Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча — Кніга году 2017


Сёньня быў абвешчаны ляўрэат прэміі Беларускага ПЭН-Цэнтру «Кніга году», якую ўручаюць самі пісьменьнікі за найлепшую кнігу, напісаную беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы.

Ляўрэатам прэміі «Кніга году» ўжо другі раз стаў Альгерд Бахарэвіч. Гэтым разам посьпех яму прынесла кніга «Сабакі Эўропы», якая выйшла ў выдавецтве «Логвінаў» у сьнежні 2017 году. Прэмія прысуджалася адной найлепшай кнізе, выдадзенай летась у жанрах мастацкая проза, паэзія, эсэістыка, нон-фікшн.

Пра гэтую кнігу аўтар у інтэрвію Радыё Свабода сёлета ў сакавіку сказаў так:

«Я нарэшце напісаў тую кнігу, якую хацеў і да якой даўно ішоў. Менавіта тымі словамі, якімі хацеў, той колькасьцю словаў. Я стварыў новую мову, я згуляў у складаную гульню і атрымаў асалоду ад усіх яе хадоў, пастак, лябірынтаў, галасоў, я кінуў выклік самому сабе, чытачам, нешматлікім сапраўдным крытыкам, я стварыў таямніцу. Літаратура немагчымая бяз выкліку і без таямніцы. Я нарэшце аддаў даніну сваім настаўнікам і пераадолеў іх уплыў. Я напісаў кнігу, незалежную ні ад кан’юнктуры, ні ад модных павеваў, тэндэнцый, -ізмаў... Гэтая кніга мае сваю, унутраную сілу, яна будзе існаваць, жыць, што б ні адбылося са мной, літаратурай і сьветам. Яна большая за ўвесь гэты калялітаратурны сьвет і ягоны кароткі каляндар...»

Пераможца атрымлівае прыз памерам 1000 эўра ў рублёвым эквіваленце паводле курсу Нацбанку.

Альгерд Бахарэвіч быў першым ляўрэатам заснаванай чатыры гады таму Беларускім ПЭН-Цэнтрам прэміі «Кніга году». Тады калегі-пісьменьнікі аддалі перавагу ягонай кнізе «Дзеці Аліндаркі» (2014).

Паралельна зь пісьменьніцкім галасаваньнем свайго пераможцу сярод дзевяці «фіналістаў» прэміі вызначалі і «звычайныя» чытачы, якія маглі пакінуць свой на адмыслова створаным сайце. Іх сымпатыі заваяваў Павал Севярынец за кнігу «Беларусалім».

***

Сёлета да вялікага журы далучыліся 100 літаратараў і літаратарак. Яны выбіралі сярод 54 кніг-намінантаў. У выніку найчасьцей згадваліся дзевяць кніг:

  • Валянціна Аксак. Завінены рай. (Мінск: Галіяфы)
  • Міхал Анемпадыстаў. Колер Беларусі. (Вільня: Логвінаў)
  • Уладзімір Арлоў. Танцы над горадам. (Вільня: Логвінаў)
  • Альгерд Бахарэвіч. Сабакі Эўропы. (Вільня: Логвінаў)
  • Антон Францішак Брыль. Цмачанка. (Менск: А. М. Янушкевіч)
  • Вальжына Морт. Эпідэмія ружаў. (Вільня: Логвінаў)
  • Ганна Севярынец. Дзень святога Патрыка. (Менск: Рэгістр)
  • Павел Севярынец. Беларусалім. Золак. (Дніпро: Середняк Т. К.)
  • Анка Упала. На засьнежаны востраў. (Менск: Янушкевіч)

Прэмія «Кніга году» была заснавана Беларускім ПЭН-цэнтрам у 2015 годзе.

Папярэднія пераможцы: Альгерд Бахарэвіч з кнігай «Дзеці Аліндаркі», Антон Рудак з кнігай «Верхні горад», Вольга Гапеева з кнігай «Сумны суп» і Людміла Рублеўская з кнігай «Авантуры студыёзуса Вырвіча» (у 2015 годзе прэмія ўручалася ў трох намінацыях: «Проза», «Паэзія», «Дзіцячая літаратура»), Андрэй Хадановіч з кнігай «Нататкі таткі», летась — Наста Кудасава з кнігай «Маё невымаўля».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG