Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску аштрафавалі анархістаў за «нацызм» і «экстрэмізм»

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

12 ліпеня ў судзе Фрунзенскага раёну Менску адбыліся судовыя працэсы над удзельнікамі анархісцкага руху Беларусі Міколам Дзядком і Марфай Рабковай, паведаміла Свабодзе Рабкова.

  • Міколу Дзядку прысудзілі 10 базавых велічыняў (245 рублёў) паводле арт. 17.10 КаАП;
  • Марфе Рабковай — 11 базавых (269 рублёў 5 капеек) паводле ч.2 арт. 17.11 КаАП.

Чаму судзілі Міколу Дзядка?

Міколу Дзядка затрымалі з удзелам АМАПу а 9-й гадзіне 12 ліпеня, калі ён рухаўся на суд па справе Зьмітра Галко.

Паводле Дзядка, падставай для адміністрацыйнай справы сталі тры пасты на асабістай старонцы ў фэйсбуку, праверку якіх праводзіў начальнік 3 упраўленьня ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч.

  1. Скрыншот з сайту газэты «Новы час», на карцінцы былі скамбінаваныя свастыка і серп-молат. Карцінка ілюстравала артыкул з асуджэньнем нацызму і камунізму.
  2. Скрыншот з паста ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» з выявай эклектычнай выявай свастыкі. У тэксьце паста Дзядок папрасіў сваіх сяброў «разбачыць» гэтую карцінку.
  3. Скрыншот з тэлевізійнай перадачы «Маски-шоу», з выявай трамваю з нацысцкімі сьцягамі. У эпізодзе перадачы высьмейваліся вайскоўцы гітлераўскай Нямеччыны. Дзядок параўнаў гэты эпізод шоў з «прапагандысцкай перадачай БТ».

«Ва ўсіх трох пастах свастыка была альбо ў нэгатыўным, альбо ў саркастычна-камічным кантэксьце. Гэтыя пасты ня выдаленыя, яны вісяць у маім фэйсбуку дагэтуль і я іх ня буду выдаляць», — сказаў Дзядок.

Прычынай свайго перасьледу Дзядок лічыць асабістую помсту Бедункевіча, які імаверна прысутнічаў падчас разгону сустрэчы анархістаў ля Крупак 30 чэрвеня.

«Калі была спэцапэрацыя ў Крупках, я пазнаў Міхаіла Бедункевіча, ня гледзячы на тое, што ён быў у масцы. На наступны дзень я напісаў у фэйсбуку, што ён быў там і трошкі яго высьмеяў», – распавёў Дзядок.

Анархіст ня выключае далейшага перасьледу супрацоўнікаў ГУБАЗіК, бо суд прысудзіў яму штраф, а не адміністрацыйны арышт.

Чаму судзілі Марфу Рабкову?

Рабкову затрымалі 4 супрацоўнікі АМАПу ўдзень 12 ліпеня.

«Яны мяне ўвесь час суправаджалі, таму што сказалі дзесьці там на версе, што я небясьпечны чалавек», — распавяла Рабкова.

​Рабкову абвінавачвалі ў разьмяшчэньні фота з шапкай «Class War» на старонцы «УКантакце» летась у лістападзе. Выявы з такім надпісам былі ўнесеныя ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў рашэньнем суда Цэнтральнага раёна г. Мінска 12 сакавіка 2018 года. Паводле аштрафаванай, суд палічыў, што Рабкова мусіла даведацца пра абнаўленьне рэестру і выдаліць фота з сацыяльнай сеткі, сказала аштрафаваная.

Здымак Рабкова пасьля суду ня выдаліла, але не выключае, што ён можа стаць падставай для наступнага перасьледу.​

У Беларусі за «прапаганду нацысцкай сымболікі» могуць судзіць і тады, калі чалавек ня мае на ўвазе праслаўленьне нацызму. Напрыклад, судзілі блогера, які «адзеў» дырэктарку школы ў нацысцкую ўніформу, баронячы шматдзетную маці. Пратакол міліцыя накіравала ў суд Савецкага раёну. Аднак той вярнуў пратакол на дапрацоўку, бо нацысцкая сымболіка ў фотакаляжы была затушаваная.

Такой сымболікай лічацца сьцяг, гімн, эмблема, вымпел, гальштук, нагрудны і апазнавальны знак Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Нямеччыны або іх копіі. Але іх дэманстраваньне ня лічыцца парушэньнем пры дзейнасьці «ў галінах тэатральнага, музычнага, цыркавога і выяўленчага мастацтва, бібліятэчнай справы, кінэматаграфіі, музэйнай справы, арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў, выдавецкай справы, адукацыйнай дзейнасьці, СМІ».

У Расеі па падобным артыкуле могуць судзіць нават за пост зь гістарычным фота з савецкага параду перамогі, дзе бачныя свастыкі.

Чаму ў Беларусі ўзмацнілі адказнасьць за выкарыстаньне нацысцкай сымболікі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG