Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве разьвіталіся зь пісьменьнікам Уладзімірам Войнавічам


Чытачы і сябры Ўладзіміра Войнавіча разьвіталіся зь пісьменьнікам у панядзелак у Цэнтральным доме літаратараў. Войнавіча, які памёр у ноч на 28 ліпеня, пахавалі на Траякураўскіх могілках у Маскве.

Аўтар трылёгіі пра салдата Івана Чонкіна бескампрамісна бараніў правы і годнасьць чалавека. Сёлета ў траўні ён падпісаўся пад патрабаваньнем перадаць асуджанага ў Расеі ўкраінскага рэжжысэра Алега Сянцова уладам Украіны. Войнавіч ня раз выказваўся і пра падзеі ў Беларусі.

Уладзімір Войнавіч пра рэстарацыю ў Курапатах

Апошняе інтэрвію Войнавіча Радыё Свабода 8 чэрвеня 2018 году было зьвязана з пратэстамі супраць рэстарацыі «Поедем поедим» у менскіх Курапатах:

«Я ведаю пра Курапаты пад Менскам і перакананы, што памяць ахвяраў сталінізму павінна паважацца. ​Рэстаратары няправільна зрабілі, можна было пабудаваць рэстаран на месцы, якое больш пасуе для яго. Калі грамадзкасьць настойвае, то гэты рэстаран усё роўна прыбяруць адтуль, бо рэстаратары звычайна — гэта практычныя людзі. Калі іх бізнэсу нешта будзе моцна перашкаджаць, яны сыдуць. Я супраць таго, каб людзі грэбавалі памяцьцю пра такія рэчы, і тым больш каб яны сыпалі соль на раны людзей, для якіх гэта вельмі адчувальна. Гэта недапушчальна», — казаў Войнавіч.

Салдат Уладзімір Войнавіч

Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук з нагоды 85-годзьдзя Войнавіча прыгадаў, як пасьля Плошчы-2010 пісьменьнік у адрозьненьне ад некаторых сваіх вядомых суайчыньнікаў, адразу пагадзіўся напісаць ліст у Менскую турму КДБ. Там тады сядзелі былыя кандыдаты ў прэзыдэнты, апазыцыйныя лідэры і іх прыхільнікі.

«Ён ведаў, што такое баявыя дзеяньні, хаця ваяваў бяз зброі ў руках — але гэта была вайна з КДБ, з Саюзам савецкіх пісьменьнікаў, з савецкімі газэтамі, з савецкай уладай увогуле. А таксама — зь недагаворкамі, з сарамлівым маўчаньнем, з заслужанымі і дзьмутымі аўтарытэтамі, з мазгамі, захламленымі дзесяцігодзьдзямі рабства. Ён заставаўся верным самому сябе і свайму дару іроніі і сьмеху», — віншаваў Войнавіча зь юбілеем Лукашук.

Уладзімір Войнавіч пра тое, на якім баку ваяваў бы Чонкін на ўсходзе Ўкраіны

Ганна Соўсь: Барыс Нямцоў казаў, што новая дэмакратычная Беларусь непазьбежна стане часткай аб’яднанай Эўропы і, такім чынам, пакажа прыклад Расеі. «Чым хутчэй пераможаце вы, тым хутчэй пераможам мы», казаў ён. Ці вы згодныя?

Уладзімір Войнавіч: Згодны. Усё залежыць ад кіраўніцтва. «Бацька» ваш сыдзе куды-небудзь урэшце калі-небудзь. Справа ў тым, што невялікія нацыянальныя краіны больш рухомыя. Расея як вялікі цяжкі карабель разгортваецца з цяжкасьцю. Расея — гэта ўсё роўна «саюз непарушны», гэта Татарстан, Якуція, Каўказ, і ўсё гэта разам гэта вельмі цяжка разгарнуць. А ў вас адбудуцца пэўныя падзеі, зьменіцца рэжым і ўзьнікне адразу іншая абстаноўка... Усё роўна і расейскі, і ўкраінскі, і беларускі народы — яшчэ савецкія. Гэта трэба ўсім пераадольваць, але мне падаецца ў параўнальна невялікай краіне ўсё лягчэй адбываецца.

Соўсь: Ці вы верыце ў магчымасьць «Менскага міру» ў расейска-ўкраінскім ваенным канфлікце?

Войнавіч: Я думаю, што калі перамір’е некаторы час працягнецца, яно будзе ўсё роўна ненадзейным, таму што, мне падаецца, абодва бакі будуць назапашваць сілы для далейшых схватак. Хацелася б, каб на гэтым усё скончылася, але там жа праблема не вырашаецца, таму што Кіеў не пагодзіцца на тое, каб аддаць гэтую частку Данбаса невядома каму. І тыя не пагаджаюцца. Тыя ўвогуле вельмі агрэсіўныя... Між іншым і беларусы — таксама расейцы паводле іх. Лукашэнка, праўдападобна, разумее гэта, і ён цяпер выказвае некаторыя рэчы, якія мне нават падабаюцца. Я сачу за тым, што адбываецца ў Беларусі...

«Прамая лінія» Ўладзіміра Войнавіча

Сёлета ў чэрвені Уладзімір Войнавіч узяў удзел у гадзінным відэаэфіры расейскай службы Свабоды. Ён адказаў на пытаньні пра Ўладзіміра Пуціна, спадчыну Сталіна, расейскую апазыцыю, антысэмітызм у Расеі, давер да ўлады і свой новы раман.

Уладзімір Войнавіч пра 100-годзьдзе рэвалюцыі і пра тое, як сьмяюцца з Пуціна і Лукашэнкі

«Расея была адсталая краіна, і таму на яе вучэньне марксізму „лягло“ так добра, што ў цэлым не разабраўшыся, сталі яго ўкараняць», — камэнтаваў Войнавіч 100 год Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Войнавіч: калі з уладаў сьмяюцца, яны гэта вельмі хваравіта ўспрымаюць

Летась у красавіку тэлеканал «Настоящее время» зрабіў вялікае інтэрвію з пісьменьнікам.

Уладзімір Войнавіч: глупства і пошласьць становіцца сьцягам нашага часу

«Справа ў тым, што іншадумцы, як нейкая група людзей ці нейкая супольнасьць людзей, яны вельмі разнастайныя. Вядома, сапраўдны іншадумец гэта той, хто нарадзіўся, які глядзіць інакш. А ёсьць такія, якія па абставінах прыстасоўваюцца. Але сапраўднае іншадумства, гэта калі чалавек думае ня так, і тым самым ніяк ня можа дагадзіць грамадзтву», — казаў Войнавіч у 2012 годзе.

Сярод знакамітых твораў Войнавіча — антыўтопія «Масква 2042», аповесьці «Шляхам узаемнага ліставаньня», «Шапка» і «Манумэнтальная прапаганда». Раман «Жыцьцё і незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» пераклалі на дзясяткі моваў сьвету і двойчы экранізавалі.

Войнавіч неаднаразова крытыкаваў палітыку Ўладзіміра Пуціна. На пачатку 2000-х пісьменьнік выступаў у абарону тэлеканала НТВ і супраць вайны ў Чачні. Апошнія гады Войнавіч падтрымоўваў расейскіх і ўкраінскіх палітвязьняў.

Уладзімір Войнавіч нарадзіўся 26 верасьня 1932 году ў Душанбэ. У 1956 годзе пісьменьнік пераехаў у Маскву. У 1960-х гадах ён прымаў актыўны ўдзел у руху з правы чалавека. У 1980 годзе Войнавіча праз яго творы пазбавілі савецкага грамадзянства і выслалі з краіны. Назад пісьменьнік вярнуўся толькі праз 10 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG