Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве прадэманстравалі маштабы наступстваў тэрактаў, які рыхтавала Надзея Саўчанка. ВІДЭА


Архіўнае фота. Надзея Саўчанка (справа) ў судзе, 14 траўня 2018 году

Прадстаўнікі Службы бясьпекі і Генэральнай пракуратуры Ўкраіны правялі брыфінг на палігоне спэцпадразьдзяленьня «Альфа», каб прадэманстраваць магчымыя наступствы тых тэрактаў, якія рыхтавалі Надзея Саўчанка і Ўладзімір Рубан.

Праваахоўныя органы Ўкраіны завяршылі расьсьледаваньне справы народнага дэпутата Надзеі Саўчанкі і кіраўніка Цэнтру вызваленьня палонных «Афіцэрскі корпус» Уладзіміра Рубана.

Іх абвінавачваюць у спробе захопу дзяржаўнай улады ў выніку ажыцьцяўленьня маштабнага тэрарыстычнага акту ў цэнтры Кіева.

Юры Луцэнка
Юры Луцэнка

«У часе дасудовага расьсьледаваньня сьледзтва атрымала ўсе неабходныя доказы аб падрыхтоўцы маштабнага тэрарыстычнага акту ў цэнтры ўкраінскай сталіцы з выкарыстаньнем зброі, якая была дадзена Саўчанцы і Рубану са згоды расейскіх афіцэраў у чыне падпалкоўніка і палкоўніка, на тэрыторыі „ДНР“, пасьля кансультацый, якія правяла Саўчанка з Захарчанкам (кіраўнік самаабвешчанай „ДНР“. — РС)», — паведаміў 2 жніўня генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка.

Паводле яго, цяпер падазраваныя і іхныя абаронцы маюць магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі дасудовага сьледзтва, пасьля чаго справа будзе перададзена ў суд.

Ўладзімір Рубан і Надзея Саўчанка ў судзе, архіўнае фота
Ўладзімір Рубан і Надзея Саўчанка ў судзе, архіўнае фота

«Улічваючы колькасьць сабраных доказаў, суд ужо ў гэтым годзе мае пачацца і перайсьці ў актыўную фазу», — перакананы генэральны пракурор Украіны.

Праваахоўнікі сьцьвярджаюць, што ўся зброя, атрыманая з тэрыторыі самаабвешчанай «ДНР» (стралковая зброя, гранаты, міны, артылерыйскія сродкі і мінамёты), ня мела нумароў, таму немагчыма вызначыць яе ранейшую прыналежнасьць.

Паводле вынікаў экспэртыз, прымяненьне ўсяго арсэналу зброі магло прывесьці амаль да 20 тысяч ахвяр сярод цывільнага насельніцтва, бо тэракты плянаваліся ня толькі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, але і ў найбольш людных і папулярных сярод турыстаў мясьцінах гораду.

Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка мяркуе, што, улічваючы ўсе акалічнасьці, абвінавачаньне будзе патрабаваць ад суду максымальнага тэрміну пакараньня.

Паводле Крымінальнага кодэксу Ўкраіны Надзеі Саўчанцы пагражае да 15 гадоў зьняволеньня або пажыцьцёвае зьняволеньне з канфіскацыяй маёмасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG