Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адрэагаваў на заяву намесьніка генэральнага пракурора ЗША пра абвінавачваньні супраць 12 супрацоўнікаў расейскай вайсковай выведкі ГРУ.
Трамп напісаў, што апісаныя ў абвінаваўчым дакумэнце факты мелі месца ў час, калі Злучанымі Шататмі кіраваў Барак Абама, а ня ён. У сваім твітэры Трамп задаецца пытаньнем: чаму амэрыканскія службы нічога не распачалі тады, увосень 2016 году, калі дакладвалі пра гэта Абаму, гэта значыць, яшчэ да выбараў.
У пятніцу, 13 ліпеня, ЗША прад’явілі 12 агентам ГРУ абвінавачваньні ва ўмяшаньні ў хаду прэзыдэнцкай кампаніі 2016 году. Некаторыя амэрыканскія заканадаўцы заклікалі Трампа адмовіцца ад сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Хэльсынкі 16 ліпеня. Міністэрства замежных спраў Расеі абвінаваціла Вашынгтон у паўтарэньні беспадстаўных абвінавачваньняў і адпрэчыла прыналежнасьць да ГРУ 12 расейцаў, якія названыя ў абвінаваўчым дакумэнце.