Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наведвальнасьць расейскіх сацсетак ва Ўкраіне ўпала ў 2-3 разы


Частка ўкраінцаў усё яшчэ карыстаюцца расейскімі сацсеткамі і сайтамі, забароненымі за агрэсіўную палітыку ў дачыненьні Ўкраіны, але ў лідэрах цяпер міжнародныя інтэрнэт-гіганты.

Праз восем месяцаў пасьля блякаваньня ва Ўкраіне расейскія сацыяльныя сеткі «ВКонтакте» і «Одноклассники», а таксама сэрвісы «Яндекс» і Mail.Ru Group па-ранейшаму ўтрымліваюцца ў топ-25 найбольш наведваных украінцамі інтэрнэт-рэсурсаў.

Паводле дасьледаваньняў кампаніі Kantar TNS Cmeter, vk.com з ахопам 33,93% заняў у студзені 10-е месца, yandex.ua з 24,65% — на 13-м месцы, mail.ru з 24,31% — на 14-м і odnoklassniki.ru з 19,03% — на 21-м месцы.

Дасьледчыкі адзначаюць, што пасьля блякаваньня наведвальнасьць гэтых інтэрнэт-рэсурсаў істотна скарацілася, але цяпер застаецца стабільнай. Гэта азначае, што ва Ўкраіне застаецца катэгорыя грамадзян, якія абыходзяць блякаваньне забароненых сайтаў.

«Да блякаваньня расейскіх інтэрнэт-рэсурсаў „ВКонтакте“ стабільна займаў трэцяе месца ў рэйтынгу папулярных сайтаў сярод украінцаў і быў найбольш папулярнай сацыяльнай сеткаю. „Одноклассники“ таксама рэгулярна ўваходзілі ў першую дзясятку. Пасьля першага месяца забароны ахоп гэтых сацсетак скараціўся ў два і больш разоў. У чэрвені „ВКонтакте“ выпаў зь першай дзясяткі, а „Одноклассники“ зьніклі з топ-25, бо тыя карыстальнікі, якія вырашылі не ўскладняць сабе жыцьцё vpn-сэрвісамі, пакінулі гэтыя сайты, іншыя працягваюць пасьпяхова імі карыстацца», — сказала Свабодзе кіраўнік праекта інтэрнэт-дасьледаванняў Kantar TNS CMeter Ганна Шахдзінаран.

Паводле яе, пазыцыі гэтых рэсурсаў на працягу апошняга паўгодзьдзя мяняюцца неістотна. Vk.com скача ў межах 10-га —11-га месцаў у рэйтынгу, «Одноклассники» займаюць пазыцыі ніжэй 20-кі. І ў найбліжэйшай будучыні «няма відавочных перадумоў для значнага павелічэньня або падзеньня ахопу гэтых рэсурсаў», мяркуе Шахдзінаран.

Цяпер ва Ўкраіне значна павялічалася колькасьць карыстальнікаў Google (1-е месца, 95,3% ахопу), Youtube (2-е месца з 83,4% ахопу) і Facebook (3-е месца, 68,58%). Павялічылася таксама папулярнасьць украінскіх сайтаў, якія прапаноўваюць фінансавыя і інфармацыйныя паслугі, а таксама куплі-продажу тавараў.

Летась Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны выступіла зь ініцыятывай блякаваньня расейскіх інтэрнэт-рэсурсаў. У траўні 2017 году гэтае рашэньне сваім указам зацьвердзіў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG