Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Японіі пакаралі сьмерцю яшчэ 6 сэктантаў «Аум Сінрыкё»


Офіс «Аум Сінрыкё» ў Токіё, 1999 год, ілюстрацыйнае фота
Офіс «Аум Сінрыкё» ў Токіё, 1999 год, ілюстрацыйнае фота

Тры тыдні таму ўжо павесілі сямёх лідэраў забароненай у Беларусі і палове сьвету сэкты, у тым ліку заснавальніка Сёку Асахару, які абвясьціў сябе рэінкарнацыяй адначасова Хрыста, Буды і Шывы.

У Японіі раніцай 26 ліпеня пакаралі сьмерцю апошніх шасьцёх чальцоў сэкты «Аум Сінрыкё», асуджаных на павешаньне за тэракт 1995 году, піша BBC.

«Боль і пакуты забітых і іхных сем'яў, а таксама тых, хто выжыў ды застаўся інвалідамі, немагчыма ўявіць», – казала міністарка юстыцыі Ёка Камікава на прэс-канферэнцыі.

У ліку пакараных цяпер чальцы сэкты, якія выпусьцілі атрутны газ у такійскае мэтро ў 1995 годзе (ад гэтага загінулі 13 чалавек і пацярпелі яшчэ тысячы), а таксама галоўны вярбоўшчык сэкты. Усяго за той тэракт асудзілі на розныя пакараньні каля 200 чалавек.

Тры тыдні таму стала вядома, што сьмерцю пакаралі заснавальніка сэкты Сёку Асахару і яшчэ шасьцёх лідэраў «Аум Сінрыкё».

Выкананьне сьмяротных выракаў адкладалася, бо ў Японіі не караюць сьмерцю, пакуль у дачыненьні ўсіх абвінавачаных і саўдзельнікаў злачынства не прынятае канчатковае рашэньне, а прысуд не прайшоў усе апэляцыйныя інстанцыі. Да 2010 году ў Японіі дзейнічаў мараторый на сьмяротнае пакараньне, цяпер там караюць сьмерцю ня больш за 8 чалавек на год.

«Аум Сінрыкё», цяпер вядомая як «Алеф», была заснаваная ў 1984 годзе, на піку папулярнасьці ў яе ўваходзілі да 50 тысяч чалавек. Заснавальнік сэкты абвясьціў сябе рэінкарнацыяй адначасова Хрыста, Буды і Шывы, але ад вучэньняў з элемэнтамі будызму і індуізму перайшоў да прапаведаваньня хуткага канца сьвету, які перажывуць толькі чальцы сэкты. Яшчэ да тэракту ў такійскім мэтро сэктанты зьбівалі, выкрадалі і забівалі сваіх праціўнікаў.

Сэкта, забароненая ў шэрагу краінаў (у Беларусі прызнаная «дэструктыўнай» і незаконнай у 1998 годзе), працягвае дзейнасьць і цяпер. Два гады таму ўлады Чарнагорыі выслалі з краіны 58 чалавек, якіх западозрылі ў датычнасьці да «Аум Сінрыкё», у ліку высланых былі сем беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG