Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскую дэпутатку Саўчанку арыштавалі да 20 траўня. Ёй пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне 


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева задаволіў хадайніцтва пракуратуры аб арышце народнай дэпутаткі, Героя Ўкраіны Надзеі Саўчанкі на два месяцы — максымальны тэрмін, прадугледжаны нацыянальным заканадаўствам пры абвінавачаньні асобы ў спробе гвалтоўнага зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу ў дзяржаве.

Суд ухваліў адпаведнае рашэньне, не зважаючы на заявы Надзеі Саўчанкі і яе адвакатаў пра палітычныя матывы гэтай справы, незаконнасьць збору доказаў яе вінаватасьці і незаконнасьць яе затрыманьня, якое адбылося ў памяшканьні парлямэнту, а не на месцы імавернага злачынства.

На судовае паседжаньне Надзея Саўчанка апранула чорны швэдар з трызубцам на грудзях. У судзе яе падтрымлівалі сястра Вера і 80-гадовая маці Марыя, а таксама ейныя прыхільнікі. Да судовага працэсу далучыліся тры праваабаронцы, якія абараняюць інтарэсы Надзеі Саўчанкі. Яны маюць намер абскардзіць рашэньне аб арышце.

Напярэдадні Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала звароты Генэральнай пракуратуры аб зьняцьці з Надзеі Саўчанкі дэпутацкай недатыкальнасьці, прыцягненьні яе да крымінальнай адказнасьці, затрыманьні і арышце, а генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка асабіста падпісаў і абвясьціў ёй аб падазрэньні ды затрыманьні.

Надзея Саўчанка абвінавачваецца адразу паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — ёй інкрымінуюць дзеяньні з мэтай гвалтоўнага зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу і захопу дзяржаўнай улады, замах на жыцьцё дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча, падрыхтоўку да тэрарыстычнага акту, садзейнічаньне тэрарыстычнай арганізацыі і незаконнае абыходжаньне са зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі. Гэтыя дзеяньні караюцца пажыцьцёвым пазбаўленьнем волі.

Ноч пасьля затрыманьня Надзея Саўчанка утрымлівалася ў сьледчым ізалятары Службы бясьпекі Ўкраіны.

«У СІЗА ў мяне няма ніводнай зоны ў камэры, дзе не прыніжалася б чалавечая годнасьць. Я не магу распрануцца, каб мяне не здымалі відэакамэры, не магу схадзіць у прыбіральню, каб не здымалі відэакамэры. У прынцыпе гэта ў некаторых момантах нават горш, чым у СІЗА ворага», — сказала Саўчанка журналістам пра ўмовы ўтрыманьня.

Падчас службы ў добраахвотніцкім батальёне «Айдар» на Данбасе Надзея Саўчанка трапіла ў палон да незаконных узброеных фармаваньняў самаабвешчаных ЛНР-ДНР, якія потым перадалі яе на тэрыторыю Расеі. Яна прабыла ў расейскай турме зь ліпеня 2014 да траўня 2016 году, была асуджаная расейскім судом на 22 гады пазбаўленьня волі. Але ў выніку палітычных дамоўленасьцяў яе вызвалілі, абмяняўшы на двух расейскіх вайскоўцаў, затрыманых і асуджаных ва Ўкраіне за ўдзел у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны. Пасьля вяртаньня ва Ўкраіну прэзыдэнт Пятро Парашэнка прысвоіў Саўчанцы званьне Героя Ўкраіны.

Згодна з украінскім заканадаўствам, калі Надзея Саўчанка будзе асуджаная, яе пазбавяць зоркі і званьня «Герой Украіны».

У парлямэнт Надзея Саўчанка была абраная паводле сьпісу партыі Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына», але потым яе выключылі з аднайменнай парлямэнцкай фракцыі за парушэньне партыйнай дысцыпліны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG