Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Вайцюшкевіч адзначыў 25-годзьдзе сцэнічнай творчасьці кнігай


Зьміцер Вайцюшкевіч

У традыцыйным суботнім кніжным аглядзе Свабоды — навінкі выдавецтва «Кнігазбор».

Зьміцер Вайцюшкевіч. Беларускае слова ад сьпеву

Назвай кнігі і яе лейтматывам стаўся першы радок верша Рыгора Барадуліна «Беларускае слова».

Беларускае слова ад сьпеву,
Бо сьпявае ім даўніна.
Беларускае слова ад гневу,
Ад Ярылы, ад Перуна.
Беларускае слова ад ласкі —
Сьведчаць вусны ды салаўі, —
Не наймалася ні ў падпаскі,
Ні ў падбрэхічы, ні ў халуі.
Беларускае слова ад злосьці
На няпрошаных прыбышоў,
Асалоду пʼе з чараў Мілосьці,
Медавуху духу — з каўшоў.
Беларускае слова ад славы,
Ад ракі, дзе сьветлае дно.
Госьці ўстануць з застольнае лавы,
Калі ў хату зойдзе яно.
Беларускае слова ад Бога,
Слову нашаму Бог дапамог,
Хто ня любіць яго, ад тога
Назаўсёды адвернецца Бог!

Музыка Зьміцер Вайцюшкевіч паклаў на музыку многія вершы Барадуліна, Бураўкіна, Някляева, Маякоўскага, сучасных швэдзкіх паэтаў і старадаўнія творы японскіх клясыкаў.

Гэтая кніга прысьвечаная 25-годзьдзю сцэнічнай дзейнасьці Зьмітра Вайцюшкевіча і музычнай плыні канца XX і пачатку ХХI стагодзьдзя, у якой разьвівалася творчая асоба сьпевака. Яна ўяўляе сабой зборнік літаратурна-публіцыстычных і крытычных матэрыялаў, у які ўключаныя падарожныя нататкі, лірычныя замалёўкі, інтэрвію са сьпеваком, рэцэнзіі на яго музычныя альбомы.

Укладальніца выданьня Эла Дзьвінская піша ў прадмове:

«Знаёмства чытачоў, у тым ліку маладых, зь песенна-паэтычнымі скарбамі роднай зямлі ўмацуе патрыятычны дух, пашырыць цікавасьць да культурнага жыцьця, стане каталізатарам высьпяваньня грамадзянскай сьвядомасьці, натхніць на стваральную дзейнасьць дзеля Бацькаўшчыны».

Алесь Анціпенка. Прыпадобніўшыся да насарога

Такой кнігі ў беларускай інтэлектуальнай прасторы яшчэ не было. Усё ў ёй інтрыгуе, узрушае, а каторыя старонкі то й шакуюць. Пачынаючы ад назвы. Пры чым тут насарог? Яго ня тое што ня стрэнеш на тутэйшых абшарах, але й ня хочацца. Дый на іншых экзатычных прасторах бачыць яго зблізку і небясьпечна, і непамысна, а мо і агідна. У аўтара ж, выглядае, зусім іншае стаўленьне да гэтай жывёліны:

«Назва гэтай кнігі — частка рэфрэну будыйскай Кхагавісана суты, які цалкам гучыць так: „Ідзі адзін сваім шляхам, прыпадобніўшыся да насарога“.

Алесь Анціпенка
Алесь Анціпенка

Пяць гадоў таму, заўважыўшы, што дні робяцца шэрыя, падобныя адзін да аднаго, я вырашыў не вяртацца ў Менск. І, пасяліўшыся на лецішчы, засяродзіўся на чытаньні й перакладзе рэлігійных тэкстаў. Кхагавісана сута ўразіла сваёй энэргетыкай, радыкальным варыянтам вырашэньня экзыстэнцыйных праблемаў чалавека».

Пра гэтыя праблемы нам зручней ня думаць. Але аўтар — філёзаф. Таму фармулюе іх наўпрост. «Што ёсьць мысьленьнем», «што азначае верыць», «што такое сьмерць і чаму мы яе так баімся», «ці можна знайсьці ўнутры нас пляцоўку, зь якой яна не выглядала б такой жахлівай», «што такое супрэматызм і загадкавыя квадраты Малевіча» — галоўныя пытаньні кнігі.

Аўтар знаходзіць на іх адказы. Часам бязьлітасныя: «Ня можа чалавек, які прагне зямнога, дасягнуць прасьвятленьня; а як хочаш запаліць Сонца ўнутры сябе, ідзі адзін сваім шляхам, прыпадобніўшыся да насарога».

Анатоль Бароўскі. Кузьня

Ляўрэат прэміі імя героя Ўкраіны Міхала Жызьнеўскага «Воін сьвятла» за раман «Воляй абраны», прысьвечаны нацыянальна-вызвольнай барацьбе беларускага народу супраць Расейскай імпэрыі ў 1863–1864 гадах, у сваёй новай кнізе верны ўласнаму творчаму прынцыпу. Блізкія і далёкія рэальныя падзеі ён перамешвае ў часе і прасторы, густа аздабляючы іх аўтарскай прыдумкай, якая, паводле ягоных слоў, можа, нашмат цікавейшая за рэальнасьць: «Бо невядома яшчэ: мы жывём у прыдуманым сьвеце ці то прыдуманы сьвет жыве ў нас».

Анатоль Бароўскі стварае сьвет, у якім існуе некалькі рэальнасьцяў. Касьмічныя і падземныя падарожжы, анёлы-ахоўнікі спалучаюцца з падзеямі сучаснай гісторыі — фармаваньне і станаўленьне незалежнай Беларусі, зьяўленьне і зьнікненьне дзяржаўных сымбаляў, чарнобыльская катастрофа, абарона Курапатаў. І ўсё гэта абʼяднанае асобай галоўнага героя «Кузьні» Антона Клімовіча, які трапляе ў XVI стагодзьдзе і становіцца летапісцам гетмана Вялікага Княства Літоўскага Канстанціна Астроскага падчас Аршанскай бітвы...

Пасьля сьмерці Анемпадыстава талакой перавыдалі ягоную кнігу «Колер Беларусі»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG