Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве траціны ўкраінцаў перасталі хадзіць на забароненыя расейскія сайты. 35% заходзяць на ВК, 22% — на «Одноклассники»


Паводле дасьледаваньня ўкраінскай кампаніі Factroom Group, каля траціны жыхароў Украіны працягваюць карыстацца забароненымі на тэрыторыі краіны расейскімі сэрвісамі кампаніяў Mail.ru Group і «Яндекс», перадае расейская газэта «Ведомости».

Як мінімум раз на месяц 35% інтэрнэт-карыстальнікаў з Украіны заходзяць на «ВКонтакте», 30% — на Mail.ru, 22% — на «Одноклассники» (усе тры належаць Mail.ru Group), яшчэ 33% — на сэрвісы «Яндекс». Паводле статыстыкі SimilarWeb, Украіна засталася для згаданых сайтаў другой краінай пасьля Расеі паводле памеру аўдыторыі.

Гэтыя зьвесткі ня тычацца тых карыстальнікаў, якія абыходзяць блякаваньні пры дапамозе сродкаў утойваньня свайго месцазнаходжаньня. Наадварот, зьвесткі атрыманыя пра ўкраінскія IP-адрасы. Ці адносяцца да падлічаных карыстальнікі з акупаванага Расеяй Крыму і тэрыторыяў, падкантрольных самаабвешчаным «ДНР» і «ЛНР», невядома.

Але паводле «Ведомостей», шэраг украінскіх правайдэраў блякуе доступ да расейскіх сэрвісаў толькі часткова: напрыклад, блякуецца галоўная старонка Yandex.ru, але не блякуецца пошта, навіны, надвор’е і служба выкліку таксі. Украінская паліцыя раней распавядала, што ёй пастаянна паступаюць скаргі ад карыстальнікаў на незаблякаваныя расейскія сэрвісы. Як кажуць апытаныя газэтай экспэрты, «забароненыя» кампаніі могуць пастаянна мяняць адрасы старонак, каб іх цяжка было заблякаваць.

Усяго ва Ўкраіне каля 21,6 млн актыўных карыстальнікаў інтэрнэту — 64,8% жыхароў краіны (у Беларусі на 2015 год было 67,3% інтэрнэт-карыстальнікаў, больш новых зьвестак няма). На момант блякаваньня «ВКонтакте» мела 27,6 млн акаўнтаў украінцаў, у «Одноклассниках» было 25,6 млн украінцаў.

Указ наконт блякаваньня расейскіх сэрвісаў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў 15 траўня. На тры гады таксама была падоўжаная забарона на трансьляцыю ва Ўкраіне расейскіх тэлеканалаў ды радыёстанцый — НТВ, «Наше радио», РенТВ ды холдынгу «Россия сегодня».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG