Украінскі музычны гурт «Бумбокс» і акторы беларускага Свабоднага тэатру правядуць «негвалтоўную акцыю пратэсту» 19 ліпеня ў падтрымку рэжысэра Алега Сянцова і іншых украінцаў, зьняволеных у Расеі.
Лёзунг канцэрту: «Free Sentsov, Free Crimea».
Канцэрт правядуць каля прапускнога пункту Каланчак на мяжы з акупаваным Расеяй Крымам, на тэрыторыі, кантраляванай украінскімі ўладамі, піша Korrespondent.net. Інфармацыю пацьвердзіў кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін.
Выступ будзе цягнуцца каля гадзіны і «будзе скіраваны не да гледачоў, а да Крыму — да ўкраінскай зямлі». Яго ладзяць у межах працы над дакумэнтальным фільмам «Зваротны квіток» пра анэксію Крыму. «Бумбокс» і Свабодны тэатар здымаюць гэты фільм пры падтрымцы Міжнароднай асацыяцыі журналістаў.
Жывога эфіру з канцэрту ня будзе, але запіс перададуць вяшчальным кампаніям, сказаў Свабодзе Халезін.
Хто такі Алег Сянцоў?
Грамадзянін Украіны Алег Сянцоў быў арыштаваны расейскімі акупацыйнымі ўладамі ў Крыме і асуджаны ў Расейскай Фэдэрацыі на 20 гадоў пазбаўленьня волі 25 жніўня 2015 году. Суд прызнаў яго вінаватым у стварэньні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі, кіраваньні ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаваньні і незаконным захоўваньні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, дзьвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракту.
Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў. 14 траўня 2018 году рэжысэр абвясьціў бестэрміновую галадоўку ў калёніі гораду Лабытнангі. Ён патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітзьняволеных, але сябе ў гэты сьпіс не ўключыў.
Да Сянцова ў калёнію не пускаюць упаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людмілу Дзянісаву. 5 ліпеня да яго ў калёнію пусьцілі стрыечную сястру Натальлю Каплан, якая паведаміла, што ейны брат вельмі пастарэў і схуднеў на 15 кг. Прэзыдэнт Украіны Пётра Парашэнка з нагоды дня народзінаў Сянцова сказаў, што імя Сянцова працягвае гучаць з усіх міжнародных трыбун.