Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэдыт стаў апошняй кропляй. У Гомлі знайшлі павешаным 47-гадовага мужчыну


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Жыхара Гомля знайшлі павешаным на турніку ў двары. Асноўная вэрсія — суіцыд.

Сябры Івана* ў шокавым стане. Адзін зь іх выказаў Свабодзе сваё меркаваньне пра прычыны верагоднага самагубства.

«Нявыплачаныя даўгі банку, жонка падала на развод, прымусовае, праз суд, высяленьне з бацькоўскай кватэры. На гэтым настойвала жонка ягонага таты. Пасьля гэтага куды яму было — у бяздомныя?» — сказаў Ігар*, адзін зь сяброў нябожчыка.

«Набіраў на дамафонах кватэры сяброў — але нікога не было»

Іван загінуў у суботу 21 ліпеня. Потым знаёмыя ўзгадалі, што ў дзень трагедыі бачылі мужчыну ў двары, дзе жылі яго сябры.

Быў моцны дождж. На вуліцы нікога не было, апроч самотнага мужчыны. Ён хадзіў і хадзіў туды-сюды з чырвоным файлам у руках — там былі дакумэнты, у тым ліку крэдытныя дамовы і карта растэрміноўкі. Па ёй у мужчыны былі нявыплачаныя даўгі, на якія набегла вялікая пеня.

«Ня ведаю, як так сталася? — кажа Іванаў сябра Ігар.— Ці зоркі так сышліся, ці ўсё ў сьвеце склалася супраць яго. У Ігара было шмат сяброў. І ён усім заўсёды дапамагаў. Шырокая, адкрытая душа — нікому не адмаўляў! І яму б ніхто не адмовіў у дапамозе. Але зноў жа — так склалася, што ён нядаўна згубіў пашпарт і тэлефон. У выніку нікому зь сяброў ня мог патэлефанаваць. Хадзіў па двары і набіраў на дамафонах кватэры сяброў. Якраз так склалася, што нікога не было дома. Ён шукаў, шукаў каго-небудзь — і нікога ў той дзень не сустрэў!»

У суботу Іванавы сябры былі хто на лецішчы, хто на рыбалцы, хто ў гаражы.

Івана знайшлі павешаным на турніку ў суседнім двары. Па словах сябра, ён зьняў крыжык, напісаў перадсьмяротную запіску, склаў усё ў чырвоны файл.

«Ён напісаў, што слабак. Хоць гэта няпраўда! Ён заўсёды быў моцным чалавекам. Напісаў, што ня можа сплаціць крэдыты, што праблемы з жонкай, бацькам, мачыхай... Прымусовае высяленьне праз суд. Напісаў, што дзеці ўжо дарослыя. Прасіў ва ўсіх прабачэньня», — кажа сябар.

Апошнія дні начаваў у сваім аўтамабілі

Сябра кажа, што Іван быў тройчы жанаты. Ад першых двух шлюбаў было трое дзяцей. Яны ўсе дарослыя, маюць добрую адукацыю, працуюць.

«Першай жонцы ён пакінуў кватэру. Сам прапісаўся да бацькі. Маці яго рана памерла — ад анкалёгіі. Нядаўна бацькава жонка, выходзіць, яго мачыха, пачала працэс па прымусовым высяленьні Івана з роднай кватэры. Куды яго было высяляць? У бяздомныя? З трэцяй жонкай ён жыў на найманай кватэры. Нядаўна жонка падала на развод», — кажа Ігар.

Апошнія дні Іван начаваў у сваім аўтамабілі. 17 ліпеня ў суд паступіла заява ад сваякоў Івана — пазоў «аб прызнаньні не набыўшым права валоданьня і карыстаньня жылым памяшканьнем». Праз чатыры дні мужчына пайшоў з жыцьця. Позва ў суд прыйшла яму ўжо пасьля сьмерці.

«Мы б сплацілі хуценька ўсе яго даўгі!»

Найбольш Ігару не дае спакою той факт, што адной з прычын самагубства Івана сталі крэдыты.

«Каб мы ведалі тады... Каб ён папрасіў дапамогі, сустрэўся з намі — мы б хуценька скінуліся і сплацілі ўсе яго даўгі, усю тую карту растэрміноўкі. У яго і радня заможная — дапамаглі б усе яму. Але ў той дзень Іван застаўся адзін», — бядуе Ігар.

На пахаваньні было шмат людзей. Шматлікія сябры, аднаклясьнікі, аднакурсьнікі з каледжу і ўнівэрсытэту, дзе вучыўся Ігар, прыйшлі зь белымі ружамі.

Сьледчы камітэт паведаміў, што праводзіць праверку па факце самагубства жыхара Гомля 1971 году нараджэньня.

* Імёны з этычных меркаваньняў зьмененыя.

Мянчук два гады хаваўся ў лесе пад Жодзінам ад міжнароднага вышуку. Апазналі «па манэры нашэньня кепкі»

«Прабачце, маліцеся». У Гомлі ўчыніла самагубства маці дваіх дзяцей

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG