Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанцы вырашылі купіць дом, дзе Караткевіч напісаў «Дзікае паляваньне караля Стаха»


Уладзімер Караткевіч у 1955 годзе

Актывісты хочуць зладзіць у доме культурную пляцоўку, але пакуль ня маюць грошай на тое, каб купіць будынак — зьбіраюцца адкрыць краўдфандынгавую кампанію.

Моладзевае аб’яднаньне «Зьвяз» з Воршы гатовае выкупіць прыватны дом на вуліцы Караткевіча, у якім некалі жыў пісьменьнік Уладзімер Караткевіч, піша Orsha.eu. Папярэднія перамовы з уладальніцай ужо прайшлі.

«Зьвяз» абяцае, што калі дом атрымаецца выкупіць, то там зладзяць публічную пляцоўку для культурных і грамадзкіх мерапрыемстваў. Цяпер домам валодае дачка мужа пляменьніцы Ўладзімера Караткевіча, ды яна жыве ў Адэсе, ва Ўкраіне, і да апошняга часу здавала будынак у арэнду.

Пакуль грошай на тое, каб купіць дом, у «Зьвязу» няма — арганізацыя мяркуе запусьціць збор сродкаў на краўдфандынгавай плятформе «Талака». Калі не атрымаецца сабраць грошы да верасьня, «Зьвяз» мяркуе «ўзяць шэфства» над домам і даглядаць яго, пакуль ня змогуць выкупіць цалкам.

«Дом Караткевіча» ў Воршы, архіўнае фота
«Дом Караткевіча» ў Воршы, архіўнае фота

Абвестка аб продажы дому зьявілася на сайце Realt.by. Дом мяркуюць прадаць за 33,8 тысячы рублёў — 17 тысячаў даляраў. У самой абвестцы Ўладзімер Караткевіч ня згадваецца, прозьвішча гучыць толькі ў назьве вуліцы.

«Домам Караткевіча» будынак называе Tut.by, але фактычна гэта ня дом, якім валодаў Уладзімер Караткевіч — гэта дом ягоных бацькоў. Ды менавіта там Караткевіч пісаў шэраг твораў, у тым ліку першую вэрсію «Дзікага паляваньня караля Стаха» — аднаго з самых вядомых ягоных твораў.

Караткевіч там жыў у школьныя гады і ў час працы ў школе, да пераезду ў Кіеў на навучаньне, пасьля заяжджаў туды ў госьці да бацькоў, жыў там апошнія паўгода да сьмерці. Будынак зьявіўся там, дзе стаіць цяпер, у 1945 годзе, але быў збудаваны раней — бацькі пісьменьніка выкупілі дом зь вёскі і перавезьлі ў горад.

Як і Хэмінгуэй, любіў лавіць акул. 20 незвычайных фактаў пра Ўладзімера Караткевіча

Караткевіч-кінадакумэнталіст, аўтар фільму пра Трасьцянец. Яшчэ 5 малавядомых фактаў пра пісьменьніка

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG