе вінаватым часткова. Ён заявіў, што падарункі і частку грошай перадорваў вышэйшаму начальству. Грошы, паводле ягоных слоў, ішлі Андрэю Дамарацкаму, які тады займаў пасаду намесьніка старшыні Менгарвыканкаму і курыраваў гандаль. Дамарацкага затрымалі ў траўні 2018 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG