Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася яшчэ адно відэа, дзе харвацкі футбаліст Віда гукае «Слава Ўкраіне»


Зборная Харватыі сьвяткуе другі гол у гульні з Расеяй. Домагай Віда зьнізу
Зборная Харватыі сьвяткуе другі гол у гульні з Расеяй. Домагай Віда зьнізу

Харвацкі футбаліст ужо быў папярэджаны за відэа, дзе ён гукае «Слава Ўкраіне» пасьля перамогі ягонай зборнай над Расеяй. Другога чалавека ў кадры звольнілі са зборнай і аштрафавалі.

Бальканскія СМІ апублікавалі другое відэа, дзе абаронца зборнай Харватыі і былы гулец кіеўскага «Дынама» (2013–2018, цяпер у турэцкім «Бэшыкташы») Домагай Віда крычыць «Слава Ўкраіне».

Падобна, што цяперашняе відэа — запіс прыватнага відэазванка. Як яно апынулася ў публічным доступе, невядома. Таксама невядома, калі яно зробленае, але, мяркуючы па майцы на футбалісьце, падчас цяперашняга чэмпіянату сьвету.

На відэа Домагай Віда п’е піва ў кампаніі былога футбаліста, а цяпер работніка штабу зборнай Івіцы Оліча, з кімсьці абмяркоўвае футбол (перадае прывітаньне Ёвану). Ён крычыць «Слава Ўкраіне» і «Бялград, гары», сьпявае разам з Олічам.

Як адзначае сэрбскае выданьне Blic, фраза «Бялград, гары» адрасаваная, верагодна, не сталіцы Сэрбіі, а кіеўскай кавярні «Бялград», якой валодае сэрб на імя Ёван. Слова «гары», верагодна, значыць не літаральнае пажаданьне згарэць, а толькі пажаданьне добра бавіць час (як прастамоўнае «чаду!»).

Віда забіў другі гол у чвэрцьфінальным матчы Харватыі і Расеі, затым забіў у сэрыі пасьляматчавых пэнальці, у выніку якой харваты перамаглі і выйшлі ў паўфінал, а расейцы выбылі з хатняга чэмпіянату.

Пасьля той гульні ў сеціве зьявілася відэа, дзе Віда разам зь яшчэ адным былым футбалістам кіеўскага «Дынама» (2008–2015) і чальцом трэнэрскага штабу зборнай Харватыі Огненам Вукаевічам выгукае «Слава Ўкраіне», дадае «Гэта перамога для „Дынама“ і Ўкраіны... Наперад, Харватыя!»

За відэа Віда атрымаў папярэджаньне ад FIFA — вокліч зьлічылі «палітычнай заявай» (футбалісты гэта адмаўляюць — кажуць, падзяка за падтрымку з Украіны, дзе гулялі пяць сэзонаў). Футбольная фэдэрацыя Харватыі звольніла Вукаевіча і пазбавіла яго акрэдытацыі на чэмпіянаце, а FIFA ​аштрафавала на 15 тысяч швайцарскіх франкаў (15,1 тысячы даляраў ЗША).

Зборная Харватыі згуляе ў паўфінале чэмпіянату сьвету з камандай Ангельшчыны заўтра, 11 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG