Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі блогер «адзеў» дырэктарку школы ў нацысцкую ўніформу, баронячы шматдзетную маці


Арцём Шапараў
Арцём Шапараў

Дырэктарка сярэдняй школы № 3 Гомля Ніна Старажэнка ў заяве ў міліцыю вінаваціць мясцовага блогера Арцёма Шапарава ў зьнявазе гонару й годнасьці.

У застаўцы да YouTube-відэа пра шматдзетную сям’ю блогер зрабіў фотакаляж: «адзеў» дырэктарку школы ў чорную нацысцкую ўніформу. Тым часам школа № 3 носіць імя Героя Савецкага Саюзу Дзьмітрыя Пенязькова.

«У мяне не было намераў кагосьці абразіць, непажаданыя сымбалі ў застаўцы зафарбаваныя. Як аўтар я меўся паказаць праз аватарку сутнасьць таго, што вакол нас адбываецца», — сказаў Свабодзе Арцём Шапараў.

У відэасюжэце блогер расказаў гісторыю шматдзетнай маці і яе чатырох дзяцей-школьнікаў. Дзьве дачкі Антаніны Шайнюк вучацца ў СШ № 3.

Дырэктарка школы Ніна Старажэнка папярэджвала Антаніну Шайнюк, што прышле камісію, каб сям’ю паставілі на ўлік як сацыяльна ненадзейную.

Гомельская СШ №3
Гомельская СШ №3

У відэасюжэце падаецца тэлефонная размова шматдзетнай маці з дырэктаркай школы. Старажэнка выгаворвае Антаніне, што тая несвоечасова сплачвае камунальныя плацяжы, яе дзяўчатак-школьніц часьцяком даглядае бабуля, а ў кватэры беспарадак, абадраныя шпалеры, а таксама непрыемныя пахі ад сабакі, якога трэба ўсыпіць.

Антаніна Шайнюк, у сваю чаргу, кажа, што бяз мужа, які заўчасна памёр, ёй няпроста гадаваць дзяцей. Шпалеры яе турбуюць мала — дзяцей найперш «трэба накарміць, адзець, выхаваць у дабрыні і шчырасьці».

«Так, я сапраўды напісала заяву ў міліцыю, бо блогер мяне абразіў гэтай уніформай», — пацьвердзіла Ніна Старажэнка.

Участковы Савецкага райаддзелу міліцыі склаў на блогера Шапарава адміністрацыйны пратакол па артыкуле 17.10 КаАП — прапаганда і (ці) публічнае дэманстраваньне, выраб і (ці) распаўсюд нацысцкай сымболікі альбо атрыбутыкі. Пратакол накіраваны ў суд. Артыкулам прадугледжана пакараньне — штраф да 10 базавых велічыняў альбо адміністрацыйны арышт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG