Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч-кінадакумэнталіст, аўтар фільму пра Трасьцянец. 5 малавядомых фактаў пра пісьменьніка


Уладзімер Караткевіч. 1955 год

У Музэі гісторыі беларускага кіно адбылася творчая сустрэча пад назвай «Невядомы Караткевіч», прысьвечаная Ўладзімеру Караткевічу як этнографу і кінадакумэнталісту.

З малавядомымі старонкамі творчасьці беларускага пісьменьніка ўдзельнікаў сустрэчы пазнаёмілі дырэктар праграмы дакумэнтальнага кіно кінафэстывалю «Лістапад» Ірына Дзям’янава і паэтка, дасьледчыца Валярына Кустава.

1. Мог падарыць сцэнар ці ідэю іншаму аўтару

Архіўнае фота. Уладзімер Караткевіч на сустрэчы з чытачамі ў Акадэміі навук. 1969 год
Архіўнае фота. Уладзімер Караткевіч на сустрэчы з чытачамі ў Акадэміі навук. 1969 год

​У сярэдзіне 1960-х — пачатку 1970-х гадоў па сцэнарах Уладзімера Караткевіча было зьнята некалькі выдатных дакумэнтальных стужак пра беларускія народныя традыцыі, помнікі архітэктуры і гісторыі Беларусі, беларускую прыроду. Гэта стужкі «Сьведкі вечнасьці» (1964), «Памяць каменя» (1966), «Будзь шчасьлівай, рака...» (1967), «Родная зямля» (1972) ды іншыя. Але ці не было ў сцэнарыста Караткевіча нерэалізаваных ідэй?

Дасьледчыца кінатворчасьці славутага пісьменьніка Ірына Дзям’янава знайшла ў архівах дамову з Караткевічам на напісаньне сцэнару да стужкі пра ўбачаны ім на Палесьсі абрад калядаваньня. Знайшоўся і варыянт пададзенага пісьменьнікам сцэнару пад назвай «Сонцазварот». Паводле дасьледчыцы, сцэнар быў напісаны вельмі яскрава, вобразна, у характэрным стылі Караткевіча. «Тут яшчэ і вельмі падрабязная ягоная распрацоўка: гэта трэба здымаць жыцьцесьцьвярджальна, у такім і такім колеры. Плюс ён падкрэсьлівае, што бачыў усё гэта сам, сам усё чуў. І потым — нешта не адбылося. Чаму?»

У тытрах фільму, які ў 1972 годзе выйшаў у пракат над назвай «Палескія калядкі», імя Караткевіча няма. Ірына Дзям’янава не выключае, што Ўладзімер Сямёнавіч мог адмовіцца ад аўтарства сцэнару, і прыводзіць наступныя аргумэнты.

Ірына Дзям'янава
Ірына Дзям'янава

«Вядома, што здымкі фільму праходзілі няпроста. Прыкладам, палескія каляднікі падчас сапраўднага абраду насілі па вёсцы шасьцікутную зорку, а ў фільме нясуць пяцікутную. Чаму так? У тыя часы зорка Давіда ніяк ня ўпісвалася ў ідэалягічныя рамкі, і таму кіраўніцтва студыі дакумэнтальных фільмаў проста не магло дазволіць такіх здымак. Аўтараў прымусілі перазьняць абрад ужо з савецкай пяцікутнай зоркай.

Не выключаю, што са сцэнарыстам мог узьнікнуць канфлікт, бо да падробак рэчаіснасьці Караткевіч ставіўся адназначна. Ужо не засталося сьведак, хто б мог расказаць, што там адбывалася, але ў выніку сцэнарыстам фільму паводле дакумэнтаў стала Зінаіда Мажэйка, якую Ўладзімер Караткевіч добра ведаў. Прычым у тытрах сцэнарыст увогуле не пазначаны. Напісана так: „Над фільмам працавалі...“ ды пералічаны творчы калектыў. Як кажуць кіношнікі, „брацкая магіла“. І Караткевіча ў гэтым пераліку няма, хоць ягоны творчы почырк што да ідэі фільму відавочны», — мяркуе Ірына Дзямьянава.

2. Ня ўмешваўся ў працу рэжысэра і гукарэжысэра

Уладзімер Караткевіч
Уладзімер Караткевіч

«Ратуйце справу рук сваіх продкаў». «Нязломныя былі сэрцы абаронцаў». «Лечацца самым магутным лекам — прыгажосьцю». Такія словы гучаць у дакумэнтальнай стужцы «Памяць каменя», зьнятай па сцэнары Караткевіча ў 1966 годзе. Дасьледчыкі адзначаюць, што ў той час сцэнары шмат разоў перапісваліся, руку да тэкстаў мог прыкласьці і рэжысэр, але тут у дыктарскім тэксьце відавочны творчы голас менавіта Ўладзімера Караткевіча.

Нездарма фільм атрымаўся своеасаблівым гімнам ня толькі найлепшым помнікам беларускага дойлідзтва — замкам у Наваградку і Міры, абарончаму храму ў Сынкавічах, Камянецкай вежы — але і трываламу беларускаму характару. Але дзіўна: часам на словы Караткевіча гукарэжысэр накладаў матывы расейскіх народных песень: «Светит месяц, светит ясный», «Ой, по матушке по Волге»... Няўжо Караткевіч лёгка пагаджаўся з тым, што стылёва не зусім супадала зь ягонымі тэкстамі?

Ірына Дзям’янава мяркуе, што канфліктаў вакол музычнага аздабленьня фільмаў на сцэнары Караткевіча не было і не магло быць.

«Ён, відаць, не лічыў магчымым умешвацца ў тое, за што не адказваў. Не забывайце, што Караткевіч скончыў Вышэйшыя сцэнарныя курсы і добра ведаў, хто ў фільме галоўны, што гэта рэжысэр», — мяркуе дасьледчыца.

3. Мог адмовіцца ад напісаньня сцэнару на замову, якая яму не падабалася

Між тым, што да сцэнарнай працы, Уладзімер Караткевіч быў разборлівым і непахісным. Паэтка і дасьледчыца творчасьці пісьменьніка Валярына Кустава расказвае:

Валярына Кустава
Валярына Кустава

«Вельмі цікава складалася ліставаньне Караткевіча са студыяй „Беларусьфільм“. Калі, напрыклад, адбываўся працэс са сцэнарамі мастацкіх фільмаў, дык ён пісаў на „Беларусьфільм“, што прашу перанесьці, прыкладам, дэдлайн у сувязі „з маёй хваробай“. А насамрэч ён гэтак запрацоўваўся, камунікаваў з рэжысэрамі, што проста яму быў патрэбны дадатковы час.

Але магло быць інакш. Працуючы над архівамі дакумэнтальных фільмаў, я знайшла такое незвычайнае ліставаньне. Да Караткевіча напісаў ліст адзін з кіраўнікоў „Беларусьфільму“. Цытую: „Паважаны Ўладзімер Сямёнавіч. Інфармуем Вас, што тэрмін падачы заявак удзельнікамі конкурсу на найлепшы сцэнар аб сучаснасьці прадоўжаны да 1 студзеня 1980 году. Падаўжэньне тэрміну выклікана жаданьнем даць Вам большую магчымасьць для напісаньня заяўкі, якой студыя чакае з надзеяй. З павагай, галоўны рэдактар студыі „Беларусьфільм“ Н. Пашкевіч“.

Валярына Кустава працытавала і запіс, зроблены рукой Караткевіча на гэтым лісьце. Дасьледчыца мяркуе, што ён дайшоў да „Беларусьфільму“: „Пра круглыя кароўнікі і іх перавагу над шасьцікутнымі пісаць не магу, не адмыслоўца, вопыту ня маю“. То бок гэта дастаткова іранічна і вельмі ў стылі Караткевіча, які не ішоў на кампрамісы, якіх не дазваляла ягонае сумленьне», — заўважае Валярына Кустава. Дасьледчыца перакананая, што ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя ўсе падзамоўныя конкурсы былі запраграмаваныя на прапаганду тагачаснага ладу жыцьця, чаго Караткевіч не прымаў.

«Ён пагаджаўся на замоўныя фільмы, на тое, каб іх рабіць, але калі гэта былі фільмы краязнаўчыя, у абарону прыроды, помнікаў. А вось тое, што тычылася сучаснасьці і абароны ладу жыцьця, — дык, відаць, ён не хацеў гэта падтрымліваць тым, каб далучацца да стварэньня фільмаў пра гэта», — мяркуе Валярына Кустава.

4. Мог напісаць да аднаго фільму сцэнар у дзясятках варыянтаў

Уладзімер Караткевіч
Уладзімер Караткевіч

Паводле Валярыны Куставай, у Караткевіча часам «неверагодная» колькасьць варыянтаў сцэнару да аднаго і таго ж фільму. Але чаму? Прызнаны майстар ня мог узяць патрэбную вышыню зь першай-другой спробы?

«Тут шэраг прычын, і адна зь іх — мова. Адны сцэнары пісаліся ім па-беларуску, а потым ён перапісваў іх па-руску ці адразу пісаў па-руску. І мова вяла яго такім чынам, што мяняліся нават героі, мяняўся сюжэт гэтых сцэнароў, і ён ішоў за ім. Другая прычына, што была цэнзура, і нават ня столькі палітычная, ідэалягічная, колькі эстэтычная — законы, як гэта павінна рабіцца і пісацца. Таму на шматлікіх паседжаньнях было вельмі шмат абмеркаваньняў сцэнароў і пасьля — перапрацовак», — кажа дасьледчыца.

Валярына Кустава падлічыла, што найбольшая колькасьць варыянтаў сцэнароў у Караткевіча — да ягоных мастацкіх фільмаў, але шмат — і да дакумэнтальных стужак. «Яны нават мелі розныя назвы. Прыкладам, „Чорны дуб“ і „Будзь шчасьлівай, рака...“, якія ёсьць сцэнарамі да аднаго і таго ж фільму пра Дняпро, ягоную любімую беларускую раку. Паводле назвы і не падумаеш ніколі, што гэта сцэнары для аднаго і таго ж фільму».

5. Быў сярод аўтараў фільму пра канцлягер Трасьцянец

Мэмарыяльны комплекс «Трасьцянец» сёньня, ілюстрацыйнае фота
Мэмарыяльны комплекс «Трасьцянец» сёньня, ілюстрацыйнае фота

Дасьледчыца Ірына Дзям’янава адзначае, што Ўладзімер Караткевіч аказаўся ў суаўтарах дакумэнтальнага фільму «Магілы не маўчаць», у якім расказваецца, сярод іншага, пра злачынствы нацыстаў у канцлягеры Трасьцянец пад Менскам. Сёньня гэта вельмі актуальная тэма, а тады, у 60-я, — інфармацыйны прарыў, які з пэўных прычын ня быў падтрыманы ўладамі.

«Прычына майго зьдзіўленьня ў тым, што раней усё ж Караткевіч у тэме Айчыннай вайны ярка не адзначаўся. І рэжысэрам фільму быў чалавек іншага пакаленьня, іншай творчай плыні — Сяргей Сплашноў. Але ў іх атрымалася вельмі якасна. Цяпер гісторыкі, беларускія і нямецкія, шукаюць сьведак злачынстваў у Трасьцянцы, і вось у гэтым фільме такі кавалак якраз захаваўся. Цяпер, калі Трасьцянец пласт за пластом адкрываецца наноў, гэта вельмі важна», — мяркуе Ірына Дзям’янава.

20 незвычайных фактаў пра Ўладзімера Караткевіча

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG