Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюз РЭП праслухоўвалі зь сярэдзіны чэрвеня


Прафсаюз РЭП праслухоўвалі з санкцыі пракурора з 14 чэрвеня 2017 году. Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік настойваюць на допыце ў судзе супрацоўніка Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Дзьмітрыева, які праводзіў ператрусы. Судзьдзя вырашае апытаць яго «невізуальна». Адвакаты супраць. Абвінавачаныя хочуць заявіць аб адводзе судзьдзі.

Санкцыя пракурора на праслухоўваньне тэлефонных размоў, прагляд перапіскі супрацоўнікаў прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці была з 14 чэрвеня 2017 году. Усе размовы запісваліся. Такім чынам, Фядыніча і Комліка праслухоўвалі цягам 1,5 месяца да таго, як Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў завёў крымінальную справу і адбыліся ператрусы.

Гэта стала вядома падчас разгляду на трэці дзень судовага працэсу пісьмовых матэрыялаў справы.

У абвінавачаных Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка і іхніх абаронцаў ёсьць шмат пытаньняў да супрацоўніка Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Дзьмітрыева, які кіраваў ператрусамі 2 жніўня. Але сам Дзьмітрыеў заявіў хадайніцтва, каб яго дапыталі «невізуальным шляхам». Судзьдзя задаволіла хадайніцтва Дзьмітрыева — «дзеля бясьпекі з улікам той дзейнасьці, якой ён займаецца».

«Артыкул Крымінальнага кодэксу прадугледжвае такую „невізуальную“ форму, толькі калі чалавеку ці яго сямʼі пагражаюць сьмерцю, стратай. Хто яму пагражае ў судзе? Тут судзьдзя, адвакаты, праваабаронцы, прадстаўнікі грамадзкасьці. РЭП яму пагражае? Мы што — арганізаваная злачынная групоўка нейкая? Судзьдзя паўгадзіны зь некім раілася і ўрэшце сказала, што задаволіць ягонае хадайніцтва. Мы будзем яшчэ са сваімі адвакатамі кансультавацца і, магчыма, будзем патрабаваць адводу гэтай судзьдзі», — абураецца Генадзь Фядыніч.

Пракурор Ліліяна Літвінюк доўга зачытвала нумары файлаў, усе СМС-паведамленьні і тэлефонныя размовы Ігара Комліка. Бальшыня іх ня тычылася выстаўленага абвінавачаньня, агалошваліся прыватныя размовы, да прыкладу, пра стаматоляга.

Фядыніч пра «агентку КДБ» у РЭП: «Хто ў нас „крот“, я зразумеў год таму»

Генадзь Фядыніч зьвярнуўся з хадайніцтвам, каб чыталі толькі тое, што мае дачыненьне да справы.

Пракурор заявіла, што паштовая скрыня profrep@gmail.com «выкарыстоўвалася для зьдзяйсьненьня супрацьпраўнай дзейнасьці» — там знойдзеныя файлы літоўскага банку SEВ. Высьветлілася, што яны датаваныя 27 сакавіка і 6 чэрвеня 2017 году, хаця ў справе разглядаецца пэрыяд са студзеня 2011 па сакавік 2012 году.

На падставе перапіскі прафсаюзу РЭП зь міжнародным абʼяднаньнем прафсаюзаў прамысловых рабочых сьвету IndustriALL, дзе гаворка ішла пра стратэгічнае плянаваньне, пракурор зрабіла выснову, што РЭП супрацоўнічае з замежнымі арганізацыямі, а значыць, і атрымлівае фінансаваньне.

Абвінавачаныя сьцьвярджаюць, што частка зачытаных файлаў — «фэйкавыя».

За час пасяджэньня разгледзелі прыкладна палову першага тома справы, усяго іх 11. Працяг працэсу — 2 жніўня а 10-й гадзіне.

Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў. Як лічыць сьледзтва, па віне сваіх лідэраў прафсаюз РЭП не сплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек. Абвінавачваньне падало пазоў аб спагнаньні маёмаснай шкоды на гэтую суму.

Лідэрам РЭП выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), ім пагражае абмежаваньне волі да 5 гадоў або пазбаўленьне волі ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

«Наша справа палітычная»,— падсудныя Фядыніч і Комлік лічаць, што абвінавачаньні супраць іх сфальшаваныя

Фядыніч і Комлік абвінавачаньні абвяргаюць. Яны заяўляюць, што працэс супраць іх — гэта рэакцыя ўладаў на актыўныя дзеяньні РЭП у справе абароны працоўных. Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Паводле такога ж артыкула ў 2011 годзе судзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Яго пакаралі 4,5 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, а вызвалілі праз 3 гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным. Пра працэс падрабязна расказаў Валер Каліноўскі ў кнізе «Справа Бяляцкага» (PDF).

Сьведка ў «справе РЭП», які на допыце прызнаўся ў перавозцы грошай, у судзе ад паказаньняў адмовіўся

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG