Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрэсаваны авангард. «Галіяфы» заснавалі кніжную сэрыю забытых твораў беларускіх пісьменьнікаў


Ілюстрацыйнае фота. Кнігарня выдавецтва «Галіяфы»

Новая кніжная сэрыя называецца «Сьвятлацені». У ёй будуць выходзіць малавядомыя ці забытыя творы пісьменьнікаў 1920-х — пачатку 1940-х гадоў.

Гэты час адзначаны нястомнымі пошукамі і экспэрымэнтамі, кажа адзін з ініцыятараў сэрыі і складальнік кніг вядомы беларускі паэт Віктар Жыбуль.

«Магчыма, некаторыя з такіх твораў здольныя зьмяніць звыклае ўяўленьне пра нашую літаратуру. Нас цікавяць аўтары забытыя і напаўзабытыя, чые творы з розных прычын не перавыдаваліся шмат гадоў або ўвогуле захаваліся толькі ў рукапісах у архіўных фондах. Пазьней многія з гэтых аўтараў былі рэпрэсаваныя, таму выданьне сэрыі — у нейкай ступені і даніна іх памяці».

Кожная кніга, акрамя твораў самога прадстаўленага аўтара, будзе мець прадмову, дадатак (які-небудзь архіўны матэрыял або ўспаміны сучасьнікаў) і, калі дазволіць аб’ём, — камэнтары, а калі не — то кароткую біяграфічную даведку.

Назву падказаў Тодар Кляшторны

Віктар Жыбуль
Віктар Жыбуль

​«Мы доўга думалі над назвай сэрыі, — кажа спадар Жыбуль. — Спачатку хацелі назваць імем якога-небудзь літаратурнага згуртаваньня тых часоў. Але адразу ж і перадумалі. Бо назвалі б сэрыю „Маладняк“, а калі б захацелі выдаць творы каго-небудзь з суполкі „Ўзвышша“ (ці наадварот) — выглядала б не зусім дарэчна. Захацелася абраць назву больш унівэрсальную, якая аб’ядноўвала б самых розных, нават эстэтычна супрацьлеглых аўтараў. Урэшце яе падказала кніга Тодара Кляшторнага „Сьветацені“, якая выйшла 90 гадоў таму. Як назва кніжнай сэрыі выглядае вельмі сымбалічна. Па-першае, нашая літаратура вельмі кантрасная і разнастайная: у ёй ёсьць і авангард, і традыцыя, прычым часта яны спалучаюцца разам, нават у межах творчасьці аднаго аўтара. Па-другое, тут будуць і творы, якія аўтар друкаваў пры жыцьці, і тыя, што доўгі час праляжалі ў архіўных сховішчах і, такім чынам, заставаліся ў ценю, і вось толькі цяпер мы іх публікуем».

Вокладка кнігі Кляшторнага, аформленая невядомым мастаком, натхніла дызайнэрку Яўгенію Барысевіч на стварэньне лягатыпу сэрыі. Трыкутнік, праменьні сонца над разгорнутай кнігай — гэтыя матывы пазычаны менавіта адтуль. Так што можна казаць пра пэўную пераемнасьць традыцый.

Першая кніга — «Пералівы» Юркі Лявоннага

Чаму выдалі менавіта яго? Рэч у тым, што летась прад’юсар Сяргей Будкін у межах праекту «(Не)расстраляная паэзія» прапанаваў Віктару Жыбулю прачытаць адкрытую лекцыю менавіта пра гэтага паэта. Падрыхтоўка да лекцыі дала Віктару магчымасьць дасканала пазнаёміцца і зь біяграфіяй Лявоннага, і зь яго творчай спадчынай.

«Дагэтуль апошні раз яго вершы выходзілі асобнай кнігай у 1960 годзе. Гэта было яго першае пасьлярэабілітацыйнае выданьне са сваімі характэрнымі асаблівасьцямі: палова вершаў, зь сёньняшняга гледзішча, занадта ідэалягізаваныя і не найлепшыя ў спадчыне паэта. Да таго ж пад многімі творамі стаяць даты, зусім не адпаведныя рэальнаму часу напісаньня (вершы 1920-х гадоў датуюцца 1930-мі): такое ўражаньне, што ўкладальнік зьвярнуўся да містыфікацыі, каб стварыць ілюзію, нібыта Лявонны цягам усяго свайго кароткага жыцьця плённа працаваў як паэт і нішто яму не замінала. А гэта было ня так. Карацей, я зразумеў, што спадчына Юркі Лявоннага — эмацыйнага лірыка і аматара квяцістых мэтафар — патрабуе перагляду і перавыданьня. І вось кніга выйшла. Прыемна, што гэта адбылося акурат напярэдадні 110-годзьдзя з дня нараджэньня паэта, якое мы адзначым у ліпені».

Пляны

Наступнай выдавецтва плянуе выпусьціць кнігу Сяргея Астрэйкі, у якую ўвойдуць, бадай, усе адшуканыя творы таленавітага паэта, расстралянага ў 25 гадоў. Будзе там і частка паэмы «Бэнгалія», якая доўгі час лічылася страчанай і была знойдзена зусім нядаўна ў прыватным сямейным архіве. Паэзія Сяргея Астрэйкі зачароўвае сваёй мовай, поўнай самабытных дыялектных слоўцаў:

Яшчэ не здаволіўся змрок сычанець,
І рухаў пазадкі у тле зелянцовым.
Руплівай трывогі прышоў рачанец —
Аб сьцены вызвоньвае крохкае слова.
(«Бэнгалія»)

У бліжэйшых плянах таксама — аповесьць Алеся Гародні «Варта на Рэйне», якая пасьля 1930 году не перавыдавалася. Віктар Жыбуль кажа, што гэты аўтар — асоба неадназначная. «Досыць ваяўнічы крытык, які ня грэбаваў чапляць на літаратараў небясьпечныя цэтлікі, і адначасова — цікавы празаік, творамі якога захапляўся сам Максім Гарэцкі. Будучы этнічным немцам, Алесь Гародня напісаў аповесьць пра Першую сусьветную вайну, прычым дзеяньне адбываецца ў Нямеччыне, адпаведна, і галоўныя героі — таксама немцы. Стыль аповесьці — „футурыстычны“, незвычайны для тагачаснай прозы».

У задумах выдаўцоў сэрыі таксама кнігі Віктара Казлоўскага, Алеся Пруднікава, Зьмітрака Астапенкі, Зінаіды Бандарынай, Рыгора Папараця.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG