У суботнім кніжным аглядзе Свабоды — навінкі менскага прыватнага выдавецтва «Тэхналёгія».
Валер Вядрэнка. Містэрыі Гервятаў. Фотаальбом
Валер Вядрэнка, адзін з самых выбітных сучасных беларускіх фотамастакоў, захапіўся паўночнай пярлінай беларускае нэаготыкі — касьцёлам Сьвятой Тройцы ў мястэчку Гервяты — амаль дваццаць гадоў таму. Сваё бачаньне стогадовага шэдэўру віленскага архітэктара Вацлава Міхневіча ён упершыню прэзэнтаваў публіцы ў Менску на выставе «Апосталы Гервятаў» у 2009 годзе.
Сваё захапленьне гервяцкай працай дойліда фатограф тады выказаў у адным з інтэрвію:
«Калі прыбраць гэты касьцёл, то пра вёску можна й не гаварыць. Сто гадоў таму там была такая ж забудова, магчыма, яшчэ больш несамавітая. Чалавек прыйшоў на пустое месца, і ў яго галаве нарадзілася ідэя такога памеру. Ён хадзіў, прыглядаўся, то бок — як гэты праект сьпеў. Наколькі выдатны й велічны гэты будынак, задума, і як яна сьпела. Паказаць гэты заклік да неба, Бога, які ідэальна ўвасоблены ў касьцельнай архітэктуры».
Праз год хараство гервяцкай сьвятыні ў інтэрпрэтацыі беларускага фотамастака пабачылі ў Познані.
У 2012-м Валер Вядрэнка наладзіў у Менску новую выставу сваіх фотавыяваў касьцёла Сьвятой Тройцы, якую назваў «Містэрыі Гервятаў». І вось цяпер выйшаў аднайменны фотаальбом, які, несумненна, адным падкажа маршруты новых падарожжаў да хараства айчыннага дойлідзтва, а для іншых стане цудоўным падарункам сабе і сябрам.
Албэрт Калныньш. 1941 год вачыма менскага мальца. Успаміны
Аўтар гэтае драматычна захапляльнае кнігі — заслужаны архітэктар Беларусі. Але на схіле веку яму захацелася падзяліцца зь людзьмі не расповедам пра шматлікія старонкі пасьпяховай творчай кар’еры, а ўспамінамі, далёкімі ад рамантыкі і натхненьня.
Яму было дванаццаць, калі ў Менск прыйшла вайна. Горад ператварыўся ў суцэльныя руіны і папялішчы. Ня маючы дзе жыць, пазбаўленыя сродкаў да існаваньня, дзеці разам з бацькам выправіліся ў Латвію, да родзічаў. На сваім шляху яны бачылі зычлівасьць і жорсткасьць, прыгажосьць і заняпад. Пра гэтае драматычнае падарожжа і апавядаецца ў кнізе.
Табэль-календары
Сто гадоў бывае раз у жыцьці. І мала каму з сучасьнікаў пашчасьціць сустрэць наступнае стагодзьдзе лёсавызначальных падзеяў жыцьця краіны і нацыі. То варта захаваць памятку пра надзвычайныя сёлетнія даты.
100 гадоў з часу выданьня «Беларускай граматыкі» Браніслава Тарашкевіча.
100 гадоў Беларускай Народнай Рэспубліцы.
Устаўная грамата
Рэпрынтнае выданьне для тых, хто заўсёды хоча мець перад вачыма галоўны дакумэнт, якім пачалася гісторыя Беларускай Народнай Рэспублікі. А таксама для тых, хто блытаецца ў датах пачатку незалежнасьці краіны.
Камплект паштовак «Ілюмінаваныя дрэварыты зь Бібліі Францішка Скарыны» ў абгортцы (10 шт.). На беларускай і ангельскай мовах
Скарынавы гравюры ўпершыню выдадзеныя ў колерах. Камплект складаюць паштоўкі з наступнымі сюжэтамі: «Фараонава дачка знайшла хлопчыка Майсея ў вадзе», «Ісус Навін вядзе ізраілевых людзей церазь Ярдан», «Асілак Самсон разьдзірае льва на дарозе», «Рут, прабаба цара Давіда, зьбірае за жняцамі каласы», «Цар Давід іграе ў гусьлі, несучы ківот Гасподні», «Удавіца Юдыт адсякае галаву ваяводу Алафэрну», «Цар Салямон ставіць храм Госпаду Богу ў Ерусаліме», «Салямон гутарыць з царыцай Саваю», «Царыца Эстэр прыйшла да цара Асьвера», «Ерамія, прарок Гасподні, плача, гледзячы на Ерусалім».
Дзеля лепшай захаванасьці і наданьня сьвяточнага выгляду камплект паштовак у абгортцы запакаваны ў празрысты пакет, што асабліва ацэняць калекцыянэры.
Улічваючы распаўсюджаньне цяпер у моладзевым асяродзьдзі посткросінгу, выдаўцы даюць магчымасьць набываць паштоўкі і паасобку. Рассылаючы іх па ўсіх кантынэнтах, вы папулярызуеце ў шырокім сьвеце імя Францішка Скарыны, беларускую культуру і мову.