Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці. Кіраўнік хору «Унія» Кірыла Насаеў


Кірыла Насаеў, 2015
Кірыла Насаеў, 2015

Памёр вядомы беларускі хормайстар, музыколяг і пэдагог Кірыла Насаеў, кіраўнік камэрнага мужчынскага хору «Унія», стваральнік знакавых праектаў «Музыка Літвы і Кароны», «Музыка беларускіх храмаў», «Беларускія маршы й песьні. Лірыка змаганьня». Яму было 58 гадоў.

Кірыла Насаеў нарадзіўся 15 траўня 1960 году ва Ўкраіне ў сям'і вайсковага інжынэра, зь дзяцінства захапляўся музыкай – маці была настаўніцай музыкі. Сьпяваў у хоры хлопчыкаў пры кансэрваторыі, а потым паступіў і ў саму кансэрваторыю.

Мужчынскі хор «Унія» паўстаў на пачатку 1990-х. Праваслаўныя, каталікі, уніяты, пратэстанты сабраліся з адной мэтай — каб сьпяваць беларускія храмавыя і патрыятычныя песьні.

Стварыў першы мужчынскі хор у Беларусі

Стваральніца і музычная кіраўнічка «Госьціцы» Ларыса Сімаковіч успамінае, што была вельмі ўражаная, калі ўтварыўся мужчынскі хор «Унія».

«Па-першае, я была па-добраму зьдзіўленая, што зьявіўся нацыянальна арыентаваны дырыжор, які ўзяў на сябе адказнасьць за стварэньне і выкананьне патрыятычнага рэпэртуару.

Па-другое, што выклікае неверагодную павагу і прафэсійнае зьдзіўленьне – гэта стварэньне менавіта мужчынскага хору, першага мужчынскага хору ў Беларусі. Гэта ўнікальная зьява, гэта неверагодна цяжка. Кірыла – унікум у беларускай культуры. Бо і сёньня няма ў нас мужчынскіх хароў», — кажа Ларыса Сімаковіч.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:47 0:00
Наўпроставы лінк

Вайсковую службу Насаеў праходзіў у ансамблі песьні і танца Беларускай вайсковай акругі, зьбіраў беларускія песьні на патрыятычную тэматыку. У 1993 годзе зрабіў на просьбу кіраўніка ансамбля песьні і танца «Пагоню» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Празь некалькі гадоў запісаў альбом «Беларускія маршы й песьні. Лірыка змаганьня».

Меў шмат ідэй, не пасьпеў іх рэалізаваць

Журналіст, прадусар, рэдактар парталу «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін кажа, што 10 гадоў таму зь Кірылам Насаевым яго пазнаёміў Сяргей Дубавец, хаця творчасьць «Уніі» ведаў даўно, і асабліва быў уражаны праектам «Беларускія песьні і гімны».

Хор "Унія" — ізноў на сцэне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:20 0:00
Наўпроставы лінк

«Гэты праект даў штуршок больш сучасным рокавым праектам кшталту „Я нарадзіўся тут“. Спачатку я браў у Насаева інтэрвію як журналіст, а потым зразумеў, што ён неверагодна цікавы чалавек, які можа глядзець на музыку вельмі арыгінальным чынам. І нездарма на ягоных канцэртах хору «Унія» гучалі апрацоўкі „Бітлз“ разам з музыкай XVIII стагодзьдзя. І таму я стаў заахвочваць яго да праектаў у Tuzin.fm.

Напрыклад, ён зрабіў проста шыкоўную вэрсію „Пагоні“ для праекту „Re:Песняры“ — хаця здавалася, што пасьля Ўладзімера Мулявіна цяжка зрабіць па-іншаму „Пагоню“. А Кірыла стварыў харавы варыянт, вельмі цешыўся і казаў, што нават Мулявіну ня сорамна паказаць гэта.

Удзельнічаў ён і ў навагоднім праекце „Белсату“ з дуэтам „Вера&Патрыцыя“. Сёлета я хацеў таксама зрабіць праект да 100-годзьдзя БНР, але не атрымалася. У яго было шмат ідэй, але перашкаджала хвароба. Зьбіраліся зрабіць асобную праграму пра „Унію“, і ён хацеў сабраць увесь хор зноў. На жаль, ужо не атрымаецца...»

Зрабіў з «Уніі» прафэсійны хор

Вядомы опэрны сьпявак, мастацкі кіраўнік «Беларускай капэлы», прафэсар Віктар Скорабагатаў расказаў, што з аматарскага калектыву Кірыла вельмі хутка зрабіў сапраўдны прафэсійны калектыў, і на пачатку 1990-х на канцэрты «Уніі» немагчыма было трапіць — настолькі хор быў папулярным.

«Вельмі шкада, што калектыў праіснаваў ўсяго 10 гадоў – ён працаваў пры Магілёўскай філярмоніі, на пачатку 2000-х фінансаваньне скончылася, давялося распусьціць калектыў. Але за 10 гадоў так багата было зроблена ў гісторыі беларускай музычнай культуры, пачынаючы фактычна ад ХІІ стагодзьдзя – „Сьпеваў Эўфрасіньні Полацкай“ — да нашых дзён».

Кірыла быў проста «пэрпэтум мобіле», успамінае ягоны калега спадар Скорабагатаў.

Кірыла Насаеў адзін з тых, хто рабіў збор твораў Міколы Равенскага: і зборнік рэлігійных твораў, і два зборнікі для аматарскіх хароў, і для акадэмічных хароў, працягвае Скорабагатаў.

«Летась мы завяршылі працу. А гэта ж першы поўны збор твораў у гісторыі беларускай музыкі за 800 гадоў! Так, асобныя ноты выдаваліся, але збору твораў кампазытара ніхто не выдаваў. Я вельмі рады, што Кірыла як хормайстар займаўся менавіта гэтым зборам. Вельмі шкада, што ня стала надзвычай таленавітага чалавека», — скрушна кажа Віктар Скорабагатаў.

Хор «Унія» стаў пераможцам на першым фэстывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа» ў 1993 годзе. Зь дзіцячым хорам Кірыла Насаеў зрабіў праект «Простыя словы» на словы Міхала Анемпадыстава.

Кірылу Насаеву было 58 гадоў. У апошнія гады ён цяжка хварэў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG