Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць варыянтаў разьвіцьця беларускай мовы. Адказ Юрыю Зісеру


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Нават калі так здарыцца, што мы будзем размаўляць толькі па-расейску, гэта ня зьменіць нацыянальнай ідэнтычнасьці», — разважае ІТ-бізнэсовец Юры Зісер. У выказваньні маё вока зачапілася за слова «толькі». Зь яго вынікае, што Юры Зісер дапускае поўнае зьнікненьне беларускай мовы з камунікацыі.

Я далёкі ад думкі, што ў асягальнай будучыні літаратурная беларуская мова станецца асноўнай для большасьці насельніцтва Беларусі. У якасьці прыкладу маю перад вачыма сталіцу Ўкраіны Кіеў. Там варта сысьці з турыстычных маршрутаў, паехаць у спальныя раёны — і ты практычна не пачуеш украінскую мову ў жывой гаворцы.

Пры тым, што, у адрозьненьне ад Беларусі, у незалежнай Украіне не было мэтадычнага зьнішчэньня нацыянальнай ідэнтычнасьці наагул і разбурэньня нацыянальнай адукацыі ў прыватнасьці. Расейскамоўныя жыхары кіеўскіх жылых масіваў збольшага патрыёты, і — увага! — іх дзеці вучацца ва ўкраінамоўных школах. Масавы супраціў украінізацыі сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў Кіеве проста немагчыма ўявіць.

«Мова важная, але яна не асноўная. Навукоўцы за апошняе дзесяцігодзьдзе прышлі да высновы, што самае галоўнае ў этнасе — самасьвядомасьць», — цьвердзіць Юры Зісер. Менавіта: так і ёсьць. Таму, калі ты маеш нацыянальную самасьвядомасьць, ты ня будзеш супраць таго, каб твае дзеці, і тым больш унукі, жылі ў беларускамоўнай прасторы, хоць сам ты ў жыцьці расейскамоўны.

Юры Зісер
Юры Зісер

Прыгадайце хоць бы гісторыю з брэндам «Савушкін прадукт», які прагучаў сваёй заявай супраць беларускай мовы на ўпакоўцы прадукцыі. Крытыка ў сацсетках ішла ў асноўным ад расейскамоўных людзей. Галоўнае — самасьвядомасьць.

Пра тое, што беларуская нацыянальная самасьвядомасьць пашыраецца, сьведчыць хоць бы той факт, што дзяржава была вымушаная перахапіць у грамадзянскай супольнасьці ідэю з нацыянальным арнамэнтам і наагул пачаць хай сабе толькі вонкавую, але беларусізацыю. Бізнэс павялічвае колькасьць беларускамоўнай рэклямы. З апошняга выразнага — кліп «8 Сакавіка», які песьняй на літаратурнай беларускай мове рэклямуе тры вядомыя брэнды, у тым ліку той самы «Савушкін».

Але найперш для мяне пытаньне будучыні беларускай мовы ў Беларусі — гэта пытаньне правоў чалавека.

Уявім, што ў будучыні Беларусь ад аўтарытарызму вернецца да большай ці меншай дэмакратыі. Да шанаваньня правоў грамадзян. Да сытуацыі, калі краіна кіруецца не ў ручным, а ў аўтаматычным прававым рэжыме.

1. Інтэрнэт. Калі выйсьці па-за межы свайго акаўнта ў сацыяльнай сетцы, можна заўважыць, што беларуская мова ўжо цяпер вельмі актыўна прысутнічае ў байнэце. Прычым многія з тых, хто піша па-беларуску, у жыцьці часта карыстаюцца расейскай мовай. Прычыны розныя — ад «няма асяродзьдзя» да палітызаванасьці ўжываньня беларускай мовы, якая з падачы найвышэйшага кіраўніцтва краіны маркіруецца як «апазыцыйная».

2. Палітыка. «Апазыцыйнасьць» беларускай мовы застанецца ў гісторыі як гістарычны анэкдот. Большая ці меншая дэмакратызацыя верне ў Беларусь большую павагу да законаў і да правоў грамадзян. Адпаведна, зьявіцца магчымасьць беларускамоўнай адукацыі на ўсіх узроўнях.

3. Законнасьць. Выкананьне закону аб мовах будзе вымагаць ад дзяржаўных службоўцаў веданьня беларускай мовы. Гэта станецца стымулам вывучаць беларускую мову для многіх беларусаў, якія традыцыйна зьвязваюць сваю кар’еру зь дзяржаўнай службай.

4. Грамадзянская супольнасьць. Разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ў будучыні толькі паспрыяе разьвіцьцю беларускай мовы. Што мы бачым і цяпер у неспрыяльных умовах на прыкладзе «Мовы нанова», «Symbal.by» ды іншых нацыянальна арыентаваных праектаў, якія дзейнічаюць насуперак уціску з боку дзяржавы. Пры больш спрыяльных умовах падобных праектаў будзе болей. Нацыянальная ідэнтычнасьць, нацыянальная адметнасьць — не пусты гук для вельмі многіх людзей.

5. Дзяржава. Уявім што ў палітычнае жыцьцё вяртаюцца партыі і парлямэнт зноў робіцца сапраўдным заканатворчым органам. Цалкам верагодная дзяржаўная пратэкцыя адраджэньню нацыянальнага — гэта распаўсюджаная практыка ў сьвеце. Беларускамоўная прадукцыя можа абкладацца меншым падаткам, а ў дзяржаўных установах за працу на беларускай мове работнікам могуць даплачваць пэўны адсотак. Зьявіцца эканамічны стымул для працы зь беларускай мовай. Падобнае ўжо не бяз посьпеху практыкавалі на пачатку 1990-х.

Хай сабе ня ўсе 9,5 млн насельніцтва, але дастаткова вялікая колькасьць людзей будзе падтрымліваць і разьвіваць беларускую мову так, як гэта адбываецца цяпер у сеціве і на ўзроўні грамадзкіх ініцыятываў. З падтрымкай дзяржавы — на новым узроўні.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Дракахруст спрачаецца зь Зісерам наконт нацыянальнай ідэі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG