Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамяльчанка, якая змагаецца за жылплошчу, аднавіла галадоўку


Алена Грынько, архіўнае фота
Алена Грынько, архіўнае фота

У Гомлі 33-гадовая маці дваіх дзяцей Алена Грынько аднавіла галадоўку, якую ўжо трымала ў чэрвені з прычыны «штучна створаных камунальных бар’ераў». Пра гэта яна тэлеграмай паінфармавала кіраўніцу Адміністрацыі Аляксандара Лукашэнкі Натальлю Качанаву.

«Сёньня была на прыёме ў кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёну Сяргея Казачка, — сказала Свабодзе Алена Грынько. — Пыталася, калі адміністрацыя дазволіць мне выкупіць па рэшткавым кошце кухню, ванну, прыбіральню».

Па словах Грынько, на прыёме было з паўдзясятка чыноўнікаў разам з Казачком. Ёй заявілі: жывіце так, ніякага рашэньня ня будзе.

Кватэра ў Алены прыватызаваная, але кухня, ванна, калідор і прыбіральня ёй не належаць. Раённая адміністрацыя праз суд вярнула іх у гарадзкую камунальную ўласнасьць.

Таму ў траўні Алена Грынько і Аксана Філіпенка, яшчэ адна жыхарка дома № 14 па вуліцы Ўрыцкага, распачалі галадоўку.

Ужо галадалі два тыдні

Тэлеграма Натальлі Качанавай
Тэлеграма Натальлі Качанавай

Жанчыны галадалі два тыдні, пасьля чаго падрыхтавалі зварот на імя Лукашэнкі на пазбаўленьне іх беларускага грамадзянства. Бо лічылі, што іхнія правы ў Беларусі парушаюцца.

Да галадоўніц прыяжджалі каля дзясятка мясцовых начальнікаў, у тым ліку кіраўнік адміністрацыі Навабеліцкага раёну Сяргей Казачок, а таксама намесьнік старшыні Гомельскага гарвыканкаму Віталь Атаманчук. Яны адгаварылі жанчын адсылаць зварот кіраўніку дзяржавы, паабяцаўшы вырашыць усе камунальныя пытаньні.

«Мне проста падманулі. Камунальная служба зрабіла пераацэнку — на гэтым усё й скончылася. Цяпер чыноўнікі зноў раяць выкупляць кухню, ванну і прыбіральню па камэрцыйнай цане — за 18,7 тысячы рублёў, хоць дому споўніўся ўжо 51 год», — кажа Алена.

Галадоўку жанчына зьбіраецца трымаць, пакуль яе набалелае пытаньне ня вырашыцца станоўча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG