Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі праходзяць акцыі супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту


Архіўнае фота. Акцыя супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту ў цэнтры Навасібірску. 26 чэрвеня 2018 году

Акцыі праходзяць 1 ліпеня ў буйных гарадах Расеі, у якіх ня быў уведзены спэцыяльны рэжым масавых акцый у сувязі з чэмпіянатам сьвету па футболе, паведамляе «Настоящее время».

Арганізацыю большасьці акцый ўзялі на сябе рэгіянальныя штабы апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Сам палітык ня прыме ў іх удзел — напярэдадні ён пакінуў Расею, патлумачыўшы, што заўважыў за сабой сачэньне і асьцерагаецца затрыманьня.

Яшчэ частка мітынгаў праходзяць пад сьцягамі расейскіх партыяў КПРФ, ЛДПР, «Справедливая Россия», «Яблоко».

Улады Ліпецка, Белгарада, Краснадара, Хабаровска, Мурманска, Камсамольска-на-Амуры і Стаўрапаля мітынгі дазволілі, праўда, прапанаваўшы альтэрнатыўныя пляцоўкі для іх правядзеньня. У некаторых гарадах Расеі — напрыклад, ва Ўладзівастоку, акцыі актывістаў не былі ўзгодненыя з уладамі.

У чэрвені ўрад унёс у Дзярждуму Расеі законапраект аб павышэньні пэнсійнага ўзросту з 55 да 63 гадоў для жанчын і з 60 да 65 гадоў для мужчын. Першае чытаньне ў Дзярждуме можа адбыцца 19 ліпеня.

Шэраг сацыялягічных службаў зафіксавалі рэзкае зьніжэньне рэйтынгу Пуціна. Так, паводле апытаньняў фонду «Грамадзкая думка», за адзін толькі тыдзень з 10 па 17 чэрвеня рэйтынг прэзыдэнта зьнізіўся з 62% да 54%, што зьяўляецца рэкордна нізкім паказьнікам з 2013 году. У Крамлі заявілі, што Пуцін не азіраецца на ваганьні свайго рэйтынгу, «інтарэсы людзей заўсёды для яго вышэй за ўсё».

Рэйтынгі Пуціна імкліва зьніжаюцца з-за магчымага падвышэньня пэнсійнага ўзросту

У Беларусі таксама нядаўна абмяркоўвалі пытаньне аб пэнсійным забесьпячэньні — гэтым разам сярод іншага прагучала прапанова павысіць пэнсійны ўзрост для жанчын. Аднак пазьней міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч заявіла, што новага павелічэньня пэнсійнага ўзросту ў Беларусі пакуль ня будзе.

Першае павышэньне пэнсійнага ўзросту ў Беларусі было абвешчана ў 2016 годзе. Тады пастанавілі павышаць пэнсійны ўзрост для жанчын і мужчын з 2017 году штогод на шэсьць месяцаў.

У выніку за 2017–2022 гады пэнсійны ўзрост жанчын вырасьце з 55 да 58 гадоў, а мужчын — з 60 да 63 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG