Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Левада-Цэнтар»: гатоўнасьць расейцаў да пратэстаў супраць падзеньня ўзроўню жыцьця вырасла ўдвая за год


Ілюстрацыйнае фота. Мітынг супраць пэнсійнай рэформы ў Іванава. 1 ліпеня 2018 году

Удзельнічаць у масавых пратэстах супраць падзеньня ўзроўню жыцьця гатовыя 28% расейцаў, паведамляе «Левада-цэнтар» у апошнім апытаньні. У лютым 2017 году на пратэсты былі гатовыя выходзіць 12% рэспандэнтаў, у сакавіку 2018-га — 8%.

Усяго 41% расейцаў лічаць магчымымі масавыя пратэсты супраць падзеньня ўзроўню жыцьця ў сваім горадзе. Апошні раз лічба была настолькі высокай у 2009 годзе.

Значна вырасла і магчымасьць пратэстаў з палітычнымі патрабаваньнямі — 34% рэспандэнтаў лічаць такія мітынгі цалкам магчымымі (у сакавіку 2018 году такіх рэспандэнтаў было 12%). На сёньняшні дзень 23% расейцаў гатовыя ўдзельнічаць у палітычных пратэстах.

Адказваючы на асобнае пытаньне пра мітынгах, зьвязаных з пэнсійнай рэформай, 37% расейцаў заявілі, што хутчэй возьмуць удзел у падобных пратэстах, 53% расейцаў — што хутчэй не.

У Расеі праходзяць акцыі супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту

19 ліпеня Дзярждума Расеі ў першым чытаньні прыняла законапраект аб павышэньні пэнсійнага ўзросту ў Расеі. Яго могуць павысіць з 55 да 63 гадоў для жанчын і з 60 да 65 гадоў для мужчын.

Улады 61 рэгіёну Расеі таксама далі станоўчы водгук на законапраект. Пры гэтым у дзясятках расейскіх гарадоў праходзяць акцыі пратэсту супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту.

Пэнсійная рэформа абрынула рэйтынг Пуціна

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG