Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістак FEMEN зьбілі, абстрыглі і без дакумэнтаў кінулі ў лесе

абноўлена

Акцыя кампаніі Femen насупраць беларускага КДБ 19 сьнежня

У Беларусі актывістак FEMEN зьбілі, абстрыглі і забралі дакумэнты. Пра гэта паведаміла лідэр ўкраінскай арганізацыі Ганна Гуцал, зь якой дзяўчыны выйшлі на сувязь.

0:49 Аляксандру Нямчынаву, Іну Шаўчэнка і Аксану Шачко вывезьлі консульскім аўто зь Ельскага РАУСу. Машына скіравалася ў бок украінскай мяжы, да памежнага пераходу Новая Рудня, паведамляе «Наша ніва».

23.40 Першыя фоты Femen на волі


23.46 Як перадае з месца падзеяў карэспандэнт БелаПАН, міліцыянты адвезьлі дзяўчат у Ельскі раённы шпіталь, дзе яны прайшлі мэдагляд. У бальніцы значных пашкоджаньняў у іх не выявілі, у асноўным - гематомы на руках і іншых частках цела. У момант калі міліцыя выводзіла актывістак з лякарні, журналістам удалося зрабіць фота і задаць некалькі пытаньняў дзяўчатам. Прадстаўніцы FEMEN паведамілі, што былі затрыманыя ўвечары 19 сьнежня на Усходнім аўтавакзале ў Мінску. Іх затрымлівалі шасьцёра мужчын, якія не прадставіліся, але адразу ж насунулі шапкі на вочы актывісткам і павезьлі іх у невядомым кірунку. Па словах дзяўчат, у выніку іх вывезьлі ў лес, дзе пагражалі і ўсяляк зьдзекаваліся, прымушалі распранацца дагала, аблілі галавы зялёнкай, прымушалі трымаць плякаты з фашысцкай свастыкай. Усё гэта здымалася на відэакамэру. У актывістак FEMEN адразу ж пры затрыманьні забралі мабільныя тэлефоны і дакумэнты. У выніку яны апынуліся ў паўтары кілямэтрах ад украінскай мяжы, выйшлі да вёскі Бекі, дзе зьвярнуліся да мясцовых жыхароў.


22.30 Прадстаўнік украінскай амбасады Аляксей Емельяненка паведаміў Радыё Свабода, што пасьля 22 гадзіны ён і украінскі консул прыбылі ў РАУС Ельскага раёну Гомельскай вобласьці, дзе знаходзяцца актывісткі Femen. Паводле словаў Емельяненкі, асаблівых зьнешніх прыкметаў гвалту на іх ня бачна, а толькі адрэзаныя валасы. Дзяўчаты скардзіліся, што іх білі палкамі па ягадзіцах. Міліцыя высьвятляе асобы дзяўчат, паколькі ў іх няма ніякіх дакумэнтаў.

«Мы спадзяемся, што іх неўзабаве ўдасца вярнуць ва Ўкраіну і будзем на месцы сачыць за іх лёсам», — сказаў Аляксей Емельяненка.

Дзе дзяўчаты будуць начаваць пакуль нявырашана.

21:30 Украінскія актывісткі Femen — у Ельскім райаддзеле міліцыі

19:20 Жыхары вёскі Бякі Ельскага раёну пацьвярджаюць, што 20 сьнежня пад вечар украінскія жанчыны, удзельніцы эпатажнага флэш-мобу ў Менску, сапраўды прыйшлі да іх у вёску. Яны былі зьняможаныя. Мясцовы жыхар спадар Юры даў ім свой тэлефон, каб украінкі змаглі датэлефанавацца да знаёмых і паведаміць пра сваё месца знаходжаньня.

Пасьля гэтага мясцовы жыхар Аляксандар прапанаваў ім зайсьці ў сваю хату, каб напаіць гарбатай. Жанчыны пагадзіліся.

У Ельскім райаддзеле міліцыі ў 16:45 нічога ня ведалі пра ўкраінак. Аднак прыкладна праз гадзіну прадстаўнік Скараднянскага сельсавету паведаміў, што ў Бякі выехала апэратыўная міліцэйская група зь Ельску, каб на месцы высьветліць, што здарылася з украінскімі грамадзянкамі.


Адна зь лідэраў руху FEMEN Ганна Гуцал заявіла Свабодзе:

«Яны жывыя, але не здаровыя і вельмі наляканыя, іх учора захапілі КДБ, усю ноч вазілі іх у машыне, потым вывезьлі ў лес, аблілі алеем, пагражалі падпаліць, потым пагражалі нажом, нажом рэзалі валасы, кавалкамі з галавы зразалі, здымалі гэта ўсё на відэакамэру, пакінулі іх у лесе. Яны вось зараз дабраліся да вёскі Бякі́ Ельскага раёну Гомельскай вобласьці, яны пабітыя, у іх забралі дакумэнты. Зараз амбасадар Украіны і консул выяжджаюць на месца.

«Яны папрасілі скарыстацца тэлефонам у жыхароў гэтай вёскі і пазванілі нам. Зараз яны хаваюцца ў доме, і таму мы ня можам вам сказаць, які дом і як завуць гэтага чалавека. Яны вельмі баяцца.

Я думаю, што нам удасца іх вярнуць на радзіму. І мы будзем рабіць усё, каб амбасадара Беларусі ў Кіеве дэпартавалі адсюль, і калі ён не паедзе заўтра ж, мы самі яго завязём у лес і паголім налыса», — зазначыла Ганна Гуцал.

«Гэта былі дакладна не хуліганы», — заявіла Ганна Гуцал Свабодзе.


У амбасадзе Ўкраіны паведамілі, што консул і яшчэ адзін супрацоўнік амбасады выехалі ў Гомельскую вобласьць.

Прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч паведаміў Свабодзе, што ніякай інфармацыі пра трох дзяўчат з Femen у яго няма. А прэсавы сакратар КДБ Аляксандар Антановіч адказаў: «Без камэнтароў».



Іна Шаўчэнка
Іна Шаўчэнка
Аксана Шачко
Аксана Шачко
Аляксандра Нямчынава
Аляксандра Нямчынава
Напярэдадні вечарам Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава перасталі выходзіць на сувязь. Як паведаміла БелаПАН лідэр руху Ганна Гуцал, з 20:00 па менскім часе іх тэлефоны адключаныя. «Мы ўжо зьвярнуліся ва ўкраінскую амбасаду ў Менску», — сказала яна. Гуцал не выключае, што дзяўчат маглі ўсё ж затрымаць праваахоўныя органы Беларусі.

Не выходзіць на сувязь і відэаапэратар FEMEN грамадзянка Аўстраліі Кіці Грын. Пасьля затрыманьня Грын была дэпартаваная ў Вільню.

12:00 Кансулят Украіны ў Менску ня мае зьвестак пра актывістак Femen

У амбасадзе Ўкраіны ў Менску нічога ня ведаюць пра месца знаходжаньне актывістак жаночага руху Femen Іны Шаўчэнкі, Аксаны Шачко і Аляксандры Нямчынавай. Супрацоўнік кансуляту ў размове са «Свабодай» заявіў, што ніякімі дадзенымі адносна грамадзянак Украіны яны не валодаюць. Пасьля ўчорашняй акцыі-пэрфомансу на прыступках будынку КДБ дзяўчатам ўдалося зьбегчы ад аховы Камітэту дзяржбясьпекі, але ўвечары тэлефонная сувязь зь імі зьнікла. Пакуль прозьвішчы зьніклых фэмэнак не фігуруюць і ў судовых працэсах над затрыманымі ўчора ўдзельнікамі акцыі ў памяць пра падзеі 19 сьнежня 2010 году.

Міністэрства замежных спраў Беларусі гэтаксама не пацьвярджае факт затрыманьня ці арышту грамадзянак Украіны.

Кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка заявіў Інтэрфаксу, што «па зводцы не праходзіла інфармацыя аб затрыманьні на мяжы гэтых грамадзянак».

Начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч назваў акцыю FEMEN «грубай сплянаванай правакацыяй».

Глядзець камэнтары (27)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG