Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя» завяршыла сэрыю «Асьветнікі Беларусі»


Ілюстрацыйнае фота. Каляж з фатаздымкаў вокладак кніг сэрыі «Асьветнікі Беларусі»

Пазнавальных кніг зашмат не бывае — вырашыла два гады таму выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі» і заснавала сэрыю «Асьветнікі Беларусі». І вось праект завершаны. У яго рамках пабачылі сьвет дзевяць кніг.

У кнігах у навукова-папулярнай форме выкладзеныя зьвесткі пра найбольш славутых рэлігійных дзеячаў, пісьменьнікаў, кнігадрукароў і філёзафаў, якія нарадзіліся, жылі і працавалі на землях этнічнай Беларусі: ад эпохі Сярэднявечча (Эўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі) праз эпохі Рэнэсансу (Скарына, Будны, Цяпінскі, Собаль) і Асьветніцтва (Пачобут-Адляніцкі, Нарбут, Сьнядэцкі, Доўгірд). Апошнія тры кнігі прысьвечаныя дзеячам ХІХ стагодзьдзя. Пра іх расказвае стваральнік канцэпцыі сэрыі і аўтар гэтых кніг кандыдат гістарычных навук Эдуард Дубянецкі.

«Асьветнікі Беларусі: Ян Баршчэўскі. Ян Чачот. Ігнат Дамейка»

Гэтая кніга прысьвечаная асэнсаваньню жыцьцёвага і творчага шляху трох выдатных дзеячаў культуры нашага народу — пісьменьнікаў і фальклярыстаў Яна Баршчэўскага (каля 1794 — 1851) і Яна Чачота (1796–1847), а таксама выдатнага вучонага-геоляга і пэдагога Ігната Дамейкі (1802–1889). Ян Баршчэўскі быў надзвычай таленавітым пісьменьнікам — заснавальнікам жанраў прыпавесьці і фантастычнага апавяданьня ў айчыннай літаратуры. Яшчэ ён вядомы тым, што першым у гісторыі айчыннага прыгожага пісьменства напісаў у самым пачатку ХІХ стагодзьдзя некалькі вершаў уласна на беларускай мове (натуральна, агульнапрынятым тады лацінскім шрыфтам — г. зн. беларускай лацінкай). А вось галоўны твор ягонага жыцьця — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» (апублікаваны ў 1844-м) — летась у адным з апытаньняў быў прызнаны найлепшым творам за ўсю 500-гадовую гісторыю айчыннага кнігадрукаваньня. На старонках гэтай унікальнай кнігі вуснамі аўтара і шматлікіх пэрсанажаў выказана мноства вельмі цікавых, мудрых і актуальных для нашага часу думак і меркаваньняў: «Бяда таму, хто, прагнучы багацьця, прадае сваю душу пеклу»; «Зло ўсё шырэй распаўзаецца, і людзі, якія ведаюць, што дзеецца ў сьвеце, не прадказваюць добрага», «Праўда — пасланьніца неба ў гэту юдоль цярпеньня — ты анёл-ахоўнік і настаўніца ў пілігрымцы жыцьця, асьвятляй нас сваімі промнямі», «Мінулае вучыць нас, як жыць сёньня».

Сучасьнік Баршчэўскага, актыўны ўдзельнік тайных таварыстваў філяматаў і філярэтаў Ян Чачот быў адначасова і здольным паэтам, і таленавітым перакладчыкам, і дасьведчаным, нястомным фальклярыстам, і нават палымяным публіцыстам. Як і Баршчэўскага, яго традыцыйна адносяць да ліку родапачынальнікаў беларускай літаратуры, паколькі некалькі сваіх твораў ён таксама напісаў па-беларуску, а таксама апублікаваў некалькі зборнікаў беларускіх фальклёрных твораў, уключаючы туды часам і свае аўтарскія мастацкія опусы. Бадай, найбольш поўна свае сацыяльныя і этычныя ідэалы ён адлюстраваў у тэксьце пад назвай «Пра будучае прызначэньне таварыства філяматаў, пра варыянты яго сёньняшняй будовы, пра тое, наколькі адпавядаюць яны нашым мэтам», які быў агучаны на пасяджэньні таварыства філяматаў 7 траўня 1821 году. Гэтая палымяная прамова, па сутнасьці, уяўляе сабой своеасаблівую праграму маральна-этычнага ўдасканаленьня грамадзтва і складаецца зь невялікай прадмовы, а таксама двух разьдзелаў — «Думкі для ніжэйшай клясы» і «Думкі, якія павінна пашыраць вышэйшая кляса». У першым з названых разьдзелаў аўтар ляканічна перадае сваё ўяўленьне пра тое, якім павінен быць кожны сумленны патрыёт Бацькаўшчыны: «Хто дбае пра грамадзкае дабро, інакш кажучы пра шчасьце, асьвету і славу краю, хто рады прысьвяціць яму самога сябе, аддаць яму ўсе здольнасьці, сілы і маёмасьць, зьяўляецца сапраўдным грамадзянінам». А вось у другім разьдзеле гэтай прамовы Чачот зрабіў наступную слушную выснову: «Грамадзкае шчасьце залежыць як ад добрых грамадзян, так і ад добрага ўраду... Найлепшы ўрад будзе там, дзе ўсё робіцца згодна з пажаданьнем народу, а не з волі, капрызу і сілы аднаго».

Ураджэнцу Наваградчыны, таксама філямату Ігнату Дамейку лёсам было наканавана большую частку свайго жыцьця пражыць далёка за межамі Айчыны і стаць там, у паўднёваамэрыканскай краіне Чылі бліскучым вучоным у галіне геалёгіі і мінэралёгіі, якога заслужана лічаць «бацькам чылійскай горнай справы». Акрамя таго, ён яшчэ доўгі час быў выкладчыкам і рэктарам унівэрсытэту ў сталіцы Чылі Сант’яга, аўтарам мноства падручнікаў, навучальных дапаможнікаў і артыкулаў па прыродазнаўчых навуках, а таксама напісаных на досыць высокім мастацкім узроўні мэмуараў пад агульнай назвай «Мае падарожжы». Адметна, што яшчэ ў юнацтве ён выбраў для сябе паказальны дэвіз «Жывучы, будзь карысным для іншых, бо інакш няма сэнсу жыць», якога прытрымліваўся практычна ўсё сваё вельмі працяглае жыцьцё.

«Асьветнікі Беларусі: Іван Фёдараў. Пётра Мсьціславец. Сьпірыдон Собаль»

У гэтай кнізе ў папулярнай форме апісваецца жыцьцё і кнігавыдавецкая дзейнасьць трох знакамітых усходнеславянскіх друкароў — заснавальніка расейскага і ўкраінскага кнігадрукаваньня Івана Фёдарава (каля 1510 — 1583), а таксама беларускіх друкароў Сьпірыдона Собаля (каля 1590 — каля 1645) і паплечніка Фёдарава Пятра Мсьціслаўца (каля 1520 — пасьля 1577).

Іван Фёдараў выпусьціў шэраг грунтоўных і высакаякасных кніг, падрыхтаваных ім як сумесна са сваім маладзейшым паплечнікам і вучнем Пятром Мсьціслаўцам («Апостал», 1564; «Часоўнік», 1565; «Эвангельле вучыцельнае», 1569), так і самастойна выдадзеных («Псалтыр», 1570; «Апостал», 1574; «Азбука», 1574). Усе гэтыя выданьні, апублікаваныя на тэрыторыі сучасных Расеі, Украіны і этнічнай Беларусі, істотна паспрыялі пашырэньню асьветы і разьвіцьцю духоўнай культуры трох усходнеславянскіх народаў — беларусаў, украінцаў і расейцаў. Пётра Мсьціславец на працягу многіх гадоў аддаваў свае жыцьцёвыя сілы і веды на карысьць асьветы і рэлігійнай адукацыі простых людзей, пра што яскрава сьведчыць самастойнае выданьне ім у Вільні такіх выдатных паліграфічным выкананьнем кніг, як «Эвангельле напрастольнае» (1575) і «Псалтыр» (1576). Менавіта ён, працуючы як супольна з Іванам Фёдаравым, так і цалкам аднаасобна, адрадзіў і працягнуў справу Францішка Скарыны і нават узбагаціў закладзеныя ім традыцыі кнігадрукаваньня — напрыклад, у галіне самабытнасьці выкарыстаных шрыфтоў і якасьці кніжных гравюр.

Годны прадаўжальнік кнігавыдавецкай справы Скарыны, Фёдарава і Мсьціслаўца, ураджэнец Магілёва Сьпірыдон Собаль быў таленавітым друкаром-прадпрымальнікам, паколькі ў розных мясьцінах ствараў прыватныя друкарні, выдаваў у іх кнігі рэлігійнай і адукацыйна-выхаваўчай тэматыкі («Буквар», 1631; «Апостал», 1632; «Псалтыр», 1637 і інш.), а таксама спрыяў іх папулярызацыі і шырокаму распаўсюджваньню. Безумоўна, такая актыўная і плённая выдавецкая дзейнасьць можа служыць добрым узорам для перайманьня з боку сучасных айчынных кнігавыдаўцоў.

«Асьветнікі Беларусі: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Уладзіслаў Сыракомля. Вінцэсь Каратынскі»

На старонках гэтай кнігі прадстаўлены жыцьцёвы і творчы шлях трох выдатных айчынных літаратараў, якія пісалі свае творы на беларускай і польскай мовах, — Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча (1808–1884), Уладзіслава Сыракомлі (1823–1862) і Вінцэся Каратынскага (1831–1891).

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч зьяўляецца заснавальнікам айчыннай камэдыяграфіі, пачынальнікам новай беларускай літаратуры, стваральнікам нацыянальнага тэатру, а таксама першым прафэсійным айчынным пісьменьнікам і адпаведна першым клясыкам беларускага прыгожага пісьменства. У гэтай кнізе прыводзяцца некаторыя новыя факты (найперш нядаўна знойдзеныя ў архівах гісторыкам Зьмітром Драздом), зьвязаныя з гадамі дзяцінства і маладосьці нашага першаклясыка. Напрыклад, удакладненыя імя хроснай маці Вінцэнта (ёй была яго 8-гадовая сястра), час зьяўленьня прыдомка «Дунін» (прыблізна 1832 г.), а таксама ўстаноўлена, што насамрэч пісьменьнік страціў маці ня вельмі рана, як лічылася раней, а ва ўзросьце каля 22-х гадоў.

У адрозьненьне ад свайго старэйшага калегі і сябра Дунін-Марцінкевіча, Уладзіслаў Сыракомля большасьць сваіх твораў напісаў на польскай мове, а на беларускай мы ведаем толькі пару ягоных вершаў. Хаця ня выключана, што ён мог стварыць па-беларуску і больш твораў, але яны, відаць, папросту не захаваліся. Але тым ня менш ён, якога ўжо сучасьнікі пачалі называць паважліва «вясковым лірнікам», дзякуючы мноству створаных ім арыгінальных і цікавых для масавага чытача празаічных, драматычных, публіцыстычных твораў, журналісцкіх матэрыялаў і краязнаўчых нарысаў стаў самым вядомым і папулярным беларуска-польскім пісьменьнікам сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя.

Найлепшым і самым таленавітым вучнем Сыракомлі быў выхадзец з прыгонных сялян Вінцэсь Каратынскі, які стаў вядомым паэтам і журналістам, пішучы свае творы таксама пераважна па-польску. Беларускамоўных вершаў Каратынскага да нас дайшло толькі некалькі, але яны яскрава сьведчаць пры немалы мастацкі патэнцыял аўтара, які, мабыць, усё ж такі ня быў рэалізаваны цалкам. Усе тры гэтыя выдатныя айчынныя пісьменьнікі, якія добра ведалі творчасьць адзін аднаго і нават сябравалі, унесьлі прыкметны ўклад у станаўленьне і разьвіцьцё беларускай прафэсійнай літаратуры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG