Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп «ня згодны» з прапановай Пуціна абмяняцца допытамі


Сара Сандэрс
Сара Сандэрс

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп «ня згодны» з прапановай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна правесьці допыт 12 расейцаў у абмен на допыт расейскімі пракурорамі некалькіх амэрыканцаў, у тым ліку былога амэрыканскага амбасадара ў Маскве Майкла Макфола. Пра гэта 19 ліпеня паведаміла прэс-сакратарка Белага дому Сара Сандэрс.

«Гэта шчырая прапанова з боку прэзыдэнта Пуціна, але прэзыдэнт Трамп зь ёй нязгодны», — заявіла Сандэрс. Паводле яе, застаецца спадзеў, што абвінавачаныя 12 расейцаў прыедуць ў ЗША, «каб давесьці сваю невінаватасьць ці вінаватасьць».

Пуцін на сустрэчы з Трампам у Хэльсынкі прапанаваў Вашынгтону правесьці допыт 12 афіцэраў расейскай выведкі, абвінавачаных ва ўмяшаньні ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе, у абмен на допыт шэрагу амэрыканскіх чыноўнікаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў па справе кіраўніка фонду Hermitage Capital Уільяма Браўдэра.

У пятніцу, 13 ліпеня фэдэральнае Вялікае журы прысяжных ЗША абвінаваціла 12 супрацоўнікаў расейскіх выведных службаў ва ўзломе кампутарных сетак кандыдата ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі на выбарах 2016 году Гілары Клінтан.

У чым абвінавацілі

«11 адказьнікаў па справе абвінавачваюцца ў змове па ўзломе кампутараў, крадзяжы дакумэнтаў і іх наступнай публікацыі ў інтэрнэце з мэтай умяшаньня ў выбары, — заявіў намесьнік генэральнага пракурора ЗША Род Розэнстайн.​ — Яшчэ адзін расейскі афіцэр —12-ы адказьнік па справе — абвінавачваецца ў арганізацыі ўкараненьня ў кампутары арганізацыяў, якія займаліся правядзеньнем выбараў, у тым ліку камісіі штатаў па правядзеньні выбараў, губэрнатараў штату, а таксама кампаніі, якія пастаўлялі праграмнае забесьпячэньне для правядзеньня выбараў».

Род Розэнстайн, архіўнае фота
Род Розэнстайн, архіўнае фота

Паводле заключэньня, абвінавачаныя працавалі ў двух падразьдзяленьнях ГРУ. Сьледчая група прыйшла да высновы, што гэтыя падразьдзяленьні актыўна ўдзельнічалі ў кібэрапэрацыі па ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе.

«Абвінавачаныя атрымалі доступ да электроннай пошты супрацоўнікаў і добраахвотных памочнікаў, якія працавалі падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў ЗША, у тым ліку старшыні выбарчай кампаніі Дэмакратычнай партыі, яшчэ ў 2016 годзе. Яны таксама ўзламалі кампутарныя сеткі Камітэту па выбарах у Кангрэс і Нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі ЗША», — расказаў Розэнстайн.

Супрацоўнікі ГРУ абвінавачаныя ў тым, што таемна адсочвалі кампутары, укаранілі сотні файлаў з кампутарнымі вірусамі і выкралі сотні электронных лістоў і іншых дакумэнтаў. Паводле сьледзтва, у выніку іхных дзеяньняў былі створаныя фіктыўныя асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках, у ліку якіх «DCLeaks» і «Guccifer 2.0», якімі карысталіся дзеля распаўсюду інфармацыі ў тым ліку пра выкрадзеныя электронныя лісты і іншыя дакумэнты, пачынаючы з чэрвеня 2016 году.

Розэнстайн таксама паведаміў, што ўдзельнікі злачыннай змовы выкарыстоўвалі таемныя сеткі і крыптавалюту з мэтай схаваць сваю сувязь з Расеяй. Выяўлена, што абвінавачаным удалося атрымаць доступ да кантактаў больш як 500 тысячаў выбарнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG