Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І Крэмль ня змог бы прыдумаць сцэнару лепш» — замежныя СМІ пра саміт NATO


Супольнае фота, удзельнікаў саміту NATO, Брусэль,11 ліпеня 2018

Вынікі саміту NATO, крытыка на адрас саюзьнікаў, найперш Нямеччыны, якая прагучала з вуснаў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа — цэнтральная тэма міжнароднага друку. Якую мэту насамрэч мела гэтая крытыка, чаго Трамп дамогся — пра гэта пішуць аглядальнікі газэтаў у Эўропе і Амэрыцы.

Прапануем агляд некаторых публікацыяў.

The Times, Вялікабрытанія

«Гульня з пазыцыі сілы»

Прэзыдэнт ЗША скрытыкаваў саюзьнікаў па NATO за недастатковыя выдаткі на абарону, але на самой справе яго мэтай можа быць вялікая зьдзелка з Пуціным.

Трамп пачаў візыт на саміт NATO з рашучай атакі на Нямеччыну. Ён заявіў, што Нямеччына «закладніца Расеі» праз газаправод, па якім у краіну паступае расейскі газ. Атака на другога паводле велічыні чальца NATO паставіла ў няёмкае становішча генэральнага сакратара альянсу Енса Столтэнбэрга, падкрэсьліла складанасьць адносін паміж Вашынгтонам і яго саюзьнікамі і ясна дала зразумець, што адміністрацыя Трампа рашуча настроеная дамагчыся таго, каб саюзьнікі больш выдаткоўвалі на ўласную абарону.

Пытаньне з газаправодам «Паўночны паток» можа быць толькі нагодай. Так, газаправоды на доўгія гады прывязваюць спажыўцоў да пастаўшчыкоў. Але Расеі гэтак жа трэба прадаваць свой газ, як Нямеччыне — яго купляць.

Трамп, магчыма, хоча яшчэ і заблытаць сваіх праціўнікаў, каб спыніць любую крытыку, якую яны, верагодна, выкажуць з нагоды яго будучай сустрэчы з прэзыдэнтам Пуціным.

У эўрапейцаў ёсьць прычыны для заклапочанасьці. Але меркаваньне аб тым, што расейскі лідэр падманам прымусіць Трампа згарнуць вучэньні з саюзьнікамі і збанкрутаваць NATO альбо неяк інакш аслабіць арганізацыю, надуманае.

Што больш верагодна, дык гэта адраджэньне ідэі, якая абмяркоўваецца прынамсі год — ідэя «вялікай зьдзелкі», па ўмовах якой Амэрыка скасуе санкцыі, уведзеныя супраць Расеі з-за Крыму, а Расея ў абмен спыніць умацаваньне ў Сырыі іранскіх сіл.

«Пытаньне ў тым, ці можа Расея на самой справе выціснуць Іран з Сырыі і ці можа яна даць патрэбныя гарантыі таго, што ў абмен выведзе сваіх галаварэзаў з усходу Ўкраіны і будзе імкнуцца па-сапраўднаму прымірыцца з Кіевам.

Der Spiegel, Нямеччына

Ці сапраўды Нямеччына «закладніца Расеі»?

Заява Трампа аб тым, што Нямеччына плаціць Расеі мільярды за газ і нафту, адпавядае рэчаіснасьці. У 2017 годзе Нямеччына імпартавала нафту і прыродны газ з Расеі на 19.8 мільярдаў эўра.

Сёньня 38% газу, які выкарыстоўвае Нямеччына, імпартуецца з Расеі. Паведамляецца, што «Паўночны паток-2» будзе транспартаваць прыкладна такі ж абʼем газу, як і першы газаправод. Аднак нямецкі ўрад не зацікаўлены ў падваеньні абʼёму імпартаванага з Расеі газу. Мэтай ураду зьяўляецца дывэрсыфікацыя паставак. Тое, што Нямеччына ў будучыні будзе атрымліваць больш за дзьве траціны газу з Расеі, зьяўляецца больш чым сьмелым прагнозам Трампа.

Расея зьяўляецца галоўным пастаўшчыком нафты ў Нямеччыну, аднак нафту ў краіну экспартуюць 23 краіны. І для нафты, і для каменнага вугалю ў Нямеччыны ёсьць альтэрнатыўныя пастаўшчыкі.

Расейскія пастаўкі газу, нафты і вугалю складаюць у Нямеччыне толькі чвэрць спажываньня першаснай энэргіі. Гэта істотна. Аднак Нямеччына відавочна не знаходзіцца пад «поўным кантролем Расеі». І гэтага не адбудзецца ў будучыні.

У выпадку поўнага эмбарга Нямеччына магла б пратрымацца мінімум 5 месяцаў, а не адчуваючы дэфіцыту энэргіі. Такім чынам, узяць Нямеччыну ў закладнікі расейцам будзе складана.

Нямецкая хваля, Нямеччына

Саміт NATO у паралельным сусьвеце Трампа

Прэзыдэнт ЗША, здаецца, не разумее: выдаткі на ўзбраеньне краін-чальцоў NATO — гэта не сяброўскія складкі ў фітнэс-клюбе. У Паўночнаатлянтычнага альянсу няма агульнай касы, кожная краіна ўкладае грошы ў сваю ўласную абарону і пры неабходнасьці гатовая даць вайсковую дапамогу іншым саюзьнікам.

Але Трамп, выглядае, жыве ў паралельным сусьвеце і паводзіць сябе як мафіёзі, які ходзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй, зьбіраючы грошы за «крышаваньне» і пагражаючы пакараньнем тым, хто адмаўляецца плаціць.

Прэзыдэнт ЗША лічыць вайсковую бясьпеку таварам, які мае рынкавую цану і які можна прадаць. Падобна, ён хоча, каб яму заплацілі за тое, каб амэрыканскія войскі па-ранейшаму заставаліся ў Эўропе, а вайсковая моц ЗША выкарыстоўвалася для аховы ўсходніх межаў альянсу.

Пры гэтым слова «саюзьнікі» разумеецца Трампам няправільна, бо яму чужая сама канцэпцыя NATO. Трамп разумее толькі, што такое дзелавое партнэрства і грошы на ўласным рахунку. У глябальнай барацьбе ён бачыць сябе ў ролі моцнага гульца, для якога ня мае значэньня, калі слабыя аказваюцца пад коламі аўтамабіля. Таму заявы Трампа не без падставаў ўсялілі глыбокую няўпэўненасьць у краінах Балтыі ці Нарвэгіі.

Зрэшты, надзвычайнай сытуацыі на гэтым саміце ўсё ж ня ўзьнікла, паколькі прэзыдэнт ЗША ўстрымаўся ад таго, каб наўпрост ставіць пад сумнеў каштоўнасьці альянсу ці не падпісаць сумесную выніковую заяву. Апакаліптычныя асьцярогі з нагоды таго, што Трамп вырашыць выйсьці з альянсу, не апраўдаліся. Але прычын уздыхнуць з палёгкай няма, таму што ўжо заўтра ўсё можа зьмяніцца.

The Daily Beast, ЗША

«Гнеў і агіда» альбо як Трамп узрывае саміт NATO

Заява Трампа на саміце NATO пра тое, што Расея «цалкам кантралюе» Нямеччыну, стварае ўяўленьне пра альянс як пра «дах», дзе ЗША патрабуюць капэрту з грашыма патаўсьцей.

Многіх эўрапейцаў уразіла тое, што гэтае пытаньне было цалкам сьвядома ўзьнятае ў манэры максымальна грубай і абразьлівай для самага багатага і магутнага саюзьніка Амэрыкі на кантынэнце. «Атмасфэра тут уяўляе сабой сумесь заклапочанасьці, расчараваньня, гневу і агіды» — паведаміў прысутны на саміце экс-камандуючы сухапутнымі сіламі ЗША ў Эўропе генэрал-лейтэнант у адстаўцы Бэн Годжас.

«У гэтых самітаў на самой справе адна задача: трэба забясьпечыць адну рэч — адзінства — сказаў былы сталы прадстаўнік ЗША пры NATO Дуглас Льют. — Усё, што разбурае гэтае адзінства, як гэтыя першыя выпады на адрас Нямеччыны, вельмі шкодныя і адкрываюць шчыліны кожнаму, хто мае на мэце раскалоць альянс, як Уладзімір Пуцін. У Расеі ёсьць доўгатэрміновая стратэгічная мэта — выклікаць рознагалосьсі ў NATO. Мы не павінны дапамагаць і садзейнічаць Пуціну ў дасягненьні гэтай мэты».

Былы намесьнік памочніка міністра абароны пры Абаму Майк Карпэнтэр лічыць, што для Трампа вельмі контрапрадуктыўна гэтак атакаваць саюзьнікаў падчас публічнай сустрэчы з генэральным сакратаром NATO. «Паколькі ў Эўропе Трамп зараз палітычна таксычны і ім пагарджаюць, любыя яго выказваньні будуць мець адваротны эфэкт — сказаў Карпэнтэр The Daily Beast. — Я разумею і згодны з тым, што газаправод „Паўночны паток-2“ — гэта стратэгічная памылка, якая робіць Нямеччыну вельмі залежнай ад Расеі. Але калі Трамп голасна крытыкуе Нямеччыну такім чынам, гэта не дазваляе дамагчыся нічога, каб прадухіліць зьяўленьне газаправоду, і толькі выклікае больш моцныя рознагалосьсі ў альянсе».

Politico, ЗША

Пуцін ужо перамог

Доўгачаканы саміт Трампа з Пуціным яшчэ не адбыўся, а крамлёўскі ўладар ужо атрымаў перамогу. Адна са стратэгічных мэтаў Пуціна — выклікаць рознагалосьсі ў заходнім альянсе, які ён лічыць сьмяротнай пагрозай. Выказваньні Трампа шакавалі эўрапейскіх дыпляматаў і Крэмль ня змог бы прыдумаць сцэнару лепш.

Але яшчэ да гэтага фіяска сустрэча з Пуціным выклікала трэньні ў ЗША і яшчэ мацней размывала адзінства трансатлянтычнай супольнасьці.

Трамп сустрэнецца з Пуціным у Хэльсінкі адразу пасьля катастрафічнага саміту NATO, і, здаецца, ён гатовы любым коштам выбудаваць станоўчыя адносіны з даўнім агентам КДБ, пра што Пуціну вядома.

Нават калі ня будзе дасягнута ніякага пагадненьня па чым бы то ні было, Расея Пуціна, верагодна, даможацца выніку, хай сабе і нематэрыяльнага. Гэтая краіна, якая трашчыць па швах, зь нежыцьцяздольнай эканомікай, з ВУП удвая менш, чым у Каліфорніі, будзе выглядаць роўнай Амэрыцы, што ў рэальнасьці адпавядае праўдзе толькі ў ядзернай сфэры. Пад хваласьпевамі Пуціна Трамп па сутнасьці будзе негатовы і няздольны заняць жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да агрэсіўных дзеяньняў Крамля.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны пераклад сайту Inopressa

Трамп абвінаваціў Нямеччыну ў «залежнасьці ад Расеі». Поўны тэкст жорсткай прамовы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG