Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя ў зачараваным коле: чаму самастойна выйсьці з крызісу немагчыма


Ілюстрацыйнае фота. XVIII зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі, на якім новым старшынём партыі быў абраны Васіль Палякоў. Менск, 8 ліпеня 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. XVIII зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі, на якім новым старшынём партыі быў абраны Васіль Палякоў. Менск, 8 ліпеня 2018 году

Ці здольная апазыцыя выйсьці з крызісу? Перадвыбарчыя дыскусіі ў АГП напярэдадні зьезду актуалізавалі гэтае пытаньне.

Адна з прэтэндэнтак на пасаду старшыні, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, казала пра наяўнасьць сур’ёзных праблем у арганізацыі: «На парадку дня нашай партыі павінна стаяць сыстэмная, структурная перазагрузка». Новы кіраўнік Васіль Палякоў ужо пасьля абраньня прызнае наяўнасьць крызісу ў АГП. Але тыя праблемы, пра якія гаварылася падчас перадвыбарчай дыскусіі, тычацца ня толькі гэтай партыі. Іншыя апазыцыйныя структуры перажываюць такія ж цяжкасьці, перад імі паўстаюць тыя ж вострыя пытаньні.

Дык ці ёсьць крызіс у апазыцыі, ці, можа, дакладней, крызіс апазыцыі?

Давер да існага рэжыму з боку грамадзтва падае, аднак гэта не трансфармуецца ў падтрымку ягоных палітычных апанэнтаў.

Мой адказ: так. Роля апазыцыі ў грамадзкім жыцьці, можа, і ня падае, але дакладна не расьце. Хоць, здаецца, для гэтага складваюцца спрыяльныя ўмовы. Разьвіцьцё інтэрнэту разбурыла манаполію на інфармацыю дзяржаўных мэдыя. Давер да існага рэжыму з боку грамадзтва падае, аднак гэта не трансфармуецца ў падтрымку ягоных палітычных апанэнтаў. Незадаволенасьць палітыкай уладаў не вядзе да росту папулярнасьці апазыцыйных партый, патэнцыял пратэставага электарату не ўздымае рэйтынг лідэраў дэмакратычных арганізацый. Нават моцна незадаволеныя людзі «ня ставяць» на апазыцыю, ня бачаць у ёй здольнасьці абараніць іх інтарэсы.

Чаму так адбываецца?

Ня толькі афіцыйныя прадстаўнікі рэжыму і блізкія да іх структуры (кшталту ЛДП імя Гайдукевічаў), але і большасьць удзельнікаў дыскусій у сацыяльных сетках лічаць вінаватымі ў гэтай сытуацыі саміх апазыцыянэраў. Маўляў, гэтыя «опы» адарваліся ад людзей, ня дбаюць пра іхныя інтарэсы, жывуць на заходнія гранты і інш.

Безумоўна, у дзейнасьці апазыцыі шмат недахопаў, яе ёсьць за што крытыкаваць. Аднак праблема больш глыбокая.

Найперш трэба канстатаваць, што калі беларуская сацыяльная мадэль уступіла ў стадыю крызісу, то ён так ці інакш закранае і ўсё грамадзтва. Дэградуе эканоміка, сацыяльная сфэра. Карупцыя разьядае дзяржаўны апарат. Адзін за другім адбываюцца правалы ў любімым дзецішчы Лукашэнкі — спорце (футбол, хакей і інш.). У вялікім маральным крызісе знаходзіцца царква (вось высьвятляецца, што мітрапаліт Павел прымае падарункі аўтамабілямі кшталту «Майбаха» і ня бачыць у гэтым ніякай заганы). Апазыцыя — гэта такая ж частка грамадзтва, і было б дзіўна, каб яе не закрануў гэты агульны трэнд.

Галоўная праблема ў тым, што ў краіне адсутнічае публічная палітыка, рэальная палітычная канкурэнцыя, не працуюць інстытуты народнага прадстаўніцтва, зьліквідаваны выбары. Таму ў апазыцыі няма легальнай прасторы для дзейнасьці. А, як вядома, спартовец без спаборніцтваў страчвае спартовую форму.

Пераадоленьне крызісу апазыцыі немагчыма ажыцьцявіць у межах самой апазыцыі, дзеяньнямі саміх апазыцыйных структур і іх лідэраў.

І таму пераадоленьне крызісу апазыцыі немагчыма ажыцьцявіць у межах самой апазыцыі, дзеяньнямі саміх апазыцыйных структур і іх лідэраў. Тут не дапаможа стварэньне нейкіх кааліцый, абʼяднаньне-разʼяднаньне, зьмена кіраўніцтва. (Новыя лідэры, якія ачолілі апазыцыйныя партыі, пакуль выглядаюць слабейшымі за старых.)

Каб зьмяніць сытуацыю, патрэбны палітычныя зьмены ў краіне, лібэралізацыя рэжыму, вяртаньне палітыкі ў грамадзкае жыцьцё. Бяз гэтага апазыцыя так і будзе заставацца ў сваім гета.

Але праблема ў тым, што сама апазыцыя памяняць сытуацыю ня ў стане. У яе для гэтага няма сілаў, мэханізмаў, патрэбнай грамадзкай падтрымкі. І разарваць гэтае зачараванае кола могуць толькі нейкія неспадзяваныя, магчыма, вонкавыя падзеі, нейкі «чорны лебедзь».

А пакуль апазыцыя вымушаная займацца, па-першае, самавыжываньнем, самазахаваньнем. «Гавары праўду» кантактуе з чыноўнікамі. Каманда Міколы Статкевіча спрабуе арганізаваць вулічныя акцыі. Удзел апазыцыі ў выбарчых кампаніях — гэта імкненьне нагадаць грамадзтву пра сваё існаваньне.

Па-другое, дэмакратычныя сілы займаюцца, скажам так, адстойваньнем сваіх каштоўнасьцяў. Яны гучна сьвяткуюць 100-годзьдзе БНР, бароняць Курапаты і інш.

Але гэта ня мае дачыненьня ні да змаганьня за ўладу, ні нават да таго, што цяпер найбольш хвалюе грамадзтва. А большасьць гэтага грамадзтва ўжо амаль не ўяўляе, што ўладу насамрэч трэба выбіраць. Для яго ўлада — гэта нешта сакральнае, яна ад іх ніяк не залежыць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG