Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: напярэдадні саміту Крэмль нацэліўся на Радыё Свабода


Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў «выбарачнае нацэльванне» расейскіх уладаў на Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL). Ціск на мэдыякарпарацыю адбываецца напярэдадні расейска-амэрыканскага саміту, прызначанага на 16 ліпеня.

5 ліпеня суд у Маскве пастанавіў аштрафаваць мэдыякарпарацыю Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода на 100 тысяч рублёў паводле пазову Міністэрства юстыцыі Расеі — за «непадаваньне органам дзяржаўнай улады фінансавай інфармацыі, якая вынікае з абавязкаў няўрадавай арганізацыі, што выконвае функцыі замежнага агента».

Закон «аб замежных агентах» быў ужыты толькі да мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) — некамэрцыйнай арганізацыі, якая фінансуецца Кангрэсам ЗША, і да «Голасу Амэрыкі» (VOA).

Выканаўчы дырэктар амэрыканскай Рады кіраўнікоў вяшчаньня (BBG) Джон Лэнсінг, камэнтуючы гэтае рашэньне 6 ліпеня, заявіў, што яно «ня можа быць інтэрпрэтавана інакш як атака на незалежныя мэдыі, якія працуюць у інтарэсах расейскай аўдыторыі».

Джон Лэнсінг
Джон Лэнсінг

На думку прэзыдэнта РСЭ/РС Тома Кента, закон «аб СМІ-замежных агентах», які ўступіў у сілу ў сьнежні летась, ад пачатку ставіў перад сабой палітычныя мэты.

«З усіх замежных сродкаў масавай інфармацыі, якія працуюць у Расеі, толькі СМІ, фінансаваньне якіх ажыцьцяўляецца на падставе грантаў Кангрэсу ЗША, надзеленыя статусам „замежных агентаў“. Толькі гэтыя СМІ сталі абʼектам заблытаных і невыразных патрабаваньняў расейскага закону. Мы разглядаем гэты закон, як накіраваны выключна супраць нас. Законы ЗША гарантуюць рэдакцыйную незалежнасьць нашай карпарацыі. Любыя здагадкі аб тым, што РСЭ/РС зьяўляецца агентам якога-небудзь ураду, зьяўляюцца ілжывымі. Такія здагадкі ўжо адбіліся на нашых магчымасьцях працаваць у Расеі, яны ўяўляюць сабой пагрозу для нашых супрацоўнікаў у Расеі».

Том Кент
Том Кент

Улады абвінавачваюць Радыё Свабода ў спробах падарваць палітычную сыстэму Расеі

На працягу апошняга году афіцыйныя расейскія прадстаўнікі і зьвязаныя з Крамлём сродкі масавай інфармацыі абвінавачваюць мэдыякарпарацыю РСЭ/РС і «Голас Амэрыкі» ў спробах падарваць палітычную сыстэму Расеі.

Карэспандэнт РСЭ/РС у анэксаваным Расеяй Крыме Мікалай Семяна ў верасьні 2017 году быў прыгавораны да ўмоўнага тэрміну зьняволеньня за «заклікі да сэпаратызму». Іншы пазаштатны супрацоўнік карпарацыі, Станіслаў Асаеў, каля году знаходзіцца пад вартай у зьняволеньні ў сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны паводле абвінавачваньняў у шпіянажы.

Карэспандэнты Расейскай службы Радыё Свабода летам мінулага году сталі ахвярамі нападу падчас выкананьня рэдакцыйнага заданьня ў Краснадарскім краі. У чэрвені 2018 году расейскія прадстаўнікі запатрабавалі выдаленьня з аднаго з сайтаў РСЭ/РС двух публікацыяў, адна зь якіх распавядала пра катаваньні затрыманых у паліцыі на тэрыторыі Чачні.

І раней расейскія ўлады выкарыстоўвалі юрыдычныя мэханізмы для таго, каб абцяжарыць дзейнасьць РСЭ/ РС. У пачатку 2000-х гадоў рэгіянальныя радыёстанцыі, якія рэтрансьлявалі Радыё Свабода, былі абвінавачаныя ў невыкананьні правілаў пажарнай бясьпекі і фінансавых парушэньнях. Партнэрская сетка, якая ўключала ў сябе каля 35 радыёстанцыяў, у выніку была разбураная. З 2012 году Радыё Свабода пазбаўленая магчымасьцяў эфірнага вяшчаньня на тэрыторыі Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG