Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Японіі павесілі 7 лідэраў «Аум Сінрыкё» за тэракт 1995 году


Сёка Асахара, архіўнае фота

Заснавальнік рэлігійнай сэкты «Аум Сінрыкё» Сёка Асахара і шэсьць ягоных паплечнікаў пакараныя сьмерцю праз павешаньне, піша BBC.

Іх прызналі вінаватымі ў тэракце ў такійскім мэтро ў 1995 годзе, калі ад атручэньня газам зарынам загінулі 13 чалавек і пацярпелі яшчэ тысячы. Усяго за той тэракт асудзілі каля 200 чалавек, 13 атрымалі сьмяротныя прысуды.

Выкананьне сьмяротных выракаў адкладалася, бо ў Японіі не караюць сьмерцю, пакуль у дачыненьні ўсіх абвінавачаных і саўдзельнікаў злачынства не прынятае канчатковае рашэньне, а прысуд не прайшоў усе апэляцыйныя інстанцыі. Да 2010 году ў Японіі дзейнічаў мараторый на сьмяротнае пакараньне, цяпер там караюць сьмерцю ня больш за 8 чалавек на год.

«Аум Сінрыкё», цяпер вядомая як «Алеф», была заснаваная ў 1987 годзе, на піку папулярнасьці ў яе ўваходзілі да 50 тысяч чалавек. Заснавальнік сэкты абвясьціў сябе рэінкарнацыяй адначасова Хрыста, Буды і Шывы, але ад вучэньняў з элемэнтамі будызму і індуізму перайшоў да прапаведаваньня хуткага канца сьвету, які перажывуць толькі чальцы сэкты. Яшчэ да тэракту ў такійскім мэтро сэктанты зьбівалі, выкрадалі і забівалі сваіх праціўнікаў.

Сэкта, забароненая ў шэрагу краінаў (у Беларусі прызнаная «дэструктыўнай» і незаконнай у 1998 годзе), працягвае дзейнасьць і цяпер. Два гады таму ўлады Чарнагорыі выслалі з краіны 58 чалавек, якіх западозрылі ў датычнасьці да «Аум Сінрыкё», у ліку высланых былі сем беларусаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG