Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акторку Скарлет Ёгансан вымусілі адмовіцца ад ролі трансгендэра


Скарлет Ёгансан, архіўнае фота

Галівудзкая акторка Скарлет Ёгансан адмовілася ад галоўнай ролі ў фільме «Rub & Tug» на тле «этычных пытаньняў», пра што расказала ЛГБТ-выданьню Out.

Скарлет Ёгансан мела выканаць ролю сутынёркі Дантэ Джыл, якую многія лічаць трансгендэрам. Але яе і стваральнікаў фільму раскрытыкавалі за тое, што сама акторка не трансгендэр, таму, маўляў, ня можа цалкам адлюстраваць перажываньні такога чалавека.

«Хоць я і хацела бы ўвасабіць гісторыю Дантэ, я разумеў, чаму многія лічаць, што ейную ролю павінен выконваць трансгендэрны чалавек, і я ўдзячная за тое, што такія спрэчкі вакол кастынгу, хай сабе неадназначныя, разгарнулі шырэйшую дыскусію пра разнастайнасьць і прадстаўніцтва ў кіно», — заявіла Скарлет Ёгансан.

Акторцы нагадалі таксама ранейшую спрэчную ролю ў фільме «Прывід у дасьпехах». У галівудзкай экранізацыі японскай гісторыі галоўная гераіня мела эўрапейскую зьнешнасьць, хоць у арыгінале была японкай, таму аўтараў фільму і акторку абвінавацілі ў «адбельваньні» дзеля заходняга рынку.

Лёс фільму цяпер невядомы. З крытыкай Ёгансан пагадзіліся далёка ня ўсе. Па-першае, дакладна невядома, ці была гераіня гісторыі трансгендэрам, ці лесьбіянкай, ці гетэрасэксуальнай жанчынай, якая любіла апранацца «па-мужчынску» і каротка стрыгчыся. Па-другое, у камэнтарах да скандалу неаднаразова адзначалі, што акторы часта выконваюць ролі, не зьвязаныя зь іхным жыцьцём, будзь то гангстэры, спартоўцы ці іншаплянэтнікі.

33-гадовая Скарлет Ёгансан вядомая па ролях у фільмах «Цяжкасьці перакладу», «Матч-поінт», «Прэстыж», сэрыі экранізацыяў коміксаў Marvel і іншых. Мае імянную зорку на галівудзкай «Алеі славы», прэміі BAFTA, «Сэзар», «Сатурн» і іншыя. Таксама запісала два музычныя альбомы. Прабабуля і прадзядуля акторкі паходзяць зь Нясьвіжа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG