Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі дзёньнік, ч.3. Войнавіч: «Зьдзіўляе бязмозгасьць дыктатараў»


З Уладзімерам Войнавічам мы дамовіліся сустрэцца на прыпынку, наступным пасьля прыпынку «Школа», на трыццаць-нейкім кілямэтры ад Масквы. «А як здагадацца, ці тая гэта школа?» — спытаўся я. «Там адна школа. Пазвоніце, і я сустрэну вас на машыне, бо самі вы не даберацеся».

Да Войнавіча сапраўды дабрацца няпроста — мы праяжджалі нейкія паселішчы, вырульвалі на вузкія дарогі, праехалі праз шлягбаўм — пакуль не апынуліся перад ягоным катэджам. Суседні дом належыць Эльдару Разанаву — я так і не набраўся нахабства запытацца, як камунікуе Ўладзімер Мікалаевіч з Эльдарам Аляксандравічам, зь якім яны даволі моцна пасварыліся на глебе няўдачы зь меркаванай экранізацыяй «Чонкіна».

Я ведаў, што апошнія гады Войнавіч шмат малюе — што родніць яго з Васілём Быкавым. Але калі Быкаў прытрымліваўся ў сваім жывапісу і графіцы рэалізму, дык Войнавіч абраў для сябе стыль, вядомы як «прымітывізм» ці «наіўнае мастацтва».

Мне падавалася, што гэта цалкам спалучаецца са стылем прозы Войнавіча — сатырычнай, гратэскнай — і я спадзяваўся ўбачыць на сьценах ягонага дому выявы Чонкіна. Але ніводнага Чонкіна не было — затое было шмат аўтапартрэтаў. Напісаных не без самаіроніі.

І апошняя кніга Войнавіча мае назоў — «Аўтапартрэт». Гэта мэмуары — пра тое, як заможнае жыцьцё аўтара папулярных песьняў (адну зь іх — пра «пыльные тропинки далёких планет» — сьпявалі Гагарын у космасе і Хрушчоў на маўзалеі) — зьмяніла дысыдэнцтва, з падтрымкай Сіняўскага і Даніэля, Салжаніцына і Сахарава, з выключэньнем з Саюзу пісьменьнікаў і вымушанай эміграцыяй (між іншым, Войнавіч мае ўласны сайт — там і біяграфія, і тэксты, і жывапіс).

Наша гутарка з Уладзімерам Войнавічам пачалася з Васіля Быкава — як магло б падацца, бясконца далёкага паводле тэматыкі і творчай манеры.

— Пісьменьнік, якога я лічу блізкім, не абавязкова павінен супадаць са мной у мэтадзе, — кажа Войнавіч. — У кожнага пісьменьніка свой характар, свой жыцьцёвы досьвед. Неабавязковая блізкасьць у манеры адлюстраваньня жыцьця. Могуць быць і розныя адносіны да жыцьця — сур’ёзнага ці гумарыстычнага. Быкаў для мяне ня быў і ня мог бы быць нейкім кшталту настаўніка — незалежна ад таго, наколькі ён быў за мяне старэйшы. Але такая ўедлівасьць ягоная, ягонае капаньне ў глыбінях чалавечае душы — гэта мяне вельмі падкупляльна. Неабавязковая блізкасьць у манеры адлюстраваньня жыцьця.

З пісьменьнікаў, якія пісалі пра вайну, я б вылучыў траіх: гэта Віктар Някрасаў, Васіль Гросман і Васіль Быкаў. Нікога не хачу пакрыўдзіць, але іншыя, мне здаецца, не такія моцныя. А Быкаў адрозьніваўся тым, што ён быў вельмі сумленны пісьменьнік. І праблема сумленьня была цэнтральнай для шмат якіх ягоных рэчаў.

Уладзімер Вайновіч і Сяргей Навумчык. Сьнежань 2012.
Уладзімер Вайновіч і Сяргей Навумчык. Сьнежань 2012.
— Вам давялося шмат гадоў правесьці ў выгнаньні — Быкаў таксама апошнія гады правёў не на Радзіме. Чаму ўсе аўтарытарныя кіраўнікі, дыктатары, канцэнтруюць сваю ўвагу на творцах? Альбо гэта вынікае з унутранага непрыняцьця свабоды (а свабода для творчасьці — першая ўмова), альбо гэта нейкая чалавечая зайздрасьць — да славы, павагі, да прыгаданага Вамі сумленьня?

— Ну па-першае, я думаю, што ў гэтым канкрэтным выпадку тут — усё Вамі пералічанае. У савецкі час дзейнічалі іншыя псыхалягічныя мэханізмы. А што датычна Лукашэнкі, дык, наколькі я сабе яго ўяўляю, гэта чалавек заганны, чалавек са шмат якімі комплексамі. А вось што ў дыктатараў бывае агульнае — яны хочуць быць у цэнтры ўвагі ва ўсіх якасьцях — і як розум, і як гонар, і як сумленьне нацыі. А тут вось ёсьць нейкі Быкаў, хто ён такі? Пакуль Лукашэнка быў дырэктарам саўгасу — Быкаў для яго быў недасягальная велічыня. А калі ён зрабіўся дыктатарам, усе тыя, хто прыцягвае да сябе ўвагу, яго раздражняюць. Акрамя таго, дыктатары звычайна любяць, каб пісьменьнік нейкім чынам выконваў і волю дыктатара. Можа быць, каб ён пра яго напісаў, ці напісаў, як жыцьцё пад кіраўніцтвам гэтага слаўнага правадыра. А Быкаў, відавочна, гэтыя рэцэпты не выконваў. У савецкія часы Быкаў не быў дысыдэнтам — хаця пры мне ён падпісаў адзін з калектыўных лістоў, у абарону Гінзбурга, Галанскага і іншых. Па-мойму, зрабіў гэта з вялікай неахвотай — але павінен сказаць, што я таксама рабіў гэта зь вялікай неахвотай, але — трэба было. Калі жывеш у Маскве, дык пазьбегнуць гэта цяжка. Быкаў прыехаў ў Маскву, яго захапілі, сунулі яму гэты ліст — я бачыў, што яму тое было ня вельмі... Але дысыдэнт пісьменьнік ці не — ён усьведамляе, што ў яго ёсьць магчымасьць сябе выявіць, і вось зьдзейсьніць ён нейкі ўчынак — гэтым учынкам ён, магчыма, нікому не дапаможа, а сваёй магчымасьць друкавацца і данесьці да людзей тое, што ён можа ў гэтых умовах данесьці — ён пазбавіцца. Быкаў жыў не ў Маскве і ў гэтым дысыдэнцкім руху не ўдзельнічаў. Але калі савецкая ўлада ў канцэнтраваным выглядзе вярнулася ў Беларусь, і калі ён апынуўся ў цэнтры гэтага новага ўтварэньня — тады ягоная сытуацыя ўскладнілася.

— Паколькі мы закранулі Лукашэнку — што такі чалавек мог бы рабіць у Вашых раманах?

— У мяне ёсьць падобныя пэрсанажы. У мяне ў другой кнізе ёсьць такі сакратар абкаму Худобчанка, ён вельмі падобны на Лукашэнку. Але насамрэч не абавязкова апісваць дыктатара літаральна. Напрыклад, мяне не падмывала ніколі напісаць Брэжнева, альбо Чарненку ці Андропава канкрэтна. Таму што важныя абагульненьні, і вось такі абагульнены характар — гэта якраз цікава.

— У студзені 2011-га Вы напісалі адкрыты ліст беларускім палітвязьням у «амэрыканку». Прайшло амаль два гады — палітвязьні ў Беларусі засталіся. Адзіная эўрапейская краіна, дзе ёсьць палітычныя зьняволеныя...

— Як я магу ставіцца да наяўнасьці ў Беларусі палітвязьняў? Натуральна, я стаўлюся да гэтага — ня ведаю нават, як вызначыць — неабыякава, з абурэньнем. Я нядаўна выступаў у абарону Ірыны Халіп, зь якой калісьці пазнаёміўся ў Менску, гадоў 15 таму.

Робяцца проста дзікунскія рэчы — тое, што краіна знаходзіцца ў Эўропе, гэта мяне не зьдзіўляе. Да нядаўняга часу Альбанія была «яшчэ бліжэй». Мы таксама часткова ў Эўропе, і ў Расеі, як кажуць, цяпер «лукашанізацыя» адбываецца. А гэта ўвогуле дзікунства, сярэднявечча. З жахам гляджу на тое, што адбываецца. Акрамя таго, людзі зьнікаюць невядома куды. І падазрэньне натуральна падае на ўладу, на Лукашэнку.

Увогуле, мяне зьдзіўляе, калі я гляджу на такіх дыктатараў, зьдзіўляе іх бязмозгасьць, акрамя ўсяго іншага. Бо павінен жа ён усьведамляць, па-першае, што чым даўжэй ён сабе працягвае тэрмін праўленьня, выкарыстоўваючы розную палітычную эквілібрыстыку, чым менш легітымным робіцца ягонае кіраваньне, тым болей нянавісьці ён выклікае і будзе выклікаць. Нянавісьць, грэблівасьць — няўжо чалавеку гэтага хочацца?

Вось ён бы пабыў, колькі там па канстытуцыі беларускай дапускаецца, два тэрміны, скажам. Пабыў бы, пайшоў бы і — нягледзячы на тое, што нарабіў — калі б выканаў гэта, сышоў бы з гонарам нейкім. А калі ён сабе тэрміны ўвесь час працягвае, ён нарываецца на тое, што людзі яго ненавідзяць і будуць ненавідзець яшчэ болей, і шанцы, што ён скончыць сваё жыцьцё вельмі дрэнна, яны таксама рэзка павялічваюцца ў такіх выпадках.

Таму што калі ў людзей няма шанцаў мяняць уладу законным чынам — праз выбары, нармальныя дэмакратычныя працэдуры — тады ўрэшце дыктатар сам сябе заганяе ў кут, таму што чым далей ён знаходзіцца ва ўладзе, тым меней у яго застаецца шанцаў сысьці проста так. Ён жа сам ня можа, бо вязьне ў сваіх злачынствах, яму трэба трымацца ва ўладзе да канца, колькі здолее. А што будзе потым? Але павінен ён усё ж разумець, што цяпер усясьветныя падзеі разьвіваюцца значна хутчэй, і тое, што можа сьніцца яму ў нейкіх кашмарах, можа здарыцца ня сёньня, дык заўтра. І перад вачыма ягонымі павінны быць розныя прыклады — кшталту прыкладаў Чаўшэску, Мубарака, Кадафі.

Чалавек, які гэтак топча ўсе правы чалавека, законы і канстытуцыю ўласнай краіны, безумоўна, паддае сам сябе вялізнай рызыцы скончыць сваё жыцьцё вось такім — мала таго, што жудасным для яго — але яшчэ і бясслаўным чынам. І загінуць, прычым загінуць у пагардзе народу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG