Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яе забіў Парыж». Жыцьцё і сьмерць адной з заснавальніц Femen 


Аксана Шачко (1987–2018).

23 ліпеня ў сваёй кватэры ў прыгарадзе Парыжу была знойдзена павешанай 31-гадовая ўкраінка, адна з заснавальніц Femen і мастачка Аксана Шачко.

У 2013 годзе пасьля нападаў ва Ўкраіне на прадстаўнікоў руху Францыя дала некалькім актывістак, уключаючы і Аксану Шачко, палітычны прытулак. Асноўная вэрсія францускай паліцыі — самагубства, аднак канчатковыя высновы будуць апублікаваныя пасьля экспэртызы. Інфармацыя пра знойдзеную ў кватэры перадсьмяротную запіску не пацьвердзілася. Прэса сьцьвярджае, што да гэтай трагедыі былая актывістка Femen двойчы спрабавала зьвесьці рахункі з жыцьцём. Аднак, па словах сяброў і паплечнікаў Аксаны, ім пра гэта нічога не вядома.

Цела Аксаны Шачко выявілі яе францускі бойфрэнд Нікола і сяброўка Марыя Сільчанка, якія вырашылі ўзламаць дзьверы кватэры мастачкі пасьля двух дзён яе пошукаў. Паліцыя адразу ж паведаміла пра знойдзеную перадсьмяротную запіску са словамі на ангельскай мове: «Вы ўсё фэйк». А ў Instagram Аксаны 20 ліпеня, у дзень, калі ўкраінку апошні раз бачылі жывой, было разьмешчана фота яе карціны з такімі самымі словамі. Зрэшты, як распавяла экс-актывістка руху Femen Аляксандра Шаўчэнка, якая жыве ў Парыжы, інфармацыя аб разьвітальнай запісцы не пацьвердзілася:

«Апублікаванае ў прэсе паведамленьне, што нібыта яна пакінула разьвітальную запіску, было няпраўдай. Гэта памылка паліцыі. Ніякай разьвітальнай запіскі не было. Запіскай палічылі запіс у яе дзёньніку, зробленую задоўга да трагедыі, і цяпер паліцыя абвергла сваю заяву. Таму асабіста для мяне загадак узьнікае яшчэ больш. Так, жыцьцё яе ў Парыжы была вельмі складанае і цяжкае, але вонкава, мне здавалася, што ў апошні год яе жыцьцё максымальна наладзілася. Таму што нарэшце ў яе зьявілася сваё жыльлё, яна паступіла і апошні год вучылася ў Акадэміі прыгожых мастацтваў, у яе там была майстэрня, дзе яна пісала карціны. І ўсё гэта давала ёй магчымасьць спакойна займацца творчасьцю».

Яшчэ ў школьным узросьце Аксана вывучыла іканапісную тэхніку і ў францускай сталіцы рабіла ў галерэях паказ сваіх правакацыйных карцін. Сярод яе работ ёсьць выявы Божай Маці ў паранджы і анёл з аўтаматам Калашнікава. Яна часта жыла ў сяброў і толькі прыкладна месяц таму пераехала ў прадстаўленае ўладамі сацыяльнае жыльлё. Па словах Аляксандры Шаўчэнкі, пакуль няма ніякіх падставаў казаць аб тым, што Аксану маглі забіць. Афіцыйныя высновы паліцыя абвесьціць пасьля атрыманьня вынікаў мэдыцынскай экспэртызы.

«Напэўна, будуць недзе праз тыдзень, паколькі лета і ў Парыжы многія знаходзяцца ў адпачынку. Але паліцыя ня робіць ніякіх намёкаў і здагадак адносна таго, што гэта магло быць не самагубства. Бліжэйшыя сябры Аксаны таксама ня лічаць, што гэта магло быць забойства».

Вядома, што за некалькі дзён да трагедыі мастачка пасварылася са сваім хлопцам Нікола. Яе бліжэйшая сяброўка Марыя Сільчанка ў камэнтары ўкраінскаму тэлеканалу «1 + 1» заявіла, што Аксана дакладна пайшла з жыцьця не праз гэтую сварку. Сільчанка лічыць, што Аксану забіў Парыж:

«Зь яе бурнай энэргіяй вельмі цяжка жыць у Парыжы. Гэта не яе асяродзьдзе. Хадзіць па вэрнісажах, мець зносіны з галерыстамі і выдаваць сябе за тую, кім яна не зьяўляецца, — гэта яе забіла. Яна лічыла ўсе непраўдзівым, фэйкавым, што людзі пастаянна прадстаўляюць зь сябе нешта, а яна была сумленнай, сапраўднай. Яна думала, што лепей будзе жыць у 30 гадоў, а ў выніку жыла ў галечы, у яе ніколі не было грошай, усё гэта было для яе вельмі цяжка».

Акцыя Femen насупраць будынка КДБ у Менску ў 2011 годзе
Акцыя Femen насупраць будынка КДБ у Менску ў 2011 годзе

Аксана Шачко родам з Хмяльніцкага. Дзесяць гадоў таму разам з Ганнай Гуцол і Аляксандрай Шаўчэнкай яна заснавала ў Кіеве рух Femen, які хутка заваяваў папулярнасьць дзякуючы эпатажным топлес-акцыям пратэсту. У сьнежні 2011-га пад КДБ у Менску актывістка з паплечнікамі патрабавала вызваліць беларускіх палітвязьняў.

Празь некалькі месяцаў Аксана пратэставала ў Маскве каля будынку «Газпрома» супраць шантажу Ўкраіны, а падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі ў 2012-м яна і яшчэ трое дзяўчат уварваліся на выбарчы ўчастак, дзе да гэтага галасаваў цяперашні гаспадар Крамля, пры гэтым Шачко скандавала: «Пуцін — злодзей!»

У 2013 годзе дзяўчына зьнялася ў дакумэнтальным фільме «Украіна не бардэль», а годам пазьней удзельнічала ў здымках яшчэ адной дакумэнтальнай стужкі Je suis Femen ( «Я — Femen») Алэна Марго.

«Сьмелая, дзёрзкая і ранімая» — так характарызуе адну з заснавальніц Femen яе паплечніца Яна Жданава.

«Аксана заўсёды была вельмі рэвалюцыйная, сьмелая і разумная. Вельмі шмат чытала і шмат спрачалася. Мы зь ёй часта разважалі пра палітыку і наогул аб сацыяльнай арганізацыі грамадзтва. На ўсё ў яе былі свае погляды. Яна была вельмі творчым і адчувальным чалавекам, свабоднай і незалежнай», — падкрэсьлівае Жданава.

Аляксандра Шаўчэнка, Аксана Шачко і Яна Жданава
Аляксандра Шаўчэнка, Аксана Шачко і Яна Жданава

СМІ, тым часам, паведамляюць пра самыя розныя вэрсіі прычын, якія падштурхнулі Аксану сысьці з жыцьця. Сьцьвярджаецца, што яна была вельмі замкнёная, адкрывалася толькі ў творчасьці і тужыла па мінулым жыцьці — бунтарскім акцыях з Femen. Гэтым успамінам прысьвечаныя большасьць яе апошніх пастоў у сацыяльных сетках. Яна Жданова працягвае:

«Мы можам меркаваць усё, што заўгодна, будаваць свае вэрсіі, але мы не даведаемся, якая насамрэч была рэальная прычына. Калі мы пераехалі ў Парыж, у нас тут зьявілася мноства праблем, у тым ліку і зьвязаных з адаптацыяй да новага грамадзтва, да новага ладу жыцьця. і што на нас вельмі моцна паўплывала і стала падставай для дэпрэсіі. Асабліва Аксана цяжка перажывала канфлікты ўнутры арганізацыі. Нас не хацелі прымаць у свае шэрагі францускія актывісткі на чале з Інай Шаўчэнкай. Яны рабілі ўсё, каб атруціць нам тут жыцьцё, каб мы пакінулі арганізацыю. Бруду было столькі... Ганна Гуцол думала толькі аб тым, як ёй на нашых акцыях зарабіць грошы. Гэта было вельмі цяжка перажываць, і гэта прыводзіла да дэпрэсіўнага стану. Калі ты прысьвяціў частку свайго жыцьця агульным справе і людзі, якія з табой побач стаялі, раптам табе здраджваюць, выкарыстоўваюць, выкідваюць <з Femen> — гэта, паверце, вельмі цяжка перажываецца».

У жніўні 2012-га, у дзень суду ў Расеі над удзельніцамі групы Pussy Riot Іна Шаўчэнка сьпілавала пры дапамозе бэнзапілы крыж у цэнтры Кіева на знак салідарнасьці з падсуднымі. Пасьля відовішчнай акцыі ідэоляг «крыжапавалу» уцякла ў Францыю. Там Шаўчэнка ўлілася ў шэрагі францускіх Femen, якіх стварыла фэміністка Сафіа Лебдзі. Праз прыкладна год у Парыж перабраліся Аксана Шачко, Яна Жданава і Аляксандра Шаўчэнка.

Усе трое ў апошні раз удзельнічалі ў акцыі Femen супраць лідэра «Бацькаўшчыны» Юліі Цімашэнкі ля Эйфелевай вежы ў 2014-м. Былую ўкраінскую прэм’ер-міністарку актывісткі тады называлі «марыянэткай Масквы». У гэтым жа годзе, па словах Аляксандры Шаўчэнкі, усіх траіх выправадзілі з руху Femen-Францыя, але гэта не было зьвязана з акцыяй супраць Цімашэнкі:

«Сапраўды, у 2014 годзе Femen-Францыя на чале з Інай Шаўчэнкай нас выгналі з арганізацыі. Калі мы прыехалі ў Парыж, уцякаючы ад перасьледаў ва Ўкраіне, ратуючыся ад турмы і, магчыма, ад сьмерці, яны нас ня тое што не прынялі, іх першае пытаньне, калі мы сустрэліся, было: навошта вы сюды прыехалі, адпраўляйцеся ў іншую любую краіну, вы — канкурэнткі, і вы нам тут не патрэбныя. І для мяне, і для Аксаны, і для Яны — гэта быў найвелізарны ўдар і здрада, якія мы вельмі цяжка перажывалі, і асадак ад усяго гэтага застаецца да гэтага часу. Аказалася, што Іна і Femen-Францыя ператварылі арганізацыю ў нейкае канкурэнтнае асяродзьдзе, барацьбу за фатаграфіі, вокладкі часопісаў, за інтэрвію... І гэта супрацьлегласьць таго, што мы першапачаткова ўкладвалі ў Femen. Мы хацелі, каб арганізацыя абʼядноўвала дзяўчат, якія падтрымліваюць адна адну, робяць важную працу для грамадзтва, а яна, на жаль, ператварылася ў выніку ў нейкую карʼерную лесьвіцу для Іны Шаўчэнкі і Ганны Гуцол, якія прасоўваюць свае палітычныя інтарэсы».

Яшчэ адна заснавальніца Femen Ганна Гуцол у 2013-м таксама ўцякла з Украіны пасьля рэпрэсій і некаторы час жыла ў Францыі і Швайцарыі, а пасьля «рэвалюцыі годнасьці» вярнулася ў Кіеў. Зараз Гуцол працуе ў сталічным піяр-агенцтве і, як яна заяўляла раней у інтэрвію СМІ, не выключае стварэньня ва Ўкраіне жаночай палітычнай партыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG