Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскага трансгендэра-пэрформэра выслалі зь Беларусі


Алок Вайд-Мэнон

Прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі і дзяжурны афіцэр памежнага атраду «Менск» пацьвердзілі Свабодзе, што грамадзяніна ЗША Алока Вайд-Мэнона адправілі назад у Амстэрдам сёньня а 9.30.

Пашпарт аддалі сцюардэсе, якая перадала яго супрацоўнікам Амстэрдамскага аэрапорта, а не асабіста Алоку.

«Бязьвіз» не дапамог: амэрыканскага пэрформэра не пусьцілі ў Беларусь

Яго не дэпартавалі, а проста не ўпусьцілі ў краіну паводле 30 артыкулу Закону аб праўным палажэньні замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства. Камэнтароў, які канкрэтна пункт артыкулу парушыў грамадзянін ЗША, афіцэр і прэс-служба не далі.

Сьцісла:

  • Грамадзяніна ЗША індыйскага паходжаньня Алока Вайд-Мэнона 31 ліпеня не прапусьцілі празь мяжу ў Нацыянальным аэрапорце «Менск».
  • Ён прыляцеў у Беларусь па «бязьвізе» а 15-й гадзіне рэйсам з Амстэрдаму і правёў ў аэрапорце «Менск» 18 гадзінаў да наступнага рэйсу ў Амстэрдам.
  • Алок Вайд-Мэнон —​ «індыйска-амерыканская гендарна-небінарная паэтка-пэрформэрка-транс-актывістка», як апісвае яго часопіс Makeout. Пэрформэр, які публічна выкарыстоўвае ў дачыненьні да сябе займеньнік «яны», меўся выступаць у Менску на закрытым воркшопе пра эмоцыі для ЛГБТК-людзей.

У атрадзе памежнага кантролю «Менск» Свабодзе пацьвердзілі, што Вайд-Мэнона не ўпусьцілі ў Беларусь на падставе артыкулу 30 Закону аб праўным палажэньні замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства.

Паводле гэтага артыкулу адмовіць ва ўезьдзе могуць, калі знаходжаньне замежніка ў Беларусі супярэчыць:

  • нацыянальнай бясьпецы;
  • грамадзкай бясьпецы;
  • абароне маральнасьці;
  • абароне здароўя насельніцтва;
  • абароне свабодаў грамадзянаў і іншых асобаў.

Вайд-Мэнон мусіў выступіць 1 жніўня з публічнай лекцыяй у Менску. Выступ «Femme in Public» мусіў спалучаць:

  • паэтычны вечар «Femme in Public» паводле аднайменнай кнігі пэрформэра;
  • дасьледаваньне па гендэрнай некамфортнасьці і фэміннасьці.

Алок распавядае пра свой досьвед дыскрымінацыі, вулічнага гвалту і перажываньні сыстэмнай траўмы, якія адчувае як нябелы, трансгендерны мігрант у «белай», кансэрватыўнай Амэрыцы.

24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка павялічыў тэрмін бязьвізавага знаходжаньня грамадзянаў 80 краінаў да 30 дзён пры ўмове прылёту ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» і вылету тым жа шляхам. «Бязьвізам» нельга скарыстацца, прыляцеўшы з Расеі, бо на гэтых рэйсах няма памежнага кантролю.

Што важна ведаць:

  • 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
  • 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай. У ліпені афіцыйным міліцэйскім пратаколе аўтарам заявы назвалі кіраўніка МУС Ігара Шуневіча.
  • 21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За міліцыю для ўсіх». У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць выказваньняў МУС. На момант публікацыі пад пэтыцыяй падпісалася больш за 1800 чалавек.
  • 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбалю ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
  • 23 траўня міністар замежных справаў Уладзімер Макей заявіў, што існуе шэраг рэчаў, «непрымальных» для беларускага мэнталітэту. Макей адзначыў важнасьць і неадназначнасьць тэматыкі «правоў мяншыняў».
  • 7 чэрвеня Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных справаў» няма.
  • 7 ліпеня супрацоўнікі брытанскай амбасады ў Менску апрануліся ў колеры ЛГБТ-сьцяга.
  • За чэрвень-ліпень супрацоўнікі міліцыі зладзілі 3 аблавы падчас закрытых вечарынаў ЛГБТ-людзей і сьвінгераў. У затрыманьнях удзельнічаў АМАП. Заведзена крымінальная справа «за прастытуцыю».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG