Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бібліяграфіі Полацкага езуіцкага калегіюму апісана 500 унікальных выданьняў 1774–1829 гадоў


Кніга «Будзенічы. Рэха беларускай Атлянтыды», Віталь Юрэвіч
Кніга «Будзенічы. Рэха беларускай Атлянтыды», Віталь Юрэвіч

Навінкі краязнаўчых выданьняў у суботнім кніжным аглядзе Свабоды.

Полацкая кніжная Атлянтыда

Міхась Баўтовіч. «Кнігадрук у Полацку (1774–1829)». Полацак, «Полацкае ляда», 2018

«Шукаю „белыя плямы“ і імкнуся іх запоўніць», — кажа краязнавец Міхась Баўтовіч. Інжынэр паводле адукацыі і прафэсіі, Міхась Баўтовіч дасьледуе тое, што застаецца па-за ўвагай прафэсійных гісторыкаў. З-пад яго пяра выйшлі кнігі «Вянок акафістаў» (1999), «Полацкія пакутнікі» (2000), «Эпісталяцыя сьвятога Язафата» (2006).

«Кнігадрук у Полацку за часы, калі ў горадзе быў езуіцкі калегіюм, пазьней пераўтвораны ў акадэмію, вельмі багаты», — кажа спадар Баўтовіч.

Дзесяць гадоў таму ён пачаў шукаць зьвесткі пра кнігі, якімі езуіты карысталіся пры выкладаньні ў калегіюме і акадэміі. І высьветліў, што навучаньне ў Полацку вялося пераважна па эўрапейскіх выданьнях, якія адаптоўваліся да мясцовых рэаліяў і друкаваліся ў Полацку. Назьбіралася каля паўтысячы назваў кніг, якія выйшлі пераважна на лаціне і па-польску. Былі і на нямецкай, французскай, італьянскай, латгальскай, расейскай мовах. А адна – «Кантычкі пабожныя» – выдадзеная па-беларуску.

Кніга спадара Баўтовіча зьмяшчае апісаньне выданьняў, якія выйшлі з-пад варштату полацкае друкарні ў 1774–1829 гадох. Вопіс храналягічна падзелены на дзьве часткі. У першай апісаныя кнігі, выдадзеныя сябрамі «Таварыства Ісуса» (1774–1820), у другой – манахамі закону Божай Маці школаў пабожных (1824–1829). Яна мае грунтоўную прадмову, вялікі тлумачальны артыкул і малюнкі тытулаў полацкіх выданьняў.

Намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, адзін з галоўных беларускіх кнігазнаўцаў Алесь Суша адгукнуўся на выхад кнігі:

«У бібліяграфічным паказальніку пададзена амаль 500 выданьняў, якія пабачылі сьвет у Полацку з 1774 па 1829 год. Зроблена гэтая праца не бібліёграфамі Нацыянальнай ці Полацкай раённай бібліятэкі, не супрацоўнікамі Музэю беларускага кнігадрукаваньня ў Полацку, не прафэсіяналамі-гісторыкамі, а краязнаўцам з тэхнічнай адукацыяй, якім ёсьць Міхась Баўтовіч».

Паводле Сушы, аўтар узьняў забытую Полацкую атлянтыду.

Забытая гісторыя роднай вёскі

Віталь Юрэвіч. «Будзенічы. Рэха беларускай Атлянтыды». Менск, Менскі абласны інстытут разьвіцьця адукацыі, 2018

Цяпер ў Будзенічах, якія непрыкметна ляжаць у лясох між Любаньню і Глускам, жыве толькі тры дзясяткі чалавек. Але дасьледчык гісторыі сваёй роднай вёскі старадароскі настаўнік Віталь Юрэвіч назьбіраў мноства фактаў, якія паказваюць, што былі ў Будзенічаў і зусім іншыя часы.

У ваколіцах вёскі краязнавец вывучыў кожны лапік зямлі, штолета ладзячы з вучнямі археалягічныя раскопкі; пакорпаўся ў архівах ды бібліятэках, распытаў старажылаў. А ў выніку на старонках кнігі паўстае яскравая карціна некалі багатага і слаўнага справамі сваіх людзей мястэчка зь пяцісотгадовай гісторыяй. У якой ён расшукаў і далёкія сьляды свайго шляхецкага роду.

Кніга мае падзагаловак «Рэха беларускай Атлянтыды». Прачытаўшы яе, пераконваесься, што пад кожнай здрабнелай сёньня беларускай вёскай схаваны вялікі сьвет яе даўніны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG