Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады ня ўмешваюцца ў канфлікт вакол Курапатаў


Невядомыя павалілі крыжы ў Курапатах, ілюстрацыйнае фота

Зянон Пазьняк дадаў у супрацьстаяньне грамадзкіх актывістаў з уладальнікамі рэстарану «Поедем поедим» містычны і кансьпіралягічны аспэкты: «Бізнэс, прыбытковы інтарэс ёсьць толькі форма гэтага пляну. Зьместам зьяўляецца дывэрсійная апэрацыя падрыхтоўкі гібрыднай вайны плюс профільная арыентацыя рэстарану на цёмныя пласты грамадзтва».

Узьнікла дыскусія. Асабіста мне больш імпануе той бок, які параўноўвае ўладальнікаў рэстарану з бандытамі з 1990-х. Нічога акультнага ці змоўніцкага. Проста людзі так выхаваныя: грэбаваць чужымі пачуцьцямі. Людзей пад БЧБ успрымаюць так, як падавала афіцыйная прапаганда — кучка, штосьці нязначнае, ня вартае ўвагі.

Ад моманту падпісаньня дакумэнтаў на зямлю пад забудову тады яшчэ «Бульбаш-холу» мінуў дзясятак гадоў. Шмат што зьмянілася і ў грамадзтве, і, выглядае, ва ўладзе. Прынамсі, упершыню за часы Лукашэнкі працяглы грамадзкі канфлікт ёсьць, а ўлады пры ім няма. Дакладней, улада прысутнічае як бы збоку, нібы яе справа не датычыць. Разьбірайцеся там самі, мы міліцыю высылаем на ўсе выклікі: і таго боку, і другога.

Здавалася б, чаму на корані не спыніць штодзённыя пікеты, якія цягнуцца трэці месяц і канца ім не відаць? Улада ж спрактыкаваная ў разгонах. А з набліжэньнем восені варта чакаць узрастаньня пратэстаў супраць суседзтва рэстарана з Курапатамі. Больш за тое, упартасьць уладальнікаў рэстарану толькі падагравае тэму Курапатаў, пашырае інфармацыю і аб мэмарыяльным месцы, і аб пратэстах. І ўсё гэта бяз згадкі ўлады наагул і канкрэтных чыноўнікаў у прыватнасьці. А гэта значыць, што чым даўжэй будзе цягнуцца цяперашні стан рэчаў, тым болей ва ўлады будуць заставацца наступныя магчымасьці:

  1. Адцягваньне ўвагі ад тэмы карупцыі. Гэта чыноўнікі выдзялялі месца пад забудову ў ахоўнай зоне, а пасьля заднім чыслом гэтую зону перанесьлі. А тыя, хто ставіў подпісы, імаверна, раіліся зь яшчэ больш высокімі чынамі. Калі пачаць размотваць клубок, то невядома, да каго дойдзе нітка.
  2. Перанос энэргіі грамадзкіх актывістаў ад улады як такой на гора-прадпрымальнікаў. А прадпрымальнікі ў афіцыйнай прапагандзе ўсё яшчэ ворагі «простага народу». Адным хапіла летась чуцьця спыніць будоўлю ў ахоўнай зоне Курапатаў, а гэтым — не. Што ж, хай і далей адцягваюць увагу ад улады. Эканамічны стан наўрад ці палепшыцца найбліжэйшым часам, сацыяльныя пратэсты ўсё яшчэ маюць патэнцыял. А тут — выкапні з 1990-х.
  3. Магчымасьць для ўлады выступіць справядлівай, калі пратэсты з восені нарастуць і ўлада прыкрые «Поедем поедим», а заадно пакарае чыноўнікаў, якія падпісвалі дакумэнты на будаўніцтва.

Зрэшты, не выключаю, што ўлады могуць чакаць, калі ва ўладальнікаў рэстарану здадуць нэрвы. Адна справа, калі няма наведнікаў у мёртвы сэзон — пік лета. Іншая справа, калі пачынаецца восень — для рэстаранаў час зарабляньня грошай да Новага году ўключна. Ад вясельляў да карпаратываў. Не з абедаў жывуць рэстараны ў Менску. У горшым выпадку можна чакаць цітушак. Не міліцыянтаў у цывільным, а спэцыяльна нанятых гопнікаў. Чужымі рукамі «паганяць апазыцыю» — чаму не? Альбо наадварот — скарыстацца з сытуацыі, каб закрыць рэстаран і пазбавіцца напружанасьці ў грамадзтве.

Пакуль можна выстаўляць толькі вэрсіі пра маўчаньне ўлады. У кожным разе наўрад ці можна спужаць актывістаў абароны, многія зь якіх толькі на сутках правялі за жыцьцё не адзін год за кратамі, адстойваючы ўласныя прынцыпы і агульныя грамадзкія ідэі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG