Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяняю Рэчыцу на Ганалулу». Як беларусы ўладкаваліся на Гаваях


Адзіны ў ЗША каралеўскі палац месьціцца ў Ганалулу

Беларуская сям’я падзялілася са Свабодай досьведам эміграцыі за 12 тысяч кілямэтраў на архіпэляг Гаваі (50-ы штат ЗША) і расказала, ці знайшлі яны там сьляды першага прэзыдэнта Гавайскай Рэспублікі беларуса Мікалая Судзілоўскага.

10 гадоў таму праграміст Павал і бухгальтар Настасься, маладая сям’я з Рэчыцы, што на Гомельшчыне, пераехалі ў Ганалулу, сталіцу Гаваяў. За акіянам у іх зьявілася папаўненьне — сын Тэадора-Фёдар. Як і ў бальшыні выпадкаў, ад’езд быў прадыктаваны жаданьнем палепшыць якасьць жыцьця. А ці выпадковы выбар Гавайскіх астравоў?

Крышталёвая мара зь відам на Гаваі

Настасься з сынам
Настасься з сынам

«Гэта была блакітная мара майго мужа, — кажа Настасься Яфімава. — Але ў нейкім сэнсе ён сам падмануўся. Калі ехаў, думаў, што трапіць у ідылію з рэклямы батончыка „Баўнці“ — самотная выгнутая пальма, белы пясок, празрысты атол. Аказалася, што дарма нават шукаць такую карцінку. Так, пэйзажы ўнікальныя, але абсалютна іншая прыгажосьць: усё вельмі зялёнае, акіян зіхаціць пад промнямі сонца. Проста райскі клімат: круглы год каля 25 градусаў — цяплей летам, трохі халадней зімой. Ніколі ніякай задушлівай гарачыні, заўсёды сьвежы ветрык».

Такая ідылія, калі ня ўмешваецца прыродны форс-мажор. Некалькі апошніх месяцаў архіпэляг не пакідае навінавых стужак: на Вялікім востраве пачаў вывяргацца вулькан Кіляўэа. Губэрнатар штату Гаваі абвясьціў геатэрмальны раён Пуна зонай стыхійнага бедзтва, прэзыдэнту ЗША накіраваны запыт аб дапамозе.

Шлейф попелу ўздымаецца над вульканам Кіляўэа. 3 траўня 2018 году
Шлейф попелу ўздымаецца над вульканам Кіляўэа. 3 траўня 2018 году

Фантаны лавы б’юць на дзясяткі мэтраў і разьліваюцца на кілямэтры навокал, лік зьнішчаных і пашкоджаных пабудоваў набліжаецца да тысячы. А яшчэ нядаўна вулькан быў адным з улюбёных турыстычных аб’ектаў, кажа Настасься.

Лава з вулькану Кіляўэа разьліваецца на кілямэтры навокал. 10 чэрвеня 2018 году
Лава з вулькану Кіляўэа разьліваецца на кілямэтры навокал. 10 чэрвеня 2018 году

«Гаваі — цэлая сэрыя выспаў, яны ўсе розныя, — кажа яна. — Дастаткова пераляцець з адной на другую, каб апынуцца ў іншай кліматычнай зоне са сваёй адметнай прыродай. Біг Айлэнд, або Вялікі востраў, да сёньня ў стадыі фармаваньня, там вывяржэньні — рэч звычайная. Там цэлы парк вульканаў, лававыя палі. Паколькі амэрыканцы ня любяць асабліва перасільвацца, дарога пракладзена проста да месца. Дарэчы, колькі ёсьць перадач пра Гаваі, ва ўсіх чамусьці абмінаюць Біг Айлэнд — як на мяне, якраз тое, што сапраўды захоплівае дух, надзвычай уражвае».

Парк вульканаў на Біг Айлэнд
Парк вульканаў на Біг Айлэнд

У трывожным чаканьні ракет Кім Чэн Ына

У склад ЗША Гаваі ўвайшлі ў 1959 годзе — стаўшы 50-м штатам. Тады ж на астравах здарыўся бум інфраструктурнай актыўнасьці, вынікамі якога жыхары карыстаюцца дагэтуль. І хоць тутэйшыя мясьціны вельмі мала нагадваюць мацерыковую тэрыторыю Штатаў, прыналежнасьць да іх чуваць па ўсім.

«Пры ўсёй сваёй спэцыфіцы гэта, канечне, Амэрыка, — кажа беларуска. — Інфраструктура, дарогі — вялізны аб’ём працы. Нават малыя астравы, дзе 50 тысяч жыхароў, уладкаваныя з размахам. Гэтага не было б, каб не амэрыканцы. Праўда, ключавое слова тут „было“, бо за паўстагодзьдзя мала што абнаўлялася і памалу прыходзіць у заняпад. Хоць штат павінен быць найбагацейшы. Па-першае, базы ВМФ, якія плацяць за пастой. Па-другое, турыстычнае месца, дзе крута адзначыць вясельле ці юбілей. Па-трэцяе, японскія грошы. Японцаў незьлічоная колькасьць, усё пад іх прыстасавана — ад крамаў да інфармацыйных указальнікаў. На адным з астравоў нават мэрам абраны „свой чалавек“. Як кажуць, узялі Гаваі бяз Пэрл-Харбара».

Ганалулу вытрыманы ў стылістыцы іншых амэрыканскіх гарадоў
Ганалулу вытрыманы ў стылістыцы іншых амэрыканскіх гарадоў

База Пэрл-Харбар адыграла ключавую ролю ва ўступленьні ЗША ў Другую ўсясьветную вайну. 7 сьнежня 1941 году авіяносцы імпэратарскага флёту Японіі атакавалі амэрыканскую ваенную інфраструктуру на Гаваях: за паўтары гадзіны былі зьнішчаныя сотні самалётаў, караблёў, складоў і жылых будынкаў, амаль 2,5 тысяч чалавек загінулі.

На наступны дзень прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэльт падпісаў афіцыйнае абвяшчэньне вайны Японскай імпэрыі. Пасьля перамогі саюзьнікаў японцы дэ-факта лічыліся непажаданымі гасьцямі на выспах, але зь цягам часу крыўды забыліся і, як кажа Настасься, пры цяперашніх тэмпах «ціхай акупацыі» неўзабаве менавіта яны стануць тут бальшынёй.

Мэмарыял у памяць пра ахвяраў японскай атакі на Пэрл-Харбар
Мэмарыял у памяць пра ахвяраў японскай атакі на Пэрл-Харбар

У рэальнасьці жыхары архіпэлягу баяцца ня столькі японцаў, колькі паўночных карэйцаў. У абяцаньнях «правучыць Амэрыку» іх лідэр Кім Чэн Ын мае на ўвазе якраз Гаваі — першую на шляху крылатых ракет амэрыканскую тэрыторыю з марскімі базамі. Ваяўнічая рыторыка дадае нэрвознасьці і цывільным, і вайскоўцам. Вучэньні сталі будзённасьцю. Нават перамовы на найвышэйшым узроўні не гарантуюць, што ў Кіма няма «пляну Б».

Паведамленьне на мабільны тэлефон пра ядзерную атаку
Паведамленьне на мабільны тэлефон пра ядзерную атаку

«Нарабіла шуму апавяшчэньне, якое паўзьверх усіх карцінак прыйшло на тэлефоны астраўлянаў: „Ядзерная атака! Не вучэбная трывога!“ — кажа Настасься. — Была 8-я раніцы, мы яшчэ спалі. Адбою не давалі паўгадзіны, амаль паніка. Бамбасховішчы шукаць бессэнсоўна, іх няма. Куды бегчы, што рабіць?

Тэадора вырабіў уласны «антыядзерны шчыт»
Тэадора вырабіў уласны «антыядзерны шчыт»

У сацсетках потым абмяркоўвалі: адны хаваліся ў душы, нібыта гэта самае бясьпечнае месца ў доме, іншыя тэлефанавалі і плакалі — разьвітваліся. Нарэшце супакоілі: трывога ўсё ж вучэбная. Тым ня меней, напружаньне ва ўсім: ваенныя падаставалі старыя гучнагаварыцелі, пастаянна скавыча сырэна, з авіяносцаў узьлятаюць самалёты. Паўночнакарэйская пагроза ўспрымаецца надзвычай сур’ёзна».

Пасьля гэтага на Гаваях сталі папулярныя майкі з надпісам на грудзях: «Я перажыў ядзерную атаку». Як сумна жартуе Настасься Яфімава, сама родам з Гомельшчыны, для яе сям’і быў бы актуальны і дадатковы на сьпіне — «Пацярпеў ад Чарнобылю».

Каўка Лукіні з загадкавага Магілёву

Ёсьць на Гаваях і беларускі сьлед, хоць і не адзначаны помнікамі. Пакінуў яго тут больш за 100 гадоў таму Мікалай Судзілоўскі — лекар, рэвалюцыянэр, навуковец-прыродазнавец. Біяграфію земляка Настасься і Павал вывучылі яшчэ да выезду зь Беларусі.

Першы прэзыдэнт Гавайскай Рэспублікі Мікалай Судзілоўскі
Першы прэзыдэнт Гавайскай Рэспублікі Мікалай Судзілоўскі

Родам з Магілёва (1850 — 1930), Судзілоўскі пасьля гімназіі вучыўся ў Пецярбурскім, а затым Кіеўскім унівэрсытэтах. Яшчэ студэнтам захапіўся ідэямі народніцтва, але неўзабаве давялося хавацца ад царскіх уладаў. Спачатку гарады Ўкраіны і Расеі, потым Лёндан, дзе прамаўляў на мітынгах разам з Марксам і Энгельсам. Далей Жэнэва і Бухарэст.

У Румыніі практыкаваў як хірург, абараніў доктарскую дысэртацыю, на тытульным лісьце якой зьявілася «кансьпіратыўнае» прозьвішча Русэль. Паралельна працягваў займацца палітыкай, за што быў высланы ў Турэччыну. Зноў вяртаецца ў Эўропу — Францыя, Бэльгія, займаецца навукай і практычнай мэдыцынай. А ў 1887 зьяжджае ў ЗША да брата.

У Сан-Францыска Судзілоўскі стаў запатрабаваным лекарам і хутка атрымаў амэрыканскае грамадзянства. Аднак крытыка мясцовых рэалій (сьвятароў рускай праваслаўнай царквы ў прыватнасьці) прымусіла зноў здымацца зь месца. Так праз 5 гадоў ён апынуўся на Гаваях. Тут спрабуе сябе ў ролі кававага плянтатара і лечыць абарыгенаў канакі, ад якіх атрымаў мянушку Каўка Лукіні — «добры доктар».

Краявіды, якімі любаваўся беларус Мікалай Судзілоўскі
Краявіды, якімі любаваўся беларус Мікалай Судзілоўскі

На антыамэрыканскай рыторыцы становіцца сэнатарам па выніках першых парлямэнцкіх выбараў Гавайскай рэспублікі. Насуперак дэмакратам і рэспубліканцам, стварае сваю партыю: праграма прадугледжвала незалежнасьць ад ЗША, вызваленьне бедных ад падаткаў, рэформу аховы здароўя, будаўніцтва аб’ектаў «сацкультбыту». У 1901 годзе папулярны беларус становіцца першым прэзыдэнтам Гаваяў.

Праўда, праамэрыканскае лобі не дало разгарнуцца напоўніцу: у выніку палітычных інтрыг ён мусіў скласьці паўнамоцтвы і зьехаць спачатку на Філіпіны, а потым у Кітай. Пражыўшы насычанае і поўнае прыгодаў жыцьцё, Мікалай Судзілоўскі памёр у 80-гадовым узросьце ў Т’яньцзіні. У 1946-м скрынку зь ягоным прахам перавезьлі ў фамільную ўсыпальніцу сям’і Ахара (трэцяя жонка была японка) на востраве Амакуса.

Асучасьненыя Гаваі
Асучасьненыя Гаваі

Нейкіх згадак пра Судзілоўскага-Русэля сёньня на Гаваях знайсьці немагчыма. Зыходзячы з таго, якія ідэі ён прапаведаваў, — нічога дзіўнага, лічыць Настасься.

«Ніякіх адсылаў да таго часу. Дый наагул пазьбягаюць згадак пра пэрыяд, калі былі ня ў складзе Штатаў. Па вялікім рахунку, Гаваям выбар навязалі, самі яны асабліва нікуды ня рваліся. Так, у сэнсе асваеньня тэрыторыі інтэграцыя пайшла на карысьць. А вось героі, якія трымаліся іншага гледзішча, у новы кантэкст ня ўпісваліся. Таму ні помнікаў, ні вуліц, ні мэмарыяльных дошак. Ёсьць у назвах мясцовыя каралі ды прынцы, але ня першы прэзыдэнт. Думаю, у школах таксама ня згадваюць. Хоць, калі меркаваць па гістарычных дадзеных, ён вельмі шмат зрабіў для Гаваяў. Іншая справа, што быў на баку незалежнасьці. Чымсьці падобна, як і ў цяперашняй Беларусі».

Самотнае жыльлё на лававых палях
Самотнае жыльлё на лававых палях

Малая радзіма Барака Абамы

Згадку пра беларускі рэгіён можна пабачыць хіба ў аэрапорце выспы Каўаі. Тут разьвешаныя гадзіньнікі, якія паказваюць час у розных частках сьвету. Сярод іншых ёсьць цыфэрблят з пазнакай «Чарнобыль».

Чарнобыльскі гадзіньнік — у сярэднім шэрагу другі справа
Чарнобыльскі гадзіньнік — у сярэднім шэрагу другі справа

Наступнага прэзыдэнта пасьля Мікалая Судзілоўскага Гаваі далі сьвету толькі праз стагодзьдзе — ім стаў першы чарнаскуры лідэр Злучаных Штатаў Барак Абама. Ён нарадзіўся ў 1961 годзе ў Ганалулу і пасьля разводу бацькоў да заканчэньня школы жыў у сям’і бабулі Мэдлін Дэнхэм. Яна памерла 10 гадоў таму і была адной з самых паважаных бізнэс-вумэн на ўсім архіпэлягу.

«Бацькі Абамы вучыліся ў Гавайскім унівэрсытэце, — кажа Настасься. — Потым разьехаліся. А вось бабуля даслужылася да віцэ-прэзыдэнта Bank of Hawaii, для свайго часу ўнікальны выпадак. У гэтым сэнсе Гаваі маюць сваю адметнасьць: тут няма кантынэнтальных банкаў кшталту Bank of America, City Bank, свая манаполія. Што да Абамы, пра яго згадак ня надта відаць, калі не лічыць зьлепка нагі ў дзіцячым гульнявым цэнтры. А так ня чула, каб недзе вісела мэмарыяльная шыльда. Хіба можа ў школе імянная парта з таблічкай „Тут сядзеў Барак“ (сьмяецца). Выглядае, такога значэньня гэтаму не надаюць, хоць частка насельніцтва ад яго сапраўды ў захапленьні».

Уваход у Bank of Hawaii
Уваход у Bank of Hawaii

Этнічны склад насельніцтва Гаваяў у найноўшы час зьмяніўся кардынальна: амаль з 1,5 мільёна чалавек толькі 150 тысяч адносяць сябе да карэнных жыхароў. Найбольш тут азіятаў і патомства ў шлюбах зь імі — 900 тысяч, або 60% (японцы, філіпінцы, кітайцы). Астатнюю долю ў рознай прапорцыі дзеляць белыя амэрыканцы, мэтысы, афраамэрыканцы, эўрапейцы.

Імклівае скарачэньне колькасьці абарыгенаў прывяло да таго, што ў 1993 годзе тагачасны прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан падпісаў прынятую Кангрэсам Apology Resolution («Рэзалюцыю аб прабачэньні»). У дакумэнце ён ад імя народу ЗША афіцыйна просіць прабачэньня ў карэнных гавайцаў за ліквідацыю Гавайскага каралеўства ў канцы ХІХ стагодзьдзя. На падставе гэтай рэзалюцыі карэнныя гавайцы атрымалі ад ураду шэраг прэфэрэнцый, якімі актыўна карыстаюцца.

Азіяцкая культурная экспансія на Гаваях
Азіяцкая культурная экспансія на Гаваях

«Гавайцы досыць спэцыфічнай зьнешнасьці, іх адразу вызначыш у агульнай масе, — кажа Настасься. — І, як мне падалося, яны ў больш выгадным становішчы, чым амэрыканскія індзейцы на кантынэнце. У іх усё ж свой гістарычны кавалак зямлі, ніякіх рэзэрвацый; маюць рэгулярныя выплаты ад дзяржавы і могуць сабе дазволіць не перапрацоўвацца, а то і ў прынцыпе нічым не займацца. Складаецца ўражаньне, што астраўляне, якія жывуць на сонцы, збольшага расслабленыя і мала чым заклапочаныя. Проста б’юць лынды».

Трынаццаць літар матчынай мовы

«Рэзалюцыя Клінтана» актывізавала рух на захаваньне і адраджэньне самабытнай культуры абарыгенаў. Напрыклад, гавайскую мову, якая рызыкавала зьнікнуць у выніку экспансіі ангельскай, японскай ці кітайскай, цяпер можна вывучаць пачынаючы са школы.

Ілюстрацыйнае фота. Жыхары Гавайскіх астравоў ў традыцыйнай вопратцы выконваюць гавайскі танец на фэстывалі Aloha. 2012 год
Ілюстрацыйнае фота. Жыхары Гавайскіх астравоў ў традыцыйнай вопратцы выконваюць гавайскі танец на фэстывалі Aloha. 2012 год

«Сваю мову яны захавалі, на ёй пішуцца назвы вуліц — ну вельмі складана запомніць, — усьміхаецца Настасься. — Справа ў тым, што ў алфавіце ўсяго 13 літар. Іх не хапае, атрымліваюцца бясконцыя паўторы. Ala Moana, Moanalua, Mauna Loa — а гэта, між іншым, розныя месцы. Сама мова вельмі мяккая, няма грубых гукаў, быццам курлыкаюць. Натуральна, вольна размаўляюць па-ангельску, але гавайская выкладаецца ў школах. У гэтым сэнсе сытуацыя лепшая, чым у Беларусі: беларускую паспрабуй знайсьці, а тут дастаткова жаданьня. Вучыць могуць усе, ня толькі гавайцы. Вядома, у якасьці другой пэрспэктыўней узяць японскую ці кітайскую, але ж сам факт».

Шмат стагодзьдзяў нязьменны атрыбут тутэйшай гасьціннасьці — гірлянды леі са сьвежых кветак. Гэта будзе першае, што павесяць на шыю дарагому госьцю, які ступіў на гавайскую зямлю. Як кажа Настасься, пазнавальныя «вянкі» суправаджаюць мясцовых людзей паўсюль — і ў шчасьці, і ў горы.

Колеравае буйства тутэйшай флёры
Колеравае буйства тутэйшай флёры

«Паважаных пасажыраў проста ў аэрапорце сустракаюць гэтымі вянкамі. Aloha, Mahalo — унівэрсальныя словы, якія адначасова і вітаньне, і падзяка, іх чуеш паўсюль, ад крамаў да заправак. Традыцыі нікуды не падзеліся. Амэрыканцы балдзеюць ад гэтага антуражу, таму асаблівыя нагоды — вясельлі, юбілеі — любяць адзначаць на Гаваях. І леі тады асноўны атрыбут. Ну, і дадаецца вялізная армія аматараў катаньня на дошках. Гавайцы лічаць, што вынайшлі сэрфінг, адзін з помнікаў тут — заўзятаму прапагандысту сэрфінгу, алімпійскаму чэмпіёну ў плаваньні Дзюку Паоа Каханамоку. Дык вось яго скульптура заўсёды ўпрыгожана леямі ад удзячных пасьлядоўнікаў».

Сын з пашпартам Коста-Рыкі

Беларуская пара жыве ў арандаваным доме ў спальным раёне Ганалулу. Павал кіруе невялікай праграмэрскай кампаніяй, Насьця мае магчымасьць засяродзіцца на сям’і.

Чорны «пляж»
Чорны «пляж»

«У мужа свая ІТ-фірма, некалькі супрацоўнікаў таксама зь Беларусі. Мужчына зь Віцебску ўжо атрымаў амэрыканскае грамадзянства. Дзяўчына з Пружанаў — палітуцякачка. Ну, і яшчэ аднаму хлопцу з Гомля адмовілі. А так каго толькі з нашых шыротаў не сустрэнеш. Шмат расейскамоўных жонак маракоў на вайсковай базе. Пазнаёміліся з украінскай парай: даўно зьехалі ў ЗША, ён кантрактнік на караблі, яна не працуе. Паступова ўтварылася цэлая грамада. Летась адкрылася ўзбэцкая кавярня „Шаўковы шлях“, можна замовіць ня толькі плоў, а і боршч, галубцы, пельмені, усю савецкую кухню. Там і тусуюцца».

Жыцьцё тут, паводле Анастасіі Яфімавай, як і ў іншых штатах, годнае, але ў раскошы не купаюцца — нават з улікам добрых заробкаў мужа. Падатковыя, страхавыя адлічэньні, па беларускіх мерках, проста шалёныя.

Узбэцкая кавярня ў Ганалулу
Узбэцкая кавярня ў Ганалулу

«Зьнешне ўражвае: сярэднестатыстычны амэрыканец зарабляе 4 тысячы даляраў. І што? У Паўла 35% заробку ідзе на падаткі. Беларус фыркае на 13%, а тут траціну плаціш — і нават дарогу ня хочуць адрамантаваць. Плюс найманае жыльлё, аўтакрэдыт, страхоўка. Мэдстрахоўку паднялі на 30%, 1000 даляраў на сям’ю. Калі абурыліся — адкуль такая інфляцыя — патлумачылі: зашмат трацім на тых, у каго яе няма. То бок плацім за сябе і яшчэ за пяцёх. Дашкольныя ўстановы платныя, ад 800 даляраў толькі пачынаюцца. А дзіцё ў садку да 15.00, далей наймай няньку. 200 даляраў у краме — з пустым вазком выйдзеш. Гэта ў Беларусі поўны багажнік наб’еш».

Сьціплы прадуктовы набор пацягнуў на 65 даляраў
Сьціплы прадуктовы набор пацягнуў на 65 даляраў

У чаканьні амэрыканскай легалізацыі (міграцыйная працэдура ўзьяднаньня сям’і не дазваляе мужу і жонцы быць разам на тэрыторыі ЗША) Настасься і Павал 4 гады пражылі ў Цэнтральнай Амэрыцы, на ціхаакіянскім узьбярэжжы Коста-Рыкі.

Там нарадзіўся іх сын Тэадора — грамадзянін Коста-Рыкі (бацькі аўтаматычна атрымалі від на жыхарства). Але занадта павольнае і бесклапотнае мясцовае жыцьцё падштурхнула вярнуцца на Гаваі. Як 6-гадовы хлопчык успрымае тое, што мае як бы тры радзімы?

У Коста-Рыку да Насьці прылятала мама
У Коста-Рыку да Насьці прылятала мама

«Паколькі доўга пражыў у Коста-Рыцы, набраўся мясцовага мэнталітэту — усё спакойна, нясьпешна, з усьмешкай, — расказвае мама. — Калі мы яго першы раз прывезьлі ў Беларусь, розьніца адчулася ўжо ў аэрапорце: дзіцё памежнікам усьміхаецца, а там ніхто „лыбіцца“ і не зьбіраўся. Так і не зразумеў: чаму ўсе такія злыя? Але паступова прыцёрся: тут бабулі, дзядулі, яго любяць, балуюць. Адзінае, напружвае частая зьмена месцаў: адно яшчэ ня ўспомніў, іншае ўжо забыўся. Па мэнталітэце бачу, што ён ні костарыканец, ні амэрыканец. Прынамсі пакуль. Мы, два беларусы, ну каго можам вырасьціць? Гавайца? Пэўна, што не. Любіць дранікі, пельмені, падабаецца зь дзеткамі ў садку».

Знаёмства з костарыканскім алігатарам
Знаёмства з костарыканскім алігатарам

Рай для бяздомных і выпрабаваньне мары

Апошнім часам на Гаваях істотна паболела расейскамоўных — і ня толькі з самой Расеі. Як кажа Настасься Яфімава, калі яшчэ 10 гадоў таму сустрэць постсавецкага чалавека было вялікай рэдкасьцю, то цяпер прысутнасьць адчувальная — паводле апошняга перапісу, блізу 5 тысяч. Некаторыя нават не абцяжарваюць сябе пошукам працы, задавольваюцца дапамогай па беспрацоўі.

Чарапахі на вульканічным узьбярэжжы
Чарапахі на вульканічным узьбярэжжы

«Адзін наш знаёмы шмат гадоў жыве на дапамогу, — кажа Настасься. — Мала таго, часта працаваць проста нявыгадна. Недзе ўладкуесься — трэба плаціць мэдстрахоўку, якая каштуе шалёных грошай, давядзецца ўтрымліваць жыльлё. А так за кошт дзяржавы. Ён і разважае: дык а навошта працаваць? Вось і стымулююць да лайдацтва. Гэта першае. Па-другое, вакол шмат бяздомных. Для іх тут сапраўдны рай, сьцягваюцца з усіх штатаў. Ніхто не ганяе, сядзяць на тратуарах, разьбіваюць цэлыя гарадкі на пляжах — далей за Ганалулу сапраўднае паселішча бяздомных. А яшчэ шмат псыхічна неўраўнаважаных».

Ці параіла б беларуска Гавайскія астравы тым, хто цяпер на працоўным ды геаграфічным раздарожжы? Ці тое гэта месца, дзе будзеш адчуваць сябе па-сапраўднаму камфортна?

Рэліктавыя папараці Гаваяў
Рэліктавыя папараці Гаваяў

«Да эміграцыі трэба быць гатовым, а мару выпакутаваць, — кажа яна. — Усьведамляць, што ты найлепшы ў прафэсіі, за якую ўзяўся. Калі не, то апошнім возьмуць і першым выкінуць. Нават з улікам таго, што белы мігрант у сьвеце азіятаў. Перад тым як пакаваць чамаданы, лепш зьезьдзіць на разьведку. Ведаю дзяўчыну з Чыкага, якая прыяжджае на Гаваі перажыць зіму. Але каб увесь час — не, кажа, сумна. Круглы год адно і тое ж. У Беларусі радуесься сонцу, дажджу, сьнегу, а тут без разнастайнасьці. Акіян — так, але да ўсяго прызвычайваесься, пару разоў — і хапае. Вы калі прыедзеце на два тыдні ў адпачынак, больш прыемнасьці атрымаеце ад акіяну, чым мы. Дык ці варта запароць сваю мару, паехаўшы жыць?»

4 ліпеня 1894 году праамэрыканскія сілы зрынулі гавайскую манархію і абвясьцілі рэспубліку. Каралева Калакаўа Ліліўокалані была абвінавачана ў спробе арганізацыі перавароту і пасаджана пад хатні арышт.

Колішняя рэзыдэнцыя гавайскіх манархаў
Колішняя рэзыдэнцыя гавайскіх манархаў

Пасьля амністыі яна працягвала выступаць супраць анэксіі з боку ЗША, якая ўсё роўна здарылася ў 1900 годзе — якраз тады на палітычную арэну выйшаў прафэсійны рэвалюцыянэр Мікалай Судзілоўскі, які хацеў дапамагчы тубыльцам захаваць сваю незалежнасьць.

Прыхільнікі аднаўленьня манархіі на Гаваях ёсьць і сёньня, хоць іхняга голасу амаль не чуваць. Пра вольнае мінулае нагадвае хіба што стары герб на браме колішняга каралеўскага палаца Іалані, дзе ў насычаных колерах гірляндаў леі выведзены лёзунг: Ua Mau ke Ea о kа Аina i kа Pono. Яго зьмест можна перадаць так: «Жыцьцё на гэтых землях трымаецца на праўдзе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG