Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як фармуюцца ўзаемаадносіны ўлады і новых мэдыяў? Ці рэальная перамога ўлады ў «сфэры абароны свайго інфармацыйнага поля», чаго днямі патрабаваў Аляксандар Лукашэнка? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Як фармуюцца ўзаемаадносіны ўлады і новых мэдыяў? Ці рэальная перамога ўлады ў «сфэры абароны свайго інфармацыйнага поля», чаго днямі патрабаваў Аляксандар Лукашэнка? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Навумчык: Сёньня чарговая гадавіна перамогі Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году. Гэта былі першыя і апошнія адносна свабодныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, і прэса адыграла ў іх далёка не апошнюю ролю.

Адразу пацьверджу сваю нязьменную пазыцыю — і як удзельніка тых падзеяў, і як дасьледчыка найноўшай гісторыі: меркаваньне, што дзяржаўныя СМІ на выбарах 1994 году гулялі супраць Лукашэнкі — калі не памылковае, дык, як мінімум, недакладнае. Так, супраць Лукашэнкі былі некалькі публікацый у газэтах і пара рэпартажаў па БТ, але супраць Пазьняка іх было значна болей, была і інфармацыйная правакацыя (нібыта перадрукоўка з галяндзкай газэты) супраць Шушкевіча.

Але асноўны, як цяпер прынята казаць, мэйнстрым дзяржаўных СМІ — за цесную інтэграцыю з Расеяй, аж да поўнага аб’яднаньня, супраць дэмакратычных рэформаў і супраць нацыянальна-дэмакратычных сілаў — хоць і ляжаў у русьле ідэяў Кебіча, але цалкам супадаў і з праграмай Лукашэнкі, прычым Лукашэнка быў больш яскравым іх выразьнікам, чым Кебіч.

Трэба сказаць, што Лукашэнка з самага пачатку сваёй палітычнай кар’еры вельмі добра разумеў значнасьць сродкаў масавай інфармацыі і, я б сказаў, сябраваў з прэсай. Яшчэ за часам свайго дэпутацтва ён ніколі не адмаўляў у інтэрвію, больш за тое, сам шукаў кантактаў з журналістамі, прычым тычылася гэта ня толькі дзяржаўных СМІ, але і незалежных, хоць наклад незалежных газэт быў меншы ў разы.

Увогуле, сумняваюся, ці мог бы ўвогуле ўзьнікнуць Лукашэнка нават ня ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты, а дэпутата парлямэнту, калі б у 1989-90 гадах ён меў такі самы доступ да СМІ, як сёньня маюць ягоныя апанэнты.

Мэдыйны ляндшафт зьмяніўся

Дракахруст: Адказаць на гэтае пытаньне складана, у тым сэнсе, што сказаць, што тады ўжо Лукашэнка такі велізарны доступ меў — гэта не зусім так. І той самы Пазьняк ня меў тэлебачаньня, ня меў свабоднага выхаду на тэлебачаньне. Тут наклаўся і фактар адноснай свабоды (адноснай у параўнаньні з савецкімі часамі), а з другога боку — час робіць герояў, час робіць лідэраў. Урэшце, калі казаць пра выбарчую кампанію, дык у выбарчых кампаніях рэдка бывае, каб усё было абсалютна даравана пароўну. Мы бачылі ў пазамінулым годзе амэрыканскія выбары. І мы бачылі, як сябе паводзілі CNN, іншыя амаль усе асноўныя нацыянальныя тэлеканалы, акрамя Fox, і як пісалі Washington Post, New York Times... Сказаць, што яны так ужо збалянсавана падавалі — гэта, мякка кажучы, ня так. Зразумела, што, як цяпер модна казаць, «тапілі» Трампа — але не ўтапілі. Ён усплыў. Так што казаць, што ўсё вырашылі СМІ...

Калі казаць пра кантэкст прапаганды ў 1994 годзе, дык яна, безумоўна, была за Кебіча. Усё ж кандыдатам дзяржаўных СМІ быў Кебіч. І тут у іх ня ўсё атрымалася. Хаця я з табой згодны, што прынамсі для дзяржаўных СМІ Лукашэнка ня быў ідэалягічным ворагам. Як не былі Дубко і Новікаў...

Навумчык: І якімі былі Пазьняк ці Шушкевіч.

Дракахруст: Так. Але варта сказаць, што гэта было вельмі даўно, 24 гады таму. Акрамя ўсяго іншага, зьмяніўся мэдыйны ляндшафт. Тады было тэлебачаньне, было радыё і былі папяровыя газэты. Вось і ўсе СМІ. І што тычыцца недзяржаўных газэт, дык іх маглі чытаць толькі ў паперы. За 24 гады зьявіўся інтэрнэт. Цяпер фактычна папяровыя газэты, мякка кажучы, вельмі і вельмі здаюць свае пазыцыі. Вось апошні крок «Нашай Нівы», якая ўжо сышла, як у фільме «Газонакасільшчык», цалкам у інтэрнэт. Так робяць і многія іншыя выданьні. Уласна, асноўныя гульцы мэдыйнага рынку, калі казаць пра незалежныя, дык гэта ўвогуле інтэрнэт-выданьні.

Навумчык: Умацаваньне прэзыдэнцкай улады Лукашэнка пачаў са зьнішчэньня незалежнай прэсы, але неўзабаве ў Беларусь прыйшоў інтэрнэт, а крыху пазьней — і сацыяльныя сеткі. І цяпер мы маем магчымасьць прааналізаваць зусім сьвежыя ацэнкі Лукашэнкам сытуацыі, якія ён выказаў на ўрачыстасьцях з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасьці:

«Нам трэба будзе яшчэ шмат зрабіць у сфэры абароны свайго інфармацыйнага поля. Гэта адна з найважнейшых умоваў унутранай стабільнасьці, а значыць, і незалежнасьці...— „Сьвет бязь межаў“, але часам і безь маральных прынцыпаў шмат у чым фармуюць сёньня папулярныя крыніцы навінаў — інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, мэсэнджэры і іншае... На прыкладах асобных краін можна ўбачыць, як дэмантаж дзяржаў пачынаецца з хаосу ў галовах грамадзян, з ігнараваньня закону, з адмовы ад агульначалавечых нормаў жыцьця. Сфабрыкаваныя навіны, ілжывыя арыенціры сталі галоўнай і дзейснай зброяй сучаснасьці. Зь яе дапамогай зьнешнія гульцы ваююць чужымі розумамі і „узрываюць“ грамадзтва знутры».

Юры, у якой пазыцыі знаходзяцца ўлада Беларусі ў гэтай «інфармацыйнай вайне» са свабодным сьветам? І дзе сама Беларусь у індэксах свабоды слова, доступу да Інтэрнэту?

Дракахруст: Калі казаць пра новыя мэдыі, то Беларусь, як і па многіх іншых парамэтрах свабоды, знаходзіцца ў сытуацыі кепскай. Паводле рэйтынгаў арганізацыі Freedom House, якая адсочвае стан свабоды ў інтэрнэце, Беларусь — сярод краінаў зь несвабодным інтэрнэтам. Зь яе суседзяў несвабодны інтэрнэт таксама ў РФ, часткова свабодны — ва Ўкраіне, свабодны — у Літве, Латвіі і Польшчы.

Безумоўна, нельга сказаць, што Беларусь — гэта Паўночная Карэя, дзе інтэрнэт ёсьць толькі ў чальцоў палітбюро, гэта нават не Кітай зь яго «вялікім фаерволам», які фільтруе непажаданую ўладам інфармацыю.
Але кантроль, «прыгляд» — яны безумоўна ёсьць. І прамова, якую вы, Сяргей, цытавалі, яна была знакавай.Гэтая прамова тлумачыць шэраг крокаў, якія зрабіла новае кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі — гэта і блякаваньне «Партызана», і блякаваньне «Хартыі», гэта і новы закон аб СМІ.

Сама «Хартыя» прыводзіла лічбы, наколькі эфэктыўнай аказалася блякіроўка. Паводле парталу, у сьнежні летась, да пачатку блякіроўкі, у іх было 19 мільёнаў праглядаў, у сакавіку сёлета, пасьля блякіроўкі, колькасьць наведнікаў дасягнула каля 20 мільёнаў. Так, людзі абыходзяць блякіроўку, карыстаюцца ананімайзэрамі, але ня ўсе.

Дарэчы, цікава параўнаць маштабы падзеньня аўдыторыі з падзеньнем аўдыторыі сацыяльных сетак Вконтакте і Одноклассники ва Ўкраіне. Там аўдыторыя гэтых сетак зьменшылася прыкладна ўдвая, гэта сувымерна са зьмяншэньнем аўдыторыі «Хартыі».

Зразумела, пераважныя палітычныя погляды аматараў «Хартыі» зусім іншыя, супрацьлеглыя пераважным поглядам украінскіх аматараў расейскіх сацсетак, але эфэкт ад блякаваньня прыкладна аднолькавы.
Варта заўважыць, што ў Беларусі няма такіх магутных «фабрык троляў», як у Расеі. Гэтыя расейскія «фабрыкі» арыентаваныя найперш не на замежжа, не на заходнюю аўдыторыю, а на расейскую. На вялікіх беларускіх парталах на форумах фіксуюць і айчынных троляў, якія абараняюць лінію дзяржавы, але пераважная іх частка — гэта расейскія тролі, якія працуюць на беларускую аўдыторыю.

Мэсыдж тэлеканалаў да моладзі ў значнай ступені проста не даходзіць

У шырокім пляне для ўлады ў інфармацыйнай сфэры існуе праблема, якой не было 24 гады таму, калі Лукашэнка быў упершыню абраны прэзыдэнтам. За гэты час кардынальна зьмянілася структура інфармацыйнага спажываньня ўсяго насельніцтва, а асабліва моладзі.

Тады былі толькі тэлебачаньне, радыё і папяровыя газэты. І іх усе ўзроставыя групы спажывалі ў прыкладна аднолькавых прапорцыях. Цяпер сярод моладзі тэлебачаньне глядзіць значна меншая частка, чым сярод старэйшых пакаленьняў. Моладзь жыве ў інтэрнэце. Мэсыдж беларускіх і расейскіх тэлеканалаў да моладзі ў значнай ступені проста не даходзіць.

А ў інтэрнэце дзяржаўныя СМІ, якія там маюць сайты — «Советская Белоруссия», БТ, АНТ — істотна саступаюць недзяржаўным інтэрнэт-рэсурсам. Яна саступаюць і «Нашай ніве», і той самай «Хартыі» і, зразумела, «манбляну» інфармацыйнага байнэту — парталу TUT.BY. Беларускія дзяржаўныя СМІ ў інтэрнэце саступаюць, дарэчы, таксама і беларускаму сайту «Спутніка».

Навумчык: Такім чынам, можна сказаць, што на гэтым полі, у інтэрнэце, улады прайграюць?

Дракахруст: Скажам так, яны не выйграюць. Але з інтэрнэтам змагацца складаней, чым было ў свой час з папяровымі газэтамі. Калі толькі тупа ўсё не блякаваць і не будаваць фаервол, што мае высокую палітычную цану.

Калі казаць пра апошнія папраўкі ў закон аб СМІ, то гэта хутчэй кантроль, чым прамая цэнзура.

Як я ўжо сказаў, «Советскую Белоруссию» і БТ у інтэрнэце глядзіць адносна мала людзей. Пры гэтым у Беларусі велізарная аўдыторыя расейскіх інтэрнэт-выданьняў, рэсурсаў, сацыяльных сетак.

Барані Бог, каб не сурочыць, але можна закрыць сайт «Нашай нівы», можна закрыць TUT.BY. І што — іх аўдыторыя пераключыцца на «Советскую Белоруссию»? Не, яна пераключыцца ў яшчэ большай ступені, чым цяпер, на расейскія рэсурсы. І ўлады парадаксальным чынам цалкам страцяць кантроль за кантэнтам, які спажываюць беларусы.

І таму выбар беларускіх уладаў — гэта пераважна кантроль, а не забарона, гэта дамоклаў меч, які вісіць над Байнэтам. І рэдакцыі, уладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў атрымліваюць пасланьне: «Глядзіце на досьведзе „Хартыі“, што мы можам зрабіць і з вамі. А можам і не зрабіць».

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG