Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вам важна быць замужам, быць маці і быць прыгожай». Якімі пабачыла беларусак француская рэжысэрка


Саскія Вэбер.
Саскія Вэбер.

Францужанка Саскія Вэбэр (Saskia Weber) здымае 25 беларусак для дакумэнтальнай стужкі «Woman». Фільм будзе працягам вядомага міжнароднага праекту «Human» рэжысэра Яна Арцюса Бэртрана (Yann Arthus-Bertrand). Здымачная група працуе цяпер з жанчынамі ў пяцідзесяці краінах сьвету. «Свабода» сустрэлася з Саскіяй Вэбэр і даведалася, якімі беларусак убачыла францужанка.

Жанчына-маці, жанчына з грудзямі, моцная, вар’ятка, тлустая

Здымачная група праекту «Woman» — пяць камандаў. Яны працуюць зараз у 50 краінах сьвету. Саскія Вэбэр здымала жанчын у афрыканскіх краінах, Мэксыцы, Інданэзіі, Даніі, Ірляндыі. Пасьля Беларусі паедзе ў ЗША.

Для фільму «Human» францужанка знаходзіла герояў у Расеі і Ўкраіне. Для «Woman» было вырашана пашукаць гераіняў у Беларусі. Патрабаваліся жанчыны рознага ўзросту, адукацыі, гарадзкія, вясковыя, зь цікавым лёсам ці з моцным характарам, тыя, хто здольны расказаць пра сябе. У сьпіс трапілі журналістка, фізкультурніца, сьпявачка, актрыса, бізнэс-вумэн. У Веткаўскім і Калінкавіцкім раёнах здымачная група знайшла «аўтэнтычных» вясковых кабетаў.

Кожнай жанчыне ў цёмным пакоі рэжысэрка задае шмат пытаньняў. На адно зь іх трэба адказаць адным словам — якая ты жанчына? Адказы былі розныя. Моцная, слабая, дзелавая, вар’ятка, прыгожая, жанчына-маці, жанчына-жонка. «Казалі і так: „я тлустая“ ці „я жанчына з грудзямі“. З гэтых адказаў у нас атрымліваецца такая вялікая-вялікая мазаіка жанчын з усяго сьвету, і ў тым ліку зь Беларусі», — зазначае францужанка.

Здымачная група хоча паказаць гледачу разнастайнасьць у гісторыях і эмоцыях, але й знайсьці нейкую ўнівэрсальнасьць сярод жанчын усяго сьвету. Што стварае вобраз жанчын, іхную сутнасьць, што іх робіць менавіта такімі — дзяцінства, бацькі, дзяржава? Гісторыі, успаміны, моманты жыцьця, стасункі ў сямʼі — і «ў нас трохі атрымліваецца адказаць на пытаньне, што такое быць жанчынай».

«Інэсу маці вучыла зграбна прыбіраць дом і мыць падлогу»

У Гомелі здымачная група знайшла 88-гадовую Інэсу Шыркоўскую. За час здымак паміж францужанкай, апэратарам Дзьмітрыем Вяршыніным і гераіняй склаліся сяброўскія стасункі. Жанчына з жывой цікавасьцю інспэктуе зьняты матэрыял. «Ды вы рыхтык ангельская каралева тут!», — хваліць апэратар. «На гэтых кадрах — не! Паглядзіце, як тут у мяне ногі растапыраныя!», — жахаецца Інэса Ўладзіміраўна. Наступныя кадры яна ўхваляе.

«У першым інтэрвію Інэса расказвала, як маці вучыла яе прыбіраць дом зграбна, прыгожа — уявіце! Вучыла, як трэба ставіць ногі, калі мыеш падлогу. Я была зьдзіўленая — няўжо магчыма зграбна прыбіраць дом?», — захоплена кажа Саскія.

Пры здымках выявілася, што Інэса Ўладзіміраўна ведае безьліч гісторый і ўмее іх апавядаць. У яе былі чатыры мужы і адзіны сын. Для жанчыны тата быў тым чалавекам, якога яна любіла, таму і сына вырашыла назваць у яго гонар — Уладзімерам. Муж быў супраць і нават пагражаў разводам. «Ну і што, хай сабе і разьвядземся, а сына я назаву ў гонар таты, бо ён ягоны нашчадак, — так сказала Інэса. І ёй гэта ўдалося! Гэта характар, моц жанчыны, трохі ўпартасьць», — кажа Саскія.

«Беларускі — выдатныя апавядальніцы гісторый»

Саскія пералічвае адметнасьці беларусак. «Яны выдатныя апавядальніцы гісторый. Яны літаратурныя — апісваюць мноства дэталяў (вавёрка скакала па дрэве, ці прыгожа падаў сьнег пад ліхтаром), калі гавораць, напрыклад, пра першы пацалунак. Такога няма ў іншых краінах, я іх, як дзіця, слухаю», — сьмяецца францужанка.

Яна ўбачыла, што беларускі — вельмі адкрытыя і шчырыя. І часта плакалі пад час інтэрвію. «Ёсьць такая кнопка — пытаньне пра маці ці бацьку. Насамрэч гэта пра любоў, таму многія і плакалі. Хоць у сямʼі былі кепскія адносіны, але ўсё роўна гаворка ідзе пра любоў. Ці пра яе адсутнасьць», — кажа рэжысэрка. Яна таксама часам плакала падчас інтэрвію. «Я ж ня робат», — усьміхаецца Саскія.

«Цябе гвалцілі 15 мужчын, а табе трэба жыць далей, усьміхацца, працаваць»

Ірляндзкія жанчыны запомніліся ёй тым, што практычна ўсе сьпявалі. «Гэта значыць, што людзі любяць зьбірацца разам, сьпяваць, ну можа троху выпіваць», — усьміхаецца Саскія.

Многія мэксыканскія жанчыны жывуць у страху за сваё жыцьцё. Там іх часта забіваюць. Яны баяцца выходзіць на вуліцу. «Там фэмініцыд. Патрыярхальная краіна. Мафія, якая за нейкія правіны мужчын забівае іхных жонак, сясьцёр, маці... Жанчыны там як зброя», — з сумам зазначае рэжысэрка.

У афрыканскіх краінах жанчыны пацярпелі ад генацыду, войнаў. «Іх забівалі, гвалцілі, што яшчэ горш... Калі цябе гвалцілі па чарзе пятнаццаць мужчын... І ты жывая. Але ты ніякая. Трэба шукаць сілы, каб працягваць жыць, сьмяяцца, працаваць. Мы бачылі такіх жанчын. Гэта неверагодна», — дзеліцца Саскія.

«Алькагалізм мужчын вельмі моцна зьмяняў жыцьці жанчын»

Саскія Вэбер.
Саскія Вэбер.

У беларусак яна заўважыла вельмі моцны дух мацярынства — «большы, чым у Францыі, Даніі». У многіх гераінь бацька ці муж мелі праблемы з алькаголем. Жанчыны самі выхоўвалі дзяцей, зараблялі грошы, кармілі сямʼю, у тым ліку і мужа.

«Атрымліваецца вялікая-вялікая нагрузка, на жаль. Алькагалізм мужчын вельмі моцна зьмяняў жыцьці жанчын», — заўважае рэжысэрка. Адна з гераінь ішла зь сяброўкамі са школы і бачыла пʼянага бацьку — яго трэба было давесьці дахаты. Было сорамна.

Саскія заўважыла — беларускам вельмі важна выйсьці замуж. Гэта адчуваецца ня толькі ў вёсках. «Бяз мужа нельга, хай нават ён і ня любіць ці пʼе. Бо іншыя жанчыны пачынаюць пляткарыць, а мужчыны могуць думаць, што яна свабодная і таму можна заляцацца. Я такое тут чула, што ганьба, маўляў, быць маці-адзіночкай», — зазначае францужанка.

«Многія ўспамінаюць першую сукенку. Ім гэта важна»

Яна падводзіць вынік назіраньняў: беларусцы важна быць замужам, быць маці і быць прыгожай. «Жаноцкасьць важная — гэта хадзіць у цырульню, набываць сукенкі, касмэтыку. Дарэчы, многія часта ў інтэрвію ўспаміналі першыя сукенкі. Яшчэ для многіх важна працаваць — каб карміць сямʼю», — кажа Саскія.

Адна зь яе гераінь-беларусак толькі на першы погляд магла б паказацца павярхоўнай. Яе жыцьцё — спорт, добрая фігура і салён прыгажосьці. «Але чаму яна такая, чаму ёй так важна выглядаць менавіта так? У дзяцінстве яна была тоўстая і брат жорстка папікаў яе. Неяк адзін мужчына ў бары сказаў, што яна тлустая. І яна падумала — я хачу сабе падабацца, і іншым. Яна цяпер трэніруе іншых людзей, яна знайшла сваё месца, і яна ганарыцца сабой», — распавядае францужанка.

Ня ўсе гісторыі беларусак трапяць у стужку. «Але я працую, як вар’ятка. Каб хоць некаторыя трапілі. Для мяне гэта будзе гонар», — дадала Саскія.

***

У Беларусь на здымкі прыехала асыстэнтка рэжысэра Саскія Вэбэр (Saskia Weber) і апэратар Дзьмітрый Вяршынін. Рэжысэры фільму «Woman» — Анастасія Мікава (Anastasia Mikova) і Ян Арцюс Бэртран (Yann Arthus-Bertrand), вядомы фатограф, фотажурналіст і рэжысэр. Вынік працы — фільм «Woman» — будзе прадстаўлены на фэстывалі ў Канах у траўні 2019 году. Гледачы ўбачаць стужку ўвосень 2019-га.

Дакумэнтальны фільм Бэртрана «Чалавек» скарыў публіку ў многіх краінах сьвету і атрымаў розныя ўзнагароды. Стужка — калекцыя гісторый, якія апавядаюць людзі з розных куткоў плянэты. Прэмʼера фільму адбылася на Генэральнай Асамблеі ААН у 2015 годзе, затым стужка была разьмешчана ў вольным доступе на YouTube на шасьці мовах. Рэжысэр з камандай (16 журналістаў) правёў тры гады ў падарожжах па 60 краінах. Яны ўзялі больш за 2 тысячы інтэрвію. Удзельнікі адказвалі на 40 пытаньняў пра сямʼю, шчасьце, любоў, сэнс жыцьця, багацьце, гора, беднасьць, мары, адносіны з бацькамі. Пры гэтым аніякіх асабістых зьвестак пра людзей у фільме няма. Гэта зроблена знарок, каб падкрэсьліць падабенства 7 мільярдаў людзей, якія жывуць сёньня на плянэце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG